Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў пасла ў Аргентыне і пазбавіў яго рангу


Уладзімер Астапенка

Уладзімер Астапенка вызвалены ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Аргентыне ў сувязі з учынкам, які несумяшчальны са знаходжаньнем на дыпляматычнай службе, інфармуе БЕЛТА.

Раней дыплямат напісаў два звароты ў МЗС Беларусі з просьбай аб звальненьні і з пратэстам з нагоды гвалту ў краіне, а пасьля запісаў і відэазварот зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Уладзімер Астапенка таксама працаваў па сумяшчальніцтве паслом Беларусі ва Ўругваі, Чылі, Парагваі і Пэру.

Указ аб звальненьні Астапенкі Лукашэнка падпісаў 3 лістапада. У адпаведнасьці з указам Уладзімер Астапенка таксама пазбаўлены дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла.

Дзьве заявы амбасадара Астапенкі пра адстаўку

Амбасадар Беларусі ў Аргентыне Ўладзімер Астапенка падаў заяву аб адстаўцы яшчэ ў дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасьня. Але 27 кастрычніка​ ён заяву адклікаў і падаў новую: цяпер у сувязі з парушэньнем наймальнікам заканадаўства.

Хто такі Астапенка

Уладзімер Астапенка — карʼерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пасады і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славаччыне.

Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкула. Кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павел Слюнькін самі пайшлі ў адстаўку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG