Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробная помста. Навошта Лукашэнка загадаў стварыць прафсаюзы ў прыватных кампаніях


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота.

Лукашэнка запатрабаваў да канца году стварыць прафсаюзныя арганізацыі афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў (ФПБ) ва ўсіх недзяржаўных кампаніях. Палітоляг Валер Карбалевіч разважае, навошта ён гэта зрабіў.

Падчас сустрэчы са старшынём ФПБ Міхаілам Ордам Лукашэнка заявіў:

«Калі толькі да канца году прыватныя прадпрыемствы ня створаць па вашых патрабаваньнях прафсаюзныя арганізацыі, яны будуць ліквідаваныя... Жартаваць мы ня будзем больш. Мы бачым, як некаторыя сябе павялі і ўзялі курс на зьнішчэньне дзяржавы. Хочаш быць членам прафсаюзу — будзь, ня хочаш — калі ласка. Але ў кожнай кампаніі, прыватнай і дзяржаўнай, павінна быць прафсаюзная арганізацыя».

Такім чынам, прафсаюзныя арганізацыі будуць стварацца ў прыватных кампаніях у прымусовым парадку. Неяк няёмка казаць, што гэта парушэньне закону, бо ўступленьне ў прафсаюз — справа добраахвотная.

Але спасылацца на закон у сёньняшняй Беларусі недарэчна. Аддаючы такі загад, Лукашэнка не хавае, што ФПБ — гэта дэ-факта дзяржаўная арганізацыя, якая да сапраўдных прафсаюзаў ня мае дачыненьня.

Усеагульны ахоп працоўнага насельніцтва — прыкмета карпаратыўнай дзяржавы. Кшталту такой, як Італія часоў Мусаліні.

Але галоўнае пытаньне, якое ўзьнікае з нагоды гэтага загаду: навошта?

Прадэманстраваць клопат дзяржавы аб працоўных правах найманых работнікаў, якіх эксплюатуюць «пузатыя буржуі»? Наўрад ці гэта ўзрадуе тых самых найманых работнікаў. Тым больш што ФПБ — гэта карыкатура на прафсаюз, і ўсе гэта ведаюць.

Каб ажыцьцяўляць кантроль з боку ФПБ за прыватнымі кампаніямі? Наўрад ці. Бо створаныя сілавым шляхам прафсаюзныя арганізацыі будуць больш ляяльныя свайму гаспадару і працадаўцу, чым гэтай казённай структуры.

Хутчэй, у чыста практычным сэнсе, тут ставяцца дзьве задачы. Па-першае, падсілкаваць ФПБ прафсаюзнымі ўнёскамі. Цяпер шмат на якіх дзяржпрадпрыемствах частка работнікаў выйшла з ФПБ. У выніку зьнізілася папаўненьне бюджэту Фэдэрацыі. Таму вырашылі, што няхай прыватны бізнэс падтрымае дзяржаўныя прафсаюзы. Хоць якая карысьць.

Другую задачу сфармуляваў Лукашэнка. Паводле ягоных словаў, некаторыя прыватныя кампаніі павялі сябе няправільна і выступілі супраць існага рэжыму. Дык вось такім чынам Лукашэнка вырашыў ім адпомсьціць. Паколькі ахвотных ствараць дзяржаўны прафсаюз там наўрад ці знойдуць, то «буржуям» давядзецца ствараць такія ячэйкі штучна і нават, магчыма, плаціць прафсаюзныя ўнёскі з свайго прыбытку. Хоць і дробная помста, а прыемна.

Увогуле, цяпер мы бачым, што любая новая заява ці новае дзеяньне Лукашэнкі — гэта дадатковы раздражняльнік для і так наэлектрызаванага грамадзтва. Ён пастаянна падлівае алею ў вогнішча, а потым тушыць яго з дапамогай АМАП. Такі азарт паляўнічага. Здаецца, гэта галоўнае, што яго цяпер цікавіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG