Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньні партыям, якія не падалі сьпісы сваіх сяброў


Пікет Партыі БНФ. Архіўнае фота
Пікет Партыі БНФ. Архіўнае фота

Якіх партыяў гэта датычыць, ведамства не называе.

Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджаньні пэўным палітычным партыям, бо яны не падалі ведамству інфармацыю аб колькасьці сяброў і арганізацыйных структурах.

Міністэрства юстыцыі 7 і 8 кастрычніка паслала палітычным партыям «лісты аб прадстаўленьні інфармацыі і дакумэнтаў адносна пэрсанальнай колькасьці, колькасьці арганізацыйных структураў і колькасьці сяброў, а таксама інфармацыі аб органах арганізацыйных структураў палітычнай партыі», — пішуць на міністэрскім сайце.

Міністэрства прапанавала партыям пералічыць сяброў, а таксама прывесьці дзейнасьць іхных структураў у адпаведнасьць з статутамі. Праўда, якіх партыяў гэта датычыць, не сказала.

«На сёньня шэраг палітычных партыяў падаў запатрабаваную рэгістрацыйным органам інфармацыю. Некаторыя ж выканаць законнае патрабаваньне Міністэрства юстыцыі адмовіліся, у сувязі з чым ім вынесены пісьмовыя папярэджаньні», — паінфармавалі ў міністэрстве.

Міністэрства папярэдзіла партыі, якія не далі інфармацыю, што калі яны ня выправяць парушэньні, то адкажуць іначай.

Кастусёў: Гэта рэакцыя на заяву партыяў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў Свабодзе, што гэтая партыя раней накіравала дакумэнты пра свае арганізацыйныя структуры, але не пасылала сьпісы сябраў. Ліст зь міністэрства ў партыю пакуль не прыйшоў.

Рыгор Кастусёў не сумняецца, што дзеяньні Міністэрства юстыцыі прадыктаваныя толькі адным жаданьнем — узяць людзей на кантроль.

«Гэта стала рэакцыяй на падпісаньне 10 верасьня супольнай заявы пра неабходнасьць спыніць гвалт, расьсьледаваць факты пабіцьця мірных грамадзянаў і ўрэгуляваць канфлікт шляхам дыялёгу.

Лукашэнка загадаў перарэгістраваць партыі, якія нібыта „парушаюць свае статуты“. Натуральна, мы асуджаем перасьлед за акрэсьленую пазыцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне. Гэта можа прывесьці да поўнага зьнішчэньня палітычнага руху. Таму прапануем Міністэрству юстыцыі арганізаваць сустрэчу для абмеркаваньня сытуацыі».

Барысаў: Гэта як перадаць расстрэльныя сьпісы ў НКВД

У кастрычніку лідэры пяці апазыцыйных партыяў Беларусі агучылі супольную пазыцыю што да праверкі іхнай дзейнасьці Міністэрствам юстыцыі.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў нагадаў, што Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці зарэгістраваных палітычных партыяў і загадала даць інфармацыю аб структуры і пэрсанальнай колькасьці сяброў з пацьвярджальнымі дакумэнтамі — пайменным сьпісам, пратаколамі, статутам.

У сёньняшніх умовах абнародаваць пэрсанальныя зьвесткі сябраў апазыцыйных партыяў аналягічна перадачы расстрэльных сьпісаў у НКВД, заявіў палітык.

Паводле яго, у дзейным законе «Аб палітычных партыях» няма і паняцьця «перарэгістрацыя палітычнай партыі», і неабходнасьці перадаваць некуды сьпісы. Абавязкова пазначаць партыйнасьць трэба толькі ў трох выпадках: пры вылучэньні кандыдатам у дэпутаты ад партыі, у выбарчыя камісіі розных узроўняў і пры абраньні ў склад кіраўніцтва і рэвізійную камісію на мясцовым і нацыянальным узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG