Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра які мір дамовіліся Азэрбайджан, Армэнія і Расея. Экспэрты — пра сытуацыю ў Нагорным Карабаху


Ілюстрацыйнае фота

Армэнія і Азэрбайджан праз пасярэдніцтва Расеі падпісалі дамову аб спыненьні баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху. У Ерэване ўспрынялі гэтае рашэньне як здраду, пратэстоўцы захапілі будынкі ўраду і парлямэнту. На вуліцах Баку падпісаньне дакумэнту сустрэлі з радасьцю.

З Расеі ў Нагорны Карабах ужо вылецелі 10 самалётаў Іл-76 вайскова-транспартнай авіяцыі з расейскімі міратворцамі на борце. Паводле дамоўленасьцяў, у Карабаху будуць дысьлякаваныя 1960 расейскіх вайскоўцаў, 90 бронетранспартэраў, 380 адзінак аўтамабільнай і спэцыяльнай тэхнікі.

А прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што ў Нагорным Карабаху будзе разгорнутая сумесная міратворчая місія з вайскоўцаў ня толькі Расеі, але і Турэччыны.

Пра тое, што азначае заключанае мірнае пагадненьне, расказалі ў інтэрвію «Настоящему времени» расейскі і ўкраінскі экспэрты.

Палітоляг Аркадзь Дубноў

— Хто выйграў ад гэтага мірнага пагадненьня?

— Я думаю, што выйгралі тыя, хто дакладна цяпер ведае, што ахвяр на полі вайны ў Карабаху больш не павінна быць. Тысячы і тысячы маладых хлопцаў і ня вельмі маладых рэзэрвістаў загінулі за цалкам невыноснае для XXI стагодзьдзя спаборніцтва сьцягоў.

— Фармальна кажучы, перамог Азэрбайджан разам з Турэччынай пры магчымай падтрымцы замежных наймітаў.

— Так, фармальна кажучы, перамог Азэрбайджан разам з Турэччынай пры магчымай падтрымцы замежных наймітаў, здолеўшы зламаць супраціў армян, якія спрабавалі ўтрымаць акупаваныя раёны Карабаху. Але, зь іншага боку, армяне здолелі ўтрымаць цэнтральную частку Нагорнага Карабаху ў тым выглядзе, у якім ён быў абвешчаны ў якасьці незалежнай «Нагорна-Карабаскай рэспублікі», за выключэньнем Шушы.

Армяне здолелі гэта захаваць, не аддаўшы гэта пад кантроль Азэрбайджану. Сёньня ўсталяваны новы status quo. Ён ня мае ніякага дачыненьня да рашэньняў Менскай групы АБСЭ на чале з сустаршынямі Расеяй, Францыяй і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. І ўсю адказнасьць палітычных рашэньняў і вайсковага ўдзелу ўзяла на сябе Расея.

— Калі казаць пра расейска-армянскія адносіны. Армэнія прасіла дапамогі ў Расеі, але атрымала такі, па словах армянскага прэм’ера Пашыньяна, «балючы плян». Расея млява рэагавала на падзеі на Каўказе, але раптам уводзіць свае войскі ў рэгіён. Што гэта ўсё значыць?

— Гэта значыць, што Расея яшчэ раз паказала, што яна была няздольная быць адназначным саюзьнікам Армэніі па вайскова-палітычным АДКБ, што, уласна кажучы, і так было зразумела ўсім.

Масква не магла дазволіць сабе па фармальных прыкметах падтрымаць Армэнію. Таму за паўтара месяца вайны Нікол Пашыньян ні разу не зьвярнуўся па дапамогу менавіта да АДКБ, а выключна да Расеі, таму што апрыёры было зразумела, што АДКБ не ўмяшаецца ў канфлікт, таму што ў яе складзе знаходзяцца тры краіны з мусульманскім насельніцтвам у Цэнтральнай Азіі і яны ніколі ня будуць удзельнічаць у апэрацыі, якая накіраваная супраць іх рэлігійных і іншых саюзьнікаў у Азэрбайджане.

Масква не магла дазволіць сабе падтрымаць Армэнію, бо для гэтага не было фармальных прыкмет — вайна ішла на тэрыторыі Карабаху. Усе выкарыстоўвалі гэты абстрактны характар вайны, што гаворка ідзе не пра канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, дзе Армэнію можа падтрымаць саюзьнік — Расея, а паміж азэрбайджанскімі сіламі і непрызнанай тэрыторыяй, якую Азэрбайджан лічыць сваёй.

Экспэрт аналітычнага цэнтру «Ўкраінскі інстытут будучыні» Ільля Куса

— Як вы ацэньваеце дасягнутае пагадненьне? Хто, на вашу думку, прайграў, а хто выйграў?

— У цэлым я скажу, што галоўнымі бэнэфіцыярамі гэтай сытуацыі сталі Расея і Турэччына. У першую чаргу Турэччына атрымала тое, што хацела першапачаткова, — увайшла ў Паўднёвы Каўказ у якасьці аднаго са стэйкхолдэраў і мадэратараў, замацавала свой уплыў, падтрымаўшы Азэрбайджан у вайне тэхналёгіямі, наймітамі і ўзбраеньнямі, узмацніла свой кантроль над Баку і іх сілавым блёкам і выйшла на той самы прымальны для іх двухбаковы фармат перамоваў наўпрост з РФ замест той старой канструкцыі ў выглядзе Менскай групы АБСЭ, якую Эрдаган пасьлядоўна крытыкаваў на працягу ўсёй гэтай ваеннай эскаляцыі.

Са свайго боку, РФ ня выдаткавала ніякіх рэсурсаў на ваенную падтрымку Нагорнага Карабаху, не ўмяшалася ў канфлікт. І цяпер праз аслабленьне афіцыйнага Ерэвану пасьля баёў у Карабаху і праз палітычныя наступствы пасьля падпісаньня пагадненьня яны атрымліваюць магчымасьць узмацніць свой кантроль і ўплыў на Армэнію і прапхнулі сваю ж ідэю пра расейскіх міратворцаў, зь якой Сяргей Лаўроў насіўся зь сярэдзіны кастрычніка, калі яны ўжо дакладна аформілі сваю пазыцыю. Таму, з майго пункту гледжаньня, менавіта Расейская Фэдэрацыя і Турэччына тактычна атрымліваюць найбольшую выгаду ад выніку ваеннай кампаніі.

— Гэта значыць, пераможцаў у Ерэване і ў Баку няма?

— Азэрбайджан сапраўды ідзе ў другім эшалёне, бо Азэрбайджан атрымаў свае памежныя раёны — сем раёнаў, якія яны ад самага пачатку хацелі забраць назад. І гэта дазволіць Ільхаму Аліеву прадаць гэты факт дома ў якасьці ваеннай перамогі. Бокам, які больш за ўсіх прайграў, аказваецца, такім чынам, Армэнія.

— Што будзе адбывацца ўнутры гэтых краінаў? Што будзе адбывацца ў Армэніі, што будзе адбывацца ў Азэрбайджане?

Аліеў казаў пра тое, што яны зьбіраюцца вяртаць увесь Нагорны Карабах, таму, мне здаецца, яны будуць разглядаць гэтыя мірныя дамовы як часовыя. Зь цягам часу яны, хутчэй за ўсё, будуць спрабаваць адабраць увесь Карабах. Калі, вядома, гэтыя пагадненьні ня будуць замацаваныя ў якасьці доўгатэрміновых, пра што ўжо, праўда, сказалі ў Маскве, але гэта пакажа толькі час і жаданьне іншых бакоў, такіх, як Турэччына.

У Армэніі чакана пачалося тое, што павінна было пачацца, — палітычны крызіс. Я чакаю як мінімум істотнага аслабленьня пазыцыі Нікола Пашыньяна, як максымум — яго адстаўкі ў выніку палітычнага крызісу і ў выніку страты даверу ў часткі насельніцтва, якую мы цяпер бачым на вуліцах, якая выказвае сваю незадаволенасьць у сувязі з дамовамі, якія яны лічаць капітуляцыяй. У Армэніі, я думаю, нас чакае зьмена ўлады.

— Як вы ацэньваеце пагадненьне Расеі і Турэччыны аб увядзеньні міратворцаў у Нагорны Карабах?

— Як я казаў, гэта такая ідэя, якую яны пачалі абмяркоўваць дзесьці 13 кастрычніка і ад якой не адмаўляліся. Ішлі розныя размовы, розныя бакі казалі, што яны «то за міратворцаў, то супраць міратворцаў». Але ў цэлым гэта была галоўная ідэя, якую прасоўвала Масква, што гэта мера ў якасьці замацаваньня ліній фактычнага кантролю пасьля сілавой зьмены status quo. Увядзеньне міратворцаў, асабліва разам са стварэньнем гэтага сумеснага расейска-турэцкага міратворчага цэнтру, — гэта ўсё вельмі падобна да сырыйскай мадэлі, дзе Турэччына і Расея таксама стварылі агульныя мэханізмы сумеснага патруляваньня, маніторынгу перамірʼя. Але там былі не міратворцы, а вайскоўцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG