Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкамэндацыі Беларусі ў Радзе ААН выказалі 92 дзяржавы. Цытаты прыхільнікаў і апанэнтаў афіцыйнага Менску


Сілавікі настаўляюць зброю на мірных пратэстоўцаў. Менск, Курапаты, 1 лістапада 2020. Фота Reuters

У Жэнэве прайшоў інтэрактыўны дыялёг аб справаздачы Беларусі наконт выкананьня правоў чалавека. Рэкамэндацыі ў адрас Беларусі выказалі 92 дзяржавы. Большасьць удзельнікаў дыскусіі ў Радзе правоў чалавека ААН, ухваліла намаганьні ўладаў Беларусі ў выкананьні правоў чалавека. Беларуская дэлегацыя прадставіла чальцам Рады свой «Пэрыядычны даклад аб выкананьні правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь». Усе дзяржавы – чальцы Рады правоў чалавека ААН падаюць такія даклады кожныя пяць гадоў.

З ацэнкай хады абмеркаваньня дакладу выступіла няўрадавая праваабарончая арганізацыя UN Watch, заснаваная ў 1993 годзе для праверкі адпаведнасьці рашэньняў праваабарончых органаў ААН прынцыпам Статуту гэтага найбуйнейшага міжнароднага форуму.

UN Watch, якая зьяўляецца няўрадавай арганізацыяй, мае адмысловы кансультацыйны статус пры эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН і мае асацыяванае сяброўства ў Дэпартамэнце грамадзкай інфармацыі ААН.

Паводле UN Watch, 51 з 92 дзяржаваў – удзельніц Рады правоў чалавека (55%), якія выступілі ў дыскусіі, віталі дасягненьні Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Сярод краінаў, якія ўхвалілі дзеяньні рэжыму Лукашэнкі — 36 дзяржаваў, якія традыцыйна падтрымліваюць рэпрэсіўныя рэжымы, і яшчэ 15 дзяржаваў, якія палічылі магчымым даць станоўчую ацэнку некаторым дасягненьням беларускіх уладаў.

Пасол Беларусі ў ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч заявіў на форуме, што Беларусь «мае неабходныя інструмэнты для аднаўлення стабільнасьці ў грамадзтве мірным шляхам».

«У той час, калі рэжым Лукашэнкі жорстка душыць пратэсты грамадзян, нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, б'е жанчын на вуліцах і кідае ўсіх апазыцыйных лідэраў за краты або змушае іх пакінуць краіну, найвышэйшы праваабарончы орган ААН не павінен рабіцца форумам фальшывага ўхваленьня прыгнятальнікаў», – заявіў Гілель Наер, выканаўчы дырэктар незалежнай праваабарончай арганізацыі UN Watch, якая базуецца ў Жэнэве.

Наер вітаў той факт, што хаця б 41 дзяржава, карыстаючыся сваім правам на кароткі выступ, выказала рэальную ацэнку становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Прадстаўнік ЗША Шон Гарсія параіў Менску неадкладна «спыніць жорсткія рэпрэсіі супраць беларускага народу», у тым ліку адмовіцца ад выкарыстаньня празьмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі. Амэрыканскі дэлегат запатрабаваў «неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту, зьвязаных з выбарамі».

«Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, былі сфальсыфікаваныя. Мы глыбока занепакоеныя працягам ужываньня гвалту, запалохваньня і рэпрэсій супраць беларускага народу», — сказаў Гарсія.

Падобную пазыцыю выклалі прадстаўнікі Грузіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Нідэрляндаў, Польшчы, Чэхіі, Швэйцарыі, Францыі і Ўкраіны. Прадстаўніца Нідэрляндаў Моніка Даален настойліва параіла Менску ўнесьці ў Крымінальны кодэкс артыкул, які прадугледжвае адказнасьць за ўсе віды катаваньняў, а таксама далучыцца да Факультатыўнага пратаколу да Канвэнцыі супраць катаваньняў.

На сайце UN_Watch прыводзяцца цытаты з выступаў прадстаўнікоў краінаў, якія падтрымалі даклад афіцыйнага Менску.

Сырыя: «Мы вітаем Беларусь і высока ацэньваем яе намаганьні ў распрацоўцы інстытуцыйнай базы для абароны правоў чалавека на ўнутраным узроўні».

Вэнэсуэла: «Мы прызнаём, што карыстаньне поўнымі дэмакратычнымі правамі беларусаў паважаецца, і мы супраць любога міжнароднага ўмяшаньня».

Камбоджа: «Беларускія жанчыны ў працэсе прыняцьця рашэньняў заслугоўваюць ухвалы».

Кітай: «Мы паважаем шлях разьвіцьця правоў чалавека ў сьвятле намаганьняў міжнародных суб’ектаў стварыць нестабільнасьць».

Куба: «Мы вітаем намаганьні ў рэалізацыі папярэдніх цыкляў Пэрыядычных дакладаў і цьвёрдую рашучасьць Лукашэнкі забясьпечыць нацыянальны сувэрэнітэт і стабільнасьць у сьвятле агрэсіі і пагрозаў NATO».

Эгіпет: «Мы віншуем Беларусь з выкананьнем абавязаньняў, а таксама з паляпшэньнем правоў дзяцей, жанчын і інвалідаў».

Іран: «Мы высока ацэньваем захады, прынятыя Беларусьсю ў абароне і прасоўваньні правоў чалавека пасьля апошняга Пэрыядычнага дакладу».

Кувэйт: «Мы вітаем усіх чальцоў дэлегацыі Беларусі і іх намаганьні ў падрыхтоўцы нацыянальнай справаздачы, якая адлюстроўвае іх прыхільнасьць да правоў чалавека».

Расея: «Мы адзначаем поўны характар і аб'ектыўнасьць справаздачы Беларусі і працы Беларусі ў адстойваньні ўсіх правоў чалавека».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG