Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна з 231. Пэнсіянэрку, аштрафаваную за ўдзел у маршы ў Курапаты, затрымалі як падазраваную ў крымінальнай справе


Падча Маршу ў Курапаты 1 лістапада. Ілюстрацыйнае фота.
Падча Маршу ў Курапаты 1 лістапада. Ілюстрацыйнае фота.

62-гадовую Ірыну Стануль са Смалявічаў затрымалі ў Менску 1 лістапада падчас маршу ў Курапаты, у якім яна ўдзелу ня брала.

Трэцяга лістапада яе пакаралі штрафам за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве,— расказала сайту «Медиазона» дачка жанчыны.

Празь дзень пасьля суду яе затрымалі ўжо як падазраваную ў крымінальнай справе аб «Маршы супраць тэрору», фігурантамі ў якой праходзяць яшчэ 230 чалавек.

«У царкву ішла, убачыла калёну людзей, як па іх страляюць. Яе там і затрымалі, вось і ўсё», — сын Ірыны Аляксандар кажа, што ў Менск яго маці прыяжджае адзін-два разы на тыдзень, і 1 лістапада прыехала па абутак і вырашыла схадзіць у царкву.

Ірына патэлефанавала дачцэ Алене, сказала, што яе адвезьлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску. Раніцай 2 лістапада ў РУУС Аляксандру сказалі, што яго маці адвезьлі ў Жодзіна. Да абеду ён паехаў у Жодзіна, дзе яму сказалі, што яе адвезьлі ў Смалявічы. У Смалявіцкім РУУС яна была да суду 3 лістапада.

Суд Смалявіцкага раёну аштрафаваў яе на пяць базавых за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, кажа дачка Ірыны.

«Каля 12 гадзін дня аўторка, пакуль я ня ведала, адпусьцяць яе ці не, мне патэлефанаваў сьледчы. Ён спытаў, дзе мама, — успамінае Алена. — Я ўпэўнена была, што гэта смалявіцкі сьледчы, і падумала, як жа так, яны расьсьледаваньне праводзяць, але сьледчы ня ў курсе, дзе яна і што яна», — расказвае Алена.

Даведаўшыся ад дачкі, што Ірына ў Смалявічах, сьледчы папрасіў ператэлефанаваць яму, як толькі яна вернецца дадому. Празь некалькі гадзін пасьля званка ў дом Стануль прыйшлі мужчына і жанчына, сказалі, як прыгадвае Алена, што займаюцца крымінальнымі справамі, «ловяць усякіх жулікаў», што ім «да гэтай палітыкі справы няма».

«Паглядзелі, ці няма ў мяне сьцягоў дома, вайбэр паглядзелі, паліцы паадчынялі, дрот шукалі, — расказвае Алена. — Як яны патлумачылі, кожнага затрыманага аўтаматычна падазраюць у дывэрсіях з прыкручваньнем дроту на чыгунцы.

Алена кажа, што маці патэлефанавала сьледчаму, як вярнулася дадому. Сьледчы паведаміў, што яна падазраецца паводле 342-га артыкулу КК і сказаў прыехаць у Менск 4 лістапада.

«Мама разгубілася, сказала, што прыедзе, — успамінае дачка. — Потым успомніла, што, калі ў судзе была, яе сустрэлі праваабаронцы і пазнаёмілі з адвакатам. Яна патэлефанавала адвакату, расказала пра сытуацыю. І к пяці гадзінам яны паехалі да сьледчага ў Менск. Увечары яна пазваніла з тэлефона адваката брату і сказала, што яе вязуць у Акрэсьціна на трое сутак».

Адвакат Стануль пацьвердзіла «Медиазоне», што Ірына адна з падазраваных у крымінальнай справе.

На думку адвакаткі, пастанову вынесьлі незаконна, бо чалавек ня можа прыцягвацца і да крымінальнай, і да адміністрацыйнай адказнасьці за адно і тое ж.

«Паводле закону трэба было адмяняць пастанову суду ў адміністрацыйнай справе, потым ужо вырашаць пытаньне аб завядзеньні на яе [крымінальнай] справы. Віны Ірына не прызнала ні па адміністрацыйным складзе, ні цяпер», — кажа адвакатка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG