Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога не зрабіла, за што можа быць сорамна», — былая рэктарка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту

абноўлена

Страйк у лінгвістычным унівэрсытэце. 3 верасьня. Ілюстрацыйнае фота

Былая рэктарка МДЛУ Натальля Баранава сёньня перадае справы новаму кіраўніцтву ўнівэрсытэту. У кароткай размове са Свабодай яна сказала, што шмат было зроблена падчас яе кіраўніцтва гэтай вышэйшай навучальнай установай, і яна «нічога не зрабіла за гэты пэрыяд, за што можа быць сорамна».

Натальля Баранава сказала Свабодзе, што яе сыходу патрабаваў час, бо ёй 70 гадоў, яна і раней падавала заяву на звальненьне, і трэба, каб прыйшоў нехта маладзейшы на гэтую пасаду, а яна працягне працаваць.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых рэктараў трох ВНУ, чые студэнты ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, — Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў і Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Рэктарам МДЛУ прызначана Натальля Лапцева, якая дагэтуль узначальвала там факультэт нямецкай мовы.

Натальля Баранава
Натальля Баранава

На пачатку верасьня ў МДЛУ прайшлі жорсткія затрыманьні студэнтаў у холе навучальнай установы, калі яны прасьпявалі «Марсэльезу». Рэктар Натальля Баранава расказала, як пасьля гэтага зьвязалася зь першым намесьнікам міністра ўнутраных справаў Генадзем Казакевічам.

«Я яму сказала: мы разумеем, як настроеныя хлопцы, і мы маем намер працаваць з імі мірна. Ён адказаў: перадайце, што хлопцы жартуюць з агнём, што яны бегаюць па вуліцах, перабягаюць дарогу ня там, дзе трэба», — расказала Баранава.

Рэктар МДЛУ запісала відэазварот, у якім адзначыла: «Вельмі шкадуем аб тым, што адбылося». Пасьля яе стараньняў студэнтаў вярнулі з РУУС у ВНУ.

Пасьля гэтага выкладчыкі МДЛУ запісалі відэазварот, у якім асудзілі дзеяньні сілавікоў.

  • Натальля Баранава — выкладчыца і палітык, кандыдат пэдагагічных навук, дацэнт. Аўтарка звыш 40 навуковых працаў. Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт Натальля Баранава ўзначальвала 25 гадоў. Да таго як стаць рэктарам, яна выкладала на катэдры пэдагогікі, узначальвала яе. Пасьля Натальля Баранава стала намесьніцай дэкана перакладніцкага факультэту — аднаго з самых прэстыжных у ВНУ, затым, у пачатку 1990-х, стала прарэктарам па навучальнай працы. І ўжо ў 1995 годзе ўзначаліла ВНУ. З 1998 па 2004 год Натальля Баранава ўваходзіла ў склад Камітэту адукацыі Рады Эўропы. У 2004 і 2012 гадах была чальцом Савету Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG