Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камала Гарыс: ад «каляровай» дачкі эмігрантаў да віцэ-прэзыдэнта ЗША


Камала Гарыс
Камала Гарыс

Выбар каліфарнійскай сэнатаркі Камалы Гарыс на ролю віцэ-прэзыдэнта ў камандзе Джо Байдэна быў невідавочным. Гарыс, якая таксама балятавалася ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, на пачатковых стадыях прэзыдэнцкай гонкі жорстка крытыкавала пазыцыю Байдэна з нагоды адной з школьных праграм.

У рамках згаданай праграмы таленавітых дзяцей – прадстаўнікоў расавых меншасьцяў зь бедных раёнаў кожны дзень вазілі ў лепшыя якасьцю навучаньня школы зь пераважна белымі вучнямі, каб даць ім шанец атрымаць добрую адукацыю і выбіцца ў людзі.

Быўшы сэнатарам ад Дэлавэр у 1970-х, Байдэн выступаў супраць гэтай спробы ўраду зрабіць дзяржаўныя школы больш «зьмяшанымі» і расава разнастайнымі. Ён называў канцэпцыю «дурной». Прамова Гарыс з крытыкай яго словаў стала віруснай.

«У Каліфорніі была маленькая дзяўчынка. Яна хадзіла ў другую клясу ў дзяржаўнай школе, у якой была такая праграма інтэграцыі. І яе вазілі ў іншую школу на аўтобусе кожны дзень. Гэтай маленькай дзяўчынкай была я», — адказала Гарыс Байдэну падчас дэбатаў у чэрвені 2019 году.

Тым ня менш пасьля шматмесячнага пошуку віцэ-прэзыдэнта Байдэн, які сказаў, што хацеў выбраць жанчын, спыніў свой выбар менавіта на Гарыс. Яна стала першай жанчынай – прадстаўніцай расавых меншасьцяў, чыё імя было ўпісанае ў бюлетэнь на выбарах прэзыдэнта.

Постаць Камалы Гарыс прадстаўляе вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода Тод Прынс.

Дачка імігрантаў

Камала Дэві Гарыс нарадзілася 20 кастрычніка 1964 году ў Оклэндзе, штат Каліфорнія, у пэрыяд міжрасавых хваляваньняў у ЗША.

Яе маці, Шамала Гопалан, была біёлягам. Яна эмігравала ў ЗША за некалькі гадоў да нараджэньня дачкі дзеля вучобы ў прэстыжным Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі.

Яе бацька, Дональд Гарыс, эміграваў у Каліфорнію зь Ямайкі ў 1961 годзе, каб вывучаць эканоміку ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі. Пазьней ён стаў прафэсарам у Стэнфардзе, адным зь вядучых унівэрсытэтаў ЗША.

Бацькі Гарыс пазнаёміліся, быўшы актывістамі ў Бэрклі. Акрамя Камалы, яны маюць дачку Маю. Празь некалькі гадоў пасьля вясельля бацькі Гарыс разьвяліся.

Маці Гарыс не была багатай, і ў дзяцінстве Камалу сапраўды вазілі на аўтобусе ў школу з раёну, дзе ёй даводзілася жыць, у іншы, пераважна белы і багаты. Празь нейкі час разам з маці і сястрой Камала пераехала ў Канаду.

Гарыс вярнулася ў ЗША ўжо ў юнацтве — для навучаньня ў Говардзкім унівэрсытэце. Ён разьмешчаны ў Вашынгтоне, і гістарычна ў ім вучыліся ў асноўным афраамэрыканцы. Яна спэцыялізавалася на паліталёгіі і эканоміцы. Пазьней яна вывучала права ва Ўнівэрсытэце Каліфорніі, які закончыла ў 1989 годзе.

У 2014 годзе Гарыс выйшла замуж за амэрыканскага юрыста Дагласа Эмгафа і выхоўвае яго дарослых сыноў і дачку ад першага шлюбу.

Жорсткі пракурор

Гарыс набыла вядомасьць сярод юрыстаў Каліфорніі, і ў 2003 годзе яе выбралі акруговым пракурорам Сан-Францыска. Праз год яе раскрытыкуюць прадстаўнікі праваахоўных органаў: Гарыс адмовіцца дамагацца сьмяротнага пакараньня для ўдзельніка банды, абвінавачанага ў забойстве паліцыянта.

Усе сем гадоў на пасадзе акруговага пракурора Сан-Францыска (з 2004 па 2011 год) Гарыс вяла жорсткую барацьбу са злачыннасьцю. За гэтыя гады павялічылася колькасьць абвінаваўчых прысудаў за цяжкія злачынствы і злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі.

У асноўным яе дасягненьні ў барацьбе са злачыннасьцю дазволілі ёй перамагчы на выбарах генэральнага пракурора Каліфорніі ў 2010 годзе.

Адна зь яе канкурэнтак на пасаду кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі, Тулсі Габард, пазьней раскрытыкавала Гарыс за вялікую колькасьць людзей, пасаджаных у турму за захоўваньне марыхуаны. Гарыс сапраўды жорстка змагалася з нарказлачыннасьцю ў штаце, нягледзячы на тое, што сама неяк прызналася ў тым, што спрабавала наркотык.

З тых часоў рэкрэацыйнае выкарыстаньне марыхуаны легалізавалі ў Каліфорніі. Першапачаткова Гарыс выступала супраць гэтай ідэі, але ў канчатковым выніку выказалася ў падтрымку дэкрыміналізацыі канабісу.

Палітычныя погляды

Гарыс, 56-гадовы былы генпракурор Каліфорніі, у асноўным падтрымлівае палітыку памяркоўнага крыла Дэмакратычнай партыі, якое прадстаўляе Байдэн. Але яе пазыцыя па праблемах, зьвязаных з наркотыкамі і злачыннасьцю, нярэдка абурала палітыкаў і зь лібэральнымі, і з памяркоўнымі поглядамі.

Зьмяшанае этнічнае паходжаньне сыграла Гарыс на руку ў пэрыяд абвастрэньня расавых праблем у ЗША. За шэсьць гадоў, якія яна правяла на пасадзе генпракурора самага населенага штату краіны, у 2013 і 2014 гадах у ЗША прайшлі масавыя расавыя пратэсты з прычыны ўжываньня зброі паліцыяй. Пратэстоўцы патрабавалі рэформаў.

Гарыс прапанавала супрацоўнікам праваахоўных органаў прайсьці трэнінгі для барацьбы са скрытымі расавымі забабонамі. Але яна адмовілася падтрымліваць абавязковае выкарыстаньне нацельных камэраў, якія могуць дапамагчы высьветліць, ці апраўдана паліцыянт ужыў сілу.

Яе таксама крытыкавалі прагрэсіўныя дэмакраты, калі яна не падтрымала законапраект, які б абавязаў яе офіс, Генпракуратуру, расьсьледаваць ужываньне сілы паліцыяй.

Праблема расізму была адной з асноўных падчас прэзыдэнцкай кампаніі – 2020 з увагі на маштабныя пратэсты Black Lives Matter і патрабаваньні рэфармаваць праваахоўныя органы. Пасьля страляніны ў Мінэсоце ў траўні 2020 году Гарыс паспрабавала збалянсаваць сваю пазыцыю. Яна заявіла, што краіна павінна «пераасэнсаваць» грамадзкую бясьпеку, але адкрыта не падтрымала патрабаваньні некаторых дэмакратаў паменшыць фінансаваньне паліцыі.

Праца ў Сэнаце і пляны на будучыню

Гарыс выбралі ў Сэнат ЗША ў лістападзе 2016 году. Яна стала ўсяго толькі другой чорнай жанчынай у гісторыі ЗША, якая заняла месца ў гэтай палаце Кангрэсу.

У Сэнаце Гарыс стала вядомай дзякуючы жорсткім пытаньням, якія яна задавала чальцам каманды прэзыдэнта Дональда Трампа, асабліва генэральным пракурорам Джэфу Сэшнсу і Ўільяму Бару, а таксама кандыдату на пасаду вярхоўнага судзьдзі Брэту Кавана.

Рэспубліканцы спрабавалі паставіць на Гарыс таўро «радыкальнага» чальца Дэмакратычнай партыі. У якасьці прыкладу яны паказвалі на тое, што яна выступае супраць выкарыстаньня мэтаду гідраўлічнага разрыву пласту для здабычы нафты і газу. Рэспубліканцы таксама бяздоказна сьцьвярджалі, што менавіта Гарыс, а ня Байдэн, будзе кіраваць Белым домам пасьля ўступленьня на пасаду, паставіўшы пад сумнеў разумовыя здольнасьці Байдэна (таксама бяздоказна).

Аднак ня будзе нічога дзіўнага ў тым, што Гарыс будзе балятавацца на пост прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі ў 2024 годзе, калі Байдэн, якому ў гэтым месяцы споўніцца 78, адмовіцца ад перавыбраньня праз чатыры гады.

З 1950-х гадоў пяць былых віцэ-прэзыдэнтаў станавіліся кандыдатамі на пасаду кіраўніка краіны: Рычард Ніксан, Уолтэр Мондэйл, Джордж Буш-старэйшы, Альбэрт Гор і Джо Байдэн. Ніксан, Буш і Байдэн перамаглі на выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG