Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нэўтральная пазыцыя — гэта ўжо не пазыцыя». Студэнты МДЛУ запісалі зварот да адміністрацыі


Пратэст студэнтаў МДЛУ 5 верасьня
Пратэст студэнтаў МДЛУ 5 верасьня

Студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту запісалі відэазварот да адміністрацыі ВНУ.

«Мы — студэнты, на якіх напалі ў сьценах роднага ўнівэрсытэту.

Мы — студэнты, якіх штодзённа кантралююць супрацоўнікі МУС.

Мы — студэнты, якіх просяць не гуляць з агнём.

Мы — студэнты МДЛУ. З намі можна гаварыць на многіх мовах, але мовы гвалту мы не пацерпім. І мы адмаўляемся маўчаць», — гаворыцца ў відэазвароце.

Студэнты падкрэсьліваюць, што сотні тысяч беларусаў цяпер выступаюць за справядлівасьць і свабоду, і сярод іх таксама і выкладчыкі ВНУ, 140 зь якіх адкрыта выступілі супраць гвалту і беззаконьня, студэнты і выпускнікі ўнівэрсытэту.

«Але мы ня ведаем, ці з намі наша адміністрацыя», — гаворыцца ў звароце.

У ім студэнты дзякуюць адміністрацыі за дапамогу ў вызваленьні затрыманых аднакурсьнікаў, але кажуць, што рэктарат дасюль ня выказаў ім сваёй падтрымкі і не заявіў адкрыта аб сваёй пазыцыі ў дачыненьні да таго, што адбываецца ў Беларусі.

«Мы лічым, што адміністрацыя ўнівэрсытэту ня мае права захоўваць маўклівы нэўтралітэт. Бо, як сказалі нашы выкладчыкі, нэўтральная пазыцыя — гэта ўжо не пазыцыя», — гаворыцца ў звароце.

У ім студэнты патрабуюць ад адміністрацыі лінгвістычнага ўнівэрсытэту:

  • публічна заявіць аб сваёй пазыцыі ў дачыненьні да вынікаў выбараў і выказацца пра гвалт з боку сілавікоў,
  • арганізаваць новыя выбары ў студэнцкае прадстаўніцтва, каб забясьпечыць рэальнае самакіраваньне,
  • гарантаваць бясьпеку студэнтаў і выкладчыкаў у сьценах і на тэрыторыі ўнівэрсытэту,
  • даць студэнтам законную і бясьпечную пляцоўку для выказваньня сваіх думак на тэрыторыі ўнівэрсытэту,

а таксама далучаюцца да патрабаваньняў «большасьці беларусаў»:

  • спыніць гвалт у дачыненьні да мірнага насельніцтва,
  • вызваліць усіх палітвязьняў,
  • завесьці крымінальныя справы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасьці,
  • прызнаць права грамадзян выказваць сваю пазыцыю любымі мірнымі спосабамі,
  • правесьці новыя сумленныя выбары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG