Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар МДЛУ патлумачыла затрыманьні «несанкцыянаванай акцыяй» зь «лёзунгамі і недзяржаўнай сымболікай»


Студэнты МДЛУ ля прыёмнай рэктара, дзе чакаюць на сустрэчу затрыманыя раней студэнты
Студэнты МДЛУ ля прыёмнай рэктара, дзе чакаюць на сустрэчу затрыманыя раней студэнты

Рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) Натальля Баранава пракамэнтавала сёньняшнія затрыманьні студэнтаў у адмысловым відэазвароце.

Пасьля таго, як студэнты прасьпявалі ў фае ўнівэрсытэту гімн Францускай Рэспублікі «Марсэльезу», у якім ёсьць словы пра змаганьне з тыраніяй, у будынак заскочылі сілавікі і жорстка затрымалі пяць студэнтаў.

Прадстаўнікі службы бясьпекі ўнівэрсытэту паведамілі ў жывым эфіры «Эўрарадыё», што ў будынак заскочылі 20–25 чалавек, «максымум 10 чалавек былі ў форме АМАП, астатнія ў цывільным, але ў балаклавах». Яны назвалі інцыдэнт «беззаконьнем». Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў камэнтары Tut. by заявіла, што студэнтаў затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, не АМАП.

У відэазвароце Натальля Баранава назвала інцыдэнт «беспрэцэдэнтнай падзеяй», запэўніўшы, што адміністрацыя ўстановы ня ведала пра прыбыцьцё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх дзеяньняў.

Падчас сустрэчы са студэнтамі, выкладчыкамі і бацькамі пасьля затрыманьняў з залі гучалі абвінавачаньні, што гэта адміністрацыя ўстановы выклікала сілавікоў.

Са спасылкай на МУС рэктарка МДЛУ назвала прычынай затрыманьняў «несанкцыянаваную акцыю ў сьценах унівэрсытэта».

«Студэнты плянавалі сьпяваць песьні ў фае ўнівэрсытэту. Для дыялёгу зь імі былі накіраваныя дэканы факультэтаў. Падчас выкананьня песень мерапрыемства набыло палітызаваны характар. Прагучалі лёзунгі, зьявілася недзяржаўная сымболіка. А далей адбылося тое, што адбылося», — сказала Баранава.

Зьвяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, Баранава заявіла пра «недапушчальнасьць арганізацыі і правядзеньня ва ўнівэрсытэце несанкцыянаваных мерапрыемстваў».

Паводле яе, рэктарат прымае захады «па ўзмацненьні прапускнога рэжыму ва ўнівэрсытэце і па недапушчэньні падобнага ў будучыні».

Дэкан перакладчыцкага факультэта МДЛУ Аляксандар Паніматка паведаміў Свабодзе, што ён асабіста разам з прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай працы Ўладзімерам Пашкевічам езьдзілі ў Партызанскае РУУС Менска і прывезьлі пяцёра затрыманых раней студэнтаў ва ўнівэрсытэт.

На ўсіх склалі пратаколы за «несанкцыянаванае мерапрыемства» (арт. 23.34 КаАП РБ).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG