Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі назвала рэзалюцыю Рады правоў чалавека ААН «цкаваньнем»


Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба МЗС Беларусі пракамэнтавала рэзалюцыю Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх», прынятую 18 верасьня ад імя Эўразьвязу ў выніку дыскусіі аб сытуацыі ў краіне.

«Шматгадовыя намаганьні Беларусі, яе саюзьнікаў і аднадумцаў па напаўненьні дзейнасьці РПЧ рэальным, зразумелым кожнаму чалавеку сэнсам перакрэсьленыя прыняцьцем беспрэцэдэнтнай краінавай рэзалюцыі. Ва ўгоду геапалітычным і ідэалягічным інтарэсам аднаго гульца — Эўразьвязу — пад сумнеў пастаўленыя ня толькі высокія мэты РПЧ, але і самі прынцыпы Статуту ААН», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Паводле МЗС, «эмоцыі і фэйкавыя навіны, на барацьбу зь якімі ў Эўропе патрацілі столькі сіл і сродкаў, дэлегацыя Эўразьвязу ў спешцы кладзе ў аснову чарговай рэзалюцыі».

Сёньняшнія дэбаты МЗС Беларусі назвала «зрэжысаваным і праведзеным Эўразьвязам пры ўдзеле статыстаў палітычным дзействам», «тэатрам абсурду», які сьведчыць, што РПЧ «ператварылася ў інструмэнт рэалізацыі мэркантыльных інтарэсаў эўрапейскай дыпляматыі».

Прынятую Радай правоў чалавека ААН рэзалюцыю ведамства называе «чарговым этапам кампаніі цкаваньня Беларусі з боку Эўразьвязу».

«Агульная, безапэляцыйная і агрэсіўная дыскрэдытацыя волевыяўленьня народа ня мае прэцэдэнтаў у гісторыі РПЧ, відавочна выходзячы за рамкі яго мандата», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Рада правоў чалавека ААН 18 верасьня па выніках дыскусіі аб сытуацыі ў Беларусі прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялёг з Каардынацыйнай радай апазыцыі. За рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць — 2, устрымаліся — 22.

Рада выказала заклапочанасьць парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку катаваньнямі зьняволеных і «актамі адвольнага пазбаўленьня жыцьця». У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што ў Беларусі абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў СМІ, пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты замежных СМІ, адбываецца блякаваньне доступу да інтэрнэту.

«РПЧ настойліва заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, членаў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і тых, хто быў затрыманы напярэдадні, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за ажыцьцяўленьне сваіх правоў чалавека і асноўных свабодаў», — гаворыцца ў рэзалюцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG