Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст як пажар на тарфяніку. Рэпрэсіўныя магчымасьці рэжыму амаль вычарпаныя


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне на маршы 13 верасьня ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне на маршы 13 верасьня ў Горадні

У Менску пачаліся паляваньні на музыкаў. Сотні пратэстоўцаў, затрыманых на «Маршы супраць тэрору», зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе. Многія прадказваюць «1937 год» ці «Паўночную Карэю», але выглядае, што насамрэч улада набліжаецца да піку сваіх рэпрэсіўных магчымасьцяў. Тым часам пратэст сьціхаць не зьбіраецца. А гэта значыць, што беларускае супрацьстаяньне грамадзянаў супраць Лукашэнкі пераходзіць у стадыю «пажару на тарфяніку».​

Сьцісла:

  • Улада не павялічвае колькасьці палітычных вязьняў паводле крымінальных артыкулаў. Магчыма, дзеля пэўных замежнапалітычных рэзонаў. А можа, проста не хапае рук, каб апрацоўваць усе дакумэнты.
  • Супраць грамадзянаў Беларусі працягваецца дзяржаўны тэрор праз адміністрацыйныя затрыманьні — у спадзеве на псыхалягічны пералом сытуацыі.
  • Пратэстоўцы ведаюць, што кожны раз нейкі працэнт зь іх затрымаюць, але ўсё роўна ідуць на дэманстрацыі. Улады як бы адшчыкваюць ад беражкоў пірага-пратэсту, але ня ў стане адкусіць нават кавалак.
  • Стадыя «пажару на тарфяніках» — зацяжнога супрацьстаяньня — працуе на грамадзянаў, а не на Лукашэнку. Грамадзяне могуць і робяць ратацыю ў сваіх шэрагах на вулічных акцыях. А «сілавікі» Лукашэнкі працуюць «на знос».

Рэпрэсіўная машына ўзялася за музыкаў, якія ўдзельнічалі ў дваровых канцэртах. Мала таго, што затрымалі дзясятак выканаўцаў, дык яшчэ правялі ператрусы ў трох студыях гуказапісу (інфармацыя ўдакладняецца).

З практычнага гледзішча барацьба з музыкантамі і гукарэжысэрамі — поўнае глупства. Пісаць музыку можна за мяжой — галоўнае, хто яе слухае. А за лета-восень было створана альбо перастворана больш за дзьвесьце песень пратэсту.

Што да дваровых канцэртаў, тут разьлік, відаць, на псыхалягічны ціск. Маўляў, каб іншыя музыканты спынілі сваю грамадзкую і грамадзянскую актыўнасьць. Нібы ад гэтага людзі адмовяцца ад сваіх выхадаў на каву-гарбату пад БЧБ-стужкамі.

Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»
Ілюстрацыйнае фота. Канцэрт на «плошчы Пераменаў»

Псыхалягічны ціск — гэта і пра амаль трыста падазраваных у крымінальнай справе, затрыманых на «Маршы супраць тэрору». Рэзон той самы — адахвоціць людзей ад удзелу ў пратэстах. Зразумела, што па трыста крымінальных сядзельцаў кожны тыдзень дзяржава ня зможа «апрацаваць». Дый, як ні круці, але ад стаўленьня іншых краінаў Лукашэнка ўсё яшчэ залежыць. А нават «старэйшы брат» Пуцін не імкнецца кідацца з дапамогай. І ўзмацненьне тэрору пазыцыі Лукашэнкі на міжнароднай арэне дакладна не палепшыць.

Але галоўнае ў тым, што за апошнія тры месяцы людзі пераадолелі ўжо не адзін псыхалягічны бар’ер. Ідуць на акцыі, усьведамляючы, што хтосьці зь іх будзе схоплены. Але ж працэнт затрыманых ад усіх, хто настроены пратэстава, не трапляе нават у статыстычную хібнасьць.

Сто тысяч (мінімальна; мы памятаем і значна большую колькасьць) удзельнікаў за дванаццаць маршаў — гэта не адны і тыя ж людзі. Ёсьць, вядома, касьцяк, які ходзіць заўжды, але збольшага адбываецца ратацыя. Дадайце штодзённыя дробныя акцыі пратэсту, дадайце дваровыя імпрэзы, дадайце тых, хто проста вывешвае сьцяг у акне, калі ня можа выходзіць. Відавочна, што толькі ў Менску больш за палову жыхароў знаходзяцца ў стане пратэсту.

Таму, калі я чытаю пра «1937» год, я разумею, што людзі на эмоцыях перабольшваюць. У Лукашэнкі няма сілаў перашкодзіць нават маршам, якія там канцлягеры.

Тым, хто любіць параўноўваць Беларусь з часамі Гітлера, Сталіна ці сучаснай Паўночнай Карэяй, я хачу нагадаць пра адну важную ўмову, пры якой таталітарызм квітнее, — гэта вялікая народная падтрымка Правадыра і ягонай «вялікай ідэі».

У Лукашэнкі няма маштабнай народнай падтрымкі. А нават тыя, каго называюць «ябацькамі», у прапагандысцкіх роліках дзяржаўнай тэлевізіі рэгулярна паўтараюць, што «хочуць, каб было, як раней». Па-першае, як раней, немагчыма, бо людзі зьмяніліся. Па-другое, гэта вельмі слабы лёзунг, каб паспрабаваць на ім стварыць таталітарную ідэалёгію.

Цяпер у грамадзянскім супрацьстаяньні ў Беларусі колькасьць — у грамадзянаў, фізычная сіла — у меншасьці, якая ахоўвае Лукашэнку. Стан пажару на тарфяніку. Дым валіць клубамі, але агню не відаць. А кожны беларус ведае, што тарфянікі могуць так вось тлець вельмі доўга — гадамі.

Лукашэнка будзе патрабаваць вынікаў, тасаваць кіраўніцтва «сілавікоў». Новыя начальнікі будуць прыдумляць новыя мэтады змаганьня з пратэстам, як цяпер з музыкантамі. А грамадзяне будуць далей умацоўваць гарызантальныя сувязі.

Нядаўна ў Telegram пачалі зьяўляцца мікрараённыя каналы «Паслугі суседзяў». Кожны прапануе сваю працу ці тавар. Чым не паралельная эканоміка? Час працуе на грамадзянаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG