Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей забіваюць, катуюць, а Сьледчы камітэт займаецца мной». Ксяндза выклікалі ў СК за канал на YouTube


Вячаслаў Барок, архіўнае фота

Ксёндз Вячаслаў Барок 12 лістапада быў выкліканы ў Расонскі раённы аддзел Сьледчага камітэту ў якасьці сьведкі для тлумачэньняў наконт ютуб-канала, які ксёндз вядзе ад пачатку гэтага году. Позву прывезьлі ўчора ўвечары.

Ксёндз Вячаслаў паведаміў Свабодзе, што ніякіх дакумэнтаў ён ня бачыў, але яму сказалі, што «праверку ініцыявала расонская пракуратура» згодна з 174-м артыкулам Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Яму паведамілі, што будзе праведзена лінгвістычная экспэртыза ягоных выступаў на ютуб-канале. На стале ў аддзеле ён бачыў раздрукоўку сваёй апошняй прамовы.

Ксёндз Вячаслаў кажа, што не парушае ніякіх законаў, прапаведуе Слова Божае і называе зло па імені. Таму ва ўладаў няма ніякіх падставаў забараніць гаварыць на ютуб-канале тое, што ён думае.

«У ютуб-канале я прапаведую Слова Божае, дзялюся сваімі думкамі, застаючыся ў рамках афіцыйнага вучэньня Каталіцкага касьцёла, сярод іншага гаворачы пра сацыяльнае вучэньне Касьцёла, дапасоўваючы таксама да тых падзей і беззаконьня, якое дзеецца ў нашай краіне цягам апошніх месяцаў», — сказаў ксёндз.

Ён падаў у Сьледчы камітэт свае пісьмовыя тлумачэньні і напісаў, між іншым, што карыстаецца інтэрнэтам, каб прапаведаваць Слова Божае, як раіў папа Францішак.

«Я пісаў таксама аб тым, што, прапаведуючы Слова Божае і закранаючы сацыяльныя праблемы, я заўважыў, што весьці ютуб-канал у Рэспубліцы Беларусь — гэта „хлопотное дельце“. Але сьвятар не павінен абмінаць гэтыя сацыяльныя праблемы, а наадварот, рэагаваць на іх. Таксама я сказаў, што ніякіх інструкцый з Варшавы на развал Рэспублікі Беларусь я не атрымліваў».

«Я супраць фашызму і камунізму»

У Сьледчым камітэце ў ксяндза Вячаслава спыталіся, чаму ў ягоным Інстаграме ў жніўні зьявілася адна з працаў мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм!», дзе ёсьць выява савецкага герба і свастыкі. Ксёндз патлумачыў, што гэта мастацкі твор і што ён, Вячаслаў Барок, — не мастацкі крытык, каб пра яго выказвацца.

«Ня ведаю, што хацелі пачуць пра гэтую працу, — кажа ён. — Пра герб Беларусі я пісьмова выказаўся, што найбліжэйшым і найбольш родным гербам ёсьць Пагоня, якая мае гісторыю, большую за пяць стагодзьдзяў. Апроч таго, я супраць фашызму і камунізму. Каталіцкі касьцёл катэгарычна перакрэсьліў гэтыя таталітарныя вучэньні ў адпаведных энцыкліках. Таму я выступаю супраць гэтых вучэньняў. Фашызм быў асуджаны ў сьвеце падчас Нюрнбэрскага працэсу, а камунізм дагэтуль ня быў асуджаны. Таму я дамагаюся таксама ў сваіх выказваньнях, каб злачынствы камунізму былі асуджаныя».

«Чаму пракуратура і Сьледчы камітэт прысьвячаюць час маёй асобе?»

Размова з ксяндзом Вячаславам у Расонскім раённым аддзеле Сьледчага камітэту доўжылася 1 гадзіну 45 хвілін.

«Я спрабаваў спытацца, чаму ў той час, калі ў Беларусі столькі нераскрытых злачынстваў, калі мы сьведкі рэпрэсій супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь; калі мы бачым, як людзей б’юць, катуюць, нават расстрэльваюць, — чаму мы не зьяўляемся сьведкамі пачатку крымінальных спраў і чаму Сьледчы камітэт займаецца мной?

Чаму пракуратура і Сьледчы камітэт прысьвячаюць час маёй асобе і маім выказваньням, дзе няма ніякай крамолы і крыміналу, калі яны ігнаруюць адкрытыя заявы былога міністра Караева, што гэта ён вінаваты ў зьбіваньні і катаваньні грамадзян 9–11 жніўня?

Альбо калі Лукашэнка казаў, што ён аддаваў загады на разгон мірных дэманстрантаў, калі білі людзей і было шмат пакалечаных?

Там, дзе людзі прызнаюцца ў крымінале і адказнасьці, там Сьледчага камітэту няма. А вось праверыць расонскага ксяндза знаходзяцца час і рэсурсы. Для мяне гэта дзіўна. Я гэтыя пытаньні задаваў, але адказу не было».

Ксёндз Вячаслаў сказаў, што будзе працягваць свае казані на ютуб-канале.

«Пакуль я сьвятар, я павінен выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для таго, каб несьці сацыяльнае вучэньне Касьцёла ў сьвет».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG