Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ўсе ў пагонах сволачы і зьвяры», — былы намесьнік кіраўніка «Алмазу» аб пратэстах і гібелі Бандарэнкі


Палкоўнік у адстаўцы, былы намесьнік кіраўніка «Алмазу» Андрэй Кітоў

Палкоўнік у адстаўцы Андрэй Кітоў, былы камандзір атраду спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы, былы намесьнік начальніка антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС «Алмаз», у размове са Свабодай расказвае пра настроі вэтэранаў спэцназу, пра свае ўражаньні ад мірных маршаў і стаўленьне да гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў, а таксама тлумачыць, чаму крытычна паставіўся да інтэрвію былога спэцназаўца Ігара Макара.

Размова адбывалася, калі яшчэ не было вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі. 13 лістапада ў камэнтары для Свабоды Андрэй Кітоў сказаў: «Ягоная сьмерць — трагедыя, і трагедыя не аднаго чалавека, а цэлага народу. Гэта асабліва моцны ўдар па байцах той самай часткі 3214, у якой ён служыў».

Глядзіце размову на відэа.

Асноўныя тэзісы

Сьцісла

  • Няважна хто зь якога падразьдзяленьня, калі ён жорстка зьбівае чалавека бяз зброі, бязьвіннага, то ён зьвер.
  • Я хачу, каб людзі ў пагонах думалі найперш пра свой абавязак і сваю годнасьць, сваю краіну і сваю сямʼю.
  • Я трапіў на аграмадны марш, які ішоў ад стэлы ў бок Нямігі. Я ня бачыў пʼяных, хуліганаў. Гэта было прыгожа, выклікала вялізарную павагу да людзей, якія могуць сказаць — я грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Пра жорсткасьць сілавікоў

Не заўсёды і не ва ўсім усе мерапрыемствы, якія праводзяцца грамадзянамі, носяць мірны характар. Былі выпадкі нападу на супрацоўнікаў. Але пры ўсім гэтым большая частка ўсіх мерапрыемстваў носіць мірны характар. Сілавікі выконваюць тую задачу, якую перад імі ставяць. Можна крытычна паглядзець на асобныя выпадкі жорсткасьці. Гэта яўнае парушэньне асобных людзей, а ня тое, што ўсе сілавікі зьяўляюцца людзьмі, якія жадаюць жорстка падавіць уласны народ. Ёсьць асобныя выпадкі, якія я б назваў злачыннымі дзеяньнямі. Але ніхто ня мае права называць чалавека злачынцам, акрамя суду, пры ўмове, што суд будзе абʼектыўны. Жорсткасьць не апраўдвае ніхто, ні самі сілавікі, і, натуральна, ні народ, супраць якога яна была праяўленая.

Пра інтэрвію былога спэцназаўца Ігара Макара

У любым вайсковым калектыве, сілавой структуры ёсьць такі панятак, як карпаратыўнасьць, братэрства па зброі, братэрства па крыві. Нават сыходзячы на пэнсію, мы застаёмся братамі. Мы спрабуем кантактаваць з тымі, хто нам на зьмену прыйшоў, хваравіта ўспрымаем няўдачы і радуемся посьпехам. Стала модным ганіць тое ці іншае сілавое ведамства.

Ігар Макар некалі быў нашым саслужыўцам, не называю таварышам. У «Алмазе» як спартовец і як баец нядрэнна сябе зарэкамэндаваў, але маральна ён не адпавядаў абліччу байца спэцпадразьдзяленьня. Яго здрадніцтва ў тым, што ён называе прозьвішчы людзей, зь якімі служыў, называючы іх сябрамі. Я маю на ўвазе цяперашняга кіраўніка службы бясьпекі прэзыдэнта. І ён не называе сябе галоўным віноўнікам таго, што ён сышоў. Ён павярхоўна выхоплівае фрагмэнты, спрабуючы стварыць вобраз добрай інфармаванасьці, спрабуе ацэньваць, хто цяпер дзейнічае ў Менску.

Ён расказвае, што ў турме яны праганялі вязьняў праз шарэнгі з дубінкамі. Я б назваў гэта пляўком у душу калектыву і выкананьнем палітычнага заказу, таму што ніколі такога не было. І пасьля гэтага ён сабе супярэчыць, калі кажа, што ў нас закон — жорстка затрымалі, і далей не чапаем. У «Алмазе» быў спакон веку закон — затрымалі, зафіксавалі, і больш яго ніхто не чапае. Гэта жорсткае правіла. За гэта маглі аддаць пад суд.

Пра жорсткасьць, выкліканую пэўнымі ўмовамі

На жаль, ёсьць факты, калі нехта перавышае свае паўнамоцтвы, ёсьць факты, якія гавораць пра тое, што былі зьдзекі. Дзясятак, нават сотня паршывых авечак можа сапсаваць уражаньне аб усім, аб тых міліцыянтах, якія павінны абараняць народ, аб Узброеных сілах, якія павінны стаяць на абароне дзяржавы. Людзей кінулі ў палітычную мясарубку. І нехта праявіў сябе ня зь лепшага боку. Сустракаюцца асобныя нягоднікі, якія праявілі сябе проста агідна ва ўмовах, калі вялікая колькасьць людзей, затрыманьняў. Судзьдзя ім — Беларусь. Я думаю, што людзі, якія перавысілі паўнамоцтвы, перайшлі рысу закону, гуманізму і нармальнага чалавечага стаўленьня, усе яны калі-небудзь панясуць адказнасьць.

Цяпер мірны час, калі адбываюцца пэўныя катаклізмы, якія супрацьпаставілі адных людзей іншым. І нехта праявіў жорсткасьць, якая ня можа нават суадносіцца з такім паняткам, як чалавек у пагонах, афіцэр, абаронца народу і Айчыны.

Няважна, хто зь якога падразьдзяленьня. Калі ён жорстка зьбівае чалавека бяз зброі, бязьвіннага, то ён зьвер. А калі ён паводзіць сябе годна, выконваючы загад... Загад павінен быць выкананы. Мы ўсе ведаем законы, годнасьць і чалавечыя адносіны. Чалавек пад 2 мэтры ростам з дубінкай, які бʼе дзяўчыну ці бабулю, дзе б ён ні служыў, гэта жывёла.

Псыхалёгія жорсткасьці, экспэрымэнт Стэнфардзкага ўнівэрсытэту сьведчаць пра тое, што калі людзей кідаюць у пэўныя ўмовы, пачынае праяўляцца ня самае лепшае. Але гэта не гаворыць пра тое, што ўсе людзі, якія носяць форму і пагоны — сволачы і зьвяры. Не. Я хачу, каб людзі ў пагонах думалі найперш пра свой абавязак і сваю годнасьць, сваю краіну і сваю сямʼю.

Мы, вэтэраны, ведаем, што мы служылі сумленна і не заплямілі сваю годнасьць, і я ўпэўнены, што ў гэтых хлопцаў, якія служаць цяпер, ёсьць магчымасьць быць сумленнымі. Я ведаю, што людзі, якія служаць, ня хочуць, каб на тэрыторыі нашай краіны гучалі стрэлы, хай і сьвятлашумавыя.

Пра мірны пратэст

Некалькі разоў трапляў у сытуацыю, дзе я перасякаўся зь людзьмі на мірных пратэстах. Я прыехаў у Менск са сваёй вёскі і трапіў на аграмадны марш, які ішоў ад стэлы ў бок Нямігі. Я ня бачыў пʼяных, хуліганаў. Людзі паводзілі сябе вельмі карэктна, выкідвалі сьмецьце ў пакеты, паміж сабой былі вельмі добразычлівыя. Прытым супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія стаялі на скрыжаваньнях, таксама былі карэктнымі на гэты момант. Дзе не хапала супрацоўнікаў ДАІ, людзі самі разрульвалі, прапускалі машыны, пешаходаў. Гэта было прыгожа, выклікала вялізарную павагу да людзей, якія могуць сказаць — я грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG