Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штодня ідзем на працу як апошні раз». Супрацоўніца МДЛУ расказвае, што адбываецца ва ўнівэрсытэце


Бел-чырвона-белыя сьцягі ў вокнах МДЛУ падчас жаночага марша 24 верасьня

Выкладчыкі, якія адкрыта выказваюцца пра сытуацыю ў краіне, мяркуюць, што звальненьнем і арыштам Натальлі Дулінай канфлікт у МДЛУ ня вырашыцца.

  • Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт стаў адным з цэнтраў студэнцкіх і выкладчыцкіх пратэстаў ад пачатку верасьня.
  • Пасьля закліку Сьвятланы Ціханоўскай некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў унівэрсытэту далучыліся да страйку.
  • Студэнты працягнулі акцыі пратэсту на тэрыторыі ВНУ.
  • 30 кастрычніка спачатку звольнілі, а потым затрымалі і асудзілі на 14 сутак арышту адну з самых актыўных удзельніц пратэстаў Натальлю Дуліну.

Адна з супрацоўніц МДЛУ расказала Свабодзе, што адбываецца ва ўнівэрсытэце цяпер.

«Мы разумелі, што першай пад удар трапіць Дуліна»

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

«Абстаноўка няпростая ў нас, — кажа суразмоўца. — Адпачатку было зразумела, што ўсе выкладчыкі да страйку не далучацца. Нам патлумачылі, што паводле беларускага заканадаўства легальнай прычынай страйку могуць быць толькі эканамічныя патрабаваньні, а не палітычныя. Палітычныя патрабаваньні выводзяць нашую ініцыятыву за межы прававога поля».

Супрацоўніца МДЛУ кажа, што пра магчымае звальненьне Дулінай ва ўнівэрсытэце здагадваліся. Такія чуткі зьявіліся за некалькі дзён да арышту выкладчыцы.

«Натальля Алегаўна была насамрэч рухавіком гэтых пратэставых настрояў, на ёй шмат што трымалася, яна вельмі актыўная, — кажа суразмоўца. — Яна мае выдатныя арганізатарскія здольнасьці. Мы разумелі, што яна першай трапіць пад удар. Але ўсё адно, як да такога ні рыхтуесься, маральна гэта цяжка. Была інсайдэрская інфармацыя, што рыхтуецца адлічэньне студэнтаў, што будуць звальненьні».

Па словах супрацоўніцы МДЛУ, адміністрацыя чыніць моцны псыхалягічны ціск на тых выкладчыкаў, якія ўдзельнічалі ў страйку. Выкладчыкаў, якія далучаюцца да студэнцкіх пратэстаў, выходзячы на ганак унівэрсытэту, здымаюць на відэа нанятыя ў верасьні ўнівэрсытэтам нібыта для захаваньня парадку супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы.

«Каля 700 выкладчыкаў агулам працуе ў МДЛУ. Колькі зь іх падтрымлівае пратэстуючых студэнтаў і выкладчыкаў, якія далучаліся да страйку адкрыта, сказаць цяжка, — кажа суразмоўца Свабоды. — Быў запісаны відэазварот, потым сярод выкладчыкаў зьбіралі подпісы. Каля 150 подпісаў назьбіралася тады. Вось можаце ацаніць прапорцыю, 700 і 150. Затым студэнты выходзілі на ганак унівэрсытэту, зь песьнямі і плякатамі. Туды да студэнтаў каля 30 выкладчыкаў выходзіла. Ня ўсе кожны дзень, але рэгулярна. Гэта тыя, хто не баяўся выйсьці і пастаяць побач са студэнтамі».

«У некаторых групах 90% студэнтаў гатовыя пратэставаць»

Як кажа супрацоўніца МДЛУ, пасьля звальненьня і затрыманьня Дулінай пад лістом да новай рэктаркі падпісалася каля 100 чалавек. Усе яны выступілі супраць звальненьня выкладчыцы.

«Што думае рэшта выкладчыкаў, мне цяжка сказаць, — кажа суразмоўца. — Гэта тыя, хто не наважыўся нават паставіць свой подпіс пад зваротам. Ёсьць такія, хто можа спыніць у калідоры, паўшэптам сказаць: „Вы малайцы“. Але яны не гатовыя адкрыта выступіць у падтрымку. Пра студэнтаў таксама нельга сказаць, што яны ўсе выступаюць за перамены, актыўна ўдзельнічаюць у пратэстах. Нейкія групы больш актыўныя, нейкія менш. Натуральна, складана ўтрымацца на занятках ад абмеркаваньня сытуацыі ў краіне. У некаторых групах 90% студэнтаў гатовыя пратэставаць, хадзіць на маршы. А ёсьць групы, дзе такія ідэі ўвогуле не знаходзяць падтрымкі».

20 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка прызначыў у МДЛУ новую рэктарку — Натальлю Лапцеву, якая раней загадвала факультэтам нямецкай мовы. Папярэдняя рэктарка, Натальля Баранава, кіравала МДЛУ 25 гадоў.

«З прыходам новай рэктаркі ня вельмі шмат зьмянілася ва ўнівэрсытэце, — кажа супрацоўніца. — Нягледзячы на тое, што яна працавала ў МДЛУ раней, аказалася, што мала хто зь ёй блізка знаёмы. Студэнты спрабавалі неўзабаве пасьля прызначэньня арганізаваць сустрэчу з рэктаркай, аднак яна на гэта не пайшла. Паказальна зачыніла перад імі дзьверы. Магчыма, у часткі выкладчыкаў былі нейкія спадзяваньні. Але цяпер зразумела, што дыялёгу ня будзе. Літаральна пазаўчора зноў зьявілася інфармацыя, што на тых выкладчыкаў, хто далучаецца да пратэстаў, будзе аказаны ціск. Зразумела, навошта яе прызначылі. Ад яе чакаюць „нармалізацыі“ нашых пратэставых настрояў».

«Звольніцца ў знак салідарнасьці з Дулінай былі гатовыя 12 чалавек»

Па словах суразмоўцы Свабоды, у МДЛУ ёсьць студэнты-платнікі, якія зьяўляюцца ва ўнівэрсытэце раз на паўгода, і іх ніхто не адлічвае. А тых, хто пратэстуе, адлічылі за пропускі заняткаў адразу.

Гэтае пытаньне выкладчыкі ўздымалі перад новай рэктаркай, але адказу не атрымалі. Натальля Лапцева паведаміла, што адлічаныя студэнты могуць быць залічаныя нанова, калі зьвернуцца з адпаведнымі заявамі ў рэктарат. А вось вакансіі звольненых выкладчыкаў ужо занятыя. Заняткі Натальлі Дулінай, напрыклад, перадалі магістрантцы, якая толькі пачала працаваць, а італьянскую мову вывучала як другую замежную.

«Тыя, хто адкрыта ўдзельнічае ў пратэсьце, нават абмяркоўвалі магчымасьць усім звольніцца на знак салідарнасьці з Натальляй Дулінай, — кажа выкладчыца МДЛУ. — Але сама Натальля прасіла выкладчыкаў не звальняцца. Гаварыла, што такім чынам супрацоўнікі прызнаюць сваю паразу. Ня змогуць больш падтрымліваць і вучыць студэнтаў. Маўляў, каб тыя, хто прымае рашэньні аб звальненьні выкладчыкаў, яшчэ раз ва ўсім гэтым запэцкаліся. Большасьць выкладчыкаў, якія пратэстуюць, ідэю звольніцца не падтрымалі. У адным з актыўных чатаў, дзе сабраныя каля 50 супрацоўнікаў унівэрсытэту, звольніцца па ўласным жаданьні гатовыя каля 12. Але ўсё адно людзі ідуць на працу як апошні раз».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG