Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 выкладчыкаў БДУ запісалі зварот у адказ на перасьлед калег і студэнтаў. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выкладчыкі БДУ запісалі відэазварот «Унівэрсытэт — тэрыторыя свабоды». Яны выказалі салідарнасьць з студэнтамі і сваімі калегамі, якія выступаюць супраць беззаконьня і гвалту і зазнаюць за гэта перасьлед. Пад зваротам падпісаліся паўсотні чалавек — прафэсары, загадчыкі катэдраў, дацэнты, старшыя выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі БДУ.

«Незалежная Беларусь ніколі не перажывала такога складанага і страшнага часу, як цяпер. Ніколі лёс краіны ня быў так зьвязаны зь лёсам кожнага чалавека, які жыве тут.

Тое, што адбываецца цяпер ва ўнівэрсытэтах краіны, супярэчыць чалавечай прыродзе і цывілізаваным умовам жыцьця.

Найвышэйшая мэта сфэры адукацыі і яе работнікаў — дапамагчы сфармавацца асобе. Ва ўмовах несвабоды гэта немагчыма.

Унівэрсытэт — гэта тэрыторыя свабоды. Акадэмічнай свабоды, свабоды слова, свабоды думкі. Толькі ў такіх умовах можа адбывацца разьвіцьцё асобы. І менавіта таму наяўнасьць гэтых свабод ва ўнівэрсытэце — частка права чалавека на адукацыю, а іх адсутнасьць — парушэньне гэтага права. Выкладчыкі і іншыя супрацоўнікі ўнівэрсытэту — праваднікі гэтых свабод.

Сёньня ў вядучых ВНУ краіны мы назіраем выкладчыкаў, якія выклікаюць АМАП на студэнтаў, усьведамляючы наступствы. Выкладчыкаў, якія падпісваюць незаконныя загады аб адлічэньні. Выкладчыкаў, якія прылюдна абражаюць і прыніжаюць студэнтаў за іх грамадзянскую пазыцыю. Выкладчыкаў, якія закрываюць вочы на беззаконьне.

Хочацца спытаць у вас, калегі: дзеля чаго вы ў ВНУ? Якую функцыю вы несяце, працуючы ва ўнівэрсытэце?

Можна прыдумаць нямала апраўданьняў пра ўнівэрсытэт па-за палітыкай, стабільнасьць, пра «няпростую сытуацыю» і важнасьць розных пунктаў погляду ў гэткіх абставінах.

Не, калегі, на гвалт, хлусьню і беззаконьне ня можа быць іншых пунктаў погляду.

Нельга падмяняць функцыі адукацыі. Нельга замяняць разьвіцьцё свабоднай асобы на фармаваньне ляяльных уладзе людзей, якія баяцца адкрыта адстойваць сваю пазыцыю.

Кожны з нас сёньня робіць свой выбар. Падпісваць паперу, паведамляць прозьвішча студэнта, гаварыць ці маўчаць — кожны робіць свой выбар.

Вы думаеце, у вас ёсьць клявіша Reset, каб абнуліцца і сьцерці мінулае? Не.

Мы хочам выказаць словы найглыбейшай удзячнасьці і павагі тым выкладчыкам і работнікам унівэрсытэту, якія ня здраджваюць сваёй прафэсіі і ня страчваюць чалавечага аблічча. Якія ідуць замест сваіх студэнтаў у аўтазак. Якія натхняюць студэнтаў. Якія адмаўляюцца падпісваць загады аб палітычных адлічэньнях. Якія не маўчаць. Якія разумеюць, што перасьледаваць студэнтаў за грамадзянскую пазыцыю — гэта парушэньне закону і канстытуцыйных правоў, у тым ліку права на адукацыю.

У кожнага свой парог страху. Ня ўсе гатовыя адкрыта гаварыць і дзейнічаць. Але мы адчайна заклікаем вас, калегі, проста заставайцеся людзьмі!

Гэта вельмі горка і балюча ведаць, што твой вучань, студэнт, скалечаны і пасаджаны на «содні» за спробу адстаяць свае грамадзянскія правы. І ты ня можаш дапамагчы нічым, апроч як напісаць ліст ці штосьці пакласьці ў перадачу. Невыносна прыходзіць у аўдыторыю, думаючы: «Пра каго зь іх я заўтра прачытаю ў СМІ, чыё акрываўленае адзеньне я ўбачу на фота ў сацсетках?».

Гэта вельмі страшна, калі пад вокнамі аўдыторыі, дзе праходзяць заняткі, дзяжураць аўтазакі.

Мы ганарымся тымі студэнтамі, хто не пабаяўся адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, сваю думку пра беззаконьне і гвалтоўную сваволю. Тымі, хто не баіцца абараняць свае правы.

Януш Корчак, усясьветна вядомы польскі пэдагог, падчас Другой усясьветнай вайны сьвядома не сышоў з гета, а пайшоў за сваімі вучнямі ў газавую камэру. Бо ён ня мог іх кінуць. Кожны з нас робіць свой выбар сам.

У XXI стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы нам страшна рабіць такія параўнаньні, і мы ня хочам, каб перад намі паўставаў гэткі выбар».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG