Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея паабяцала Пашыньяну дапамогу, калі баі будуць «на тэрыторыі Армэніі»


Нікол Пашыньян і Ўладзімір Пуцін

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раніцай 31 кастрычніка накіраваў ліст Уладзіміру Пуціну і папрасіў яго аб падтрымцы ў сувязі з ваенным канфліктам у Нагорным Карабаху.

Апошнія сутыкненьні ў Карабаху ў гэтым лісьце названыя «азэрбайджана-турэцкай ваеннай агрэсіяй супраць Нагорнага Карабаха», цытуе ліст МЗС Армэніі.

МЗС Расеі празь некалькі гадзін выпусьціла заяву ў сувязі са зваротам Пашыньяна. У ёй сказана, што падтрымка будзе аказана, калі баявыя дзеяньні пачнуцца непасрэдна на тэрыторыі Армэніі.

«У адпаведнасьці з дамовай Расея акажа Ерэвану ўсю неабходную дапамогу, калі баявыя сутыкненьні будуць перанесеныя непасрэдна на тэрыторыю Армэніі», — гаворыцца ў заяве на сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнэтдзінаў паведаміў «Інтэрфаксу», што Ерэван пакуль не зьвяртаўся па дапамогу ў АДКБ (Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы), куды ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

Узброены канфлікт у Нагорным Карабаху рэзка абвастрыўся ў канцы верасьня. У Азэрбайджане і Армэніі зараз уведзенае ваеннае становішча, абʼяўлена мабілізацыя. Абодва бакі паведамляюць пра забітых і параненых, у тым ліку сярод грамадзянскага насельніцтва, і абстрэлах мірных гарадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG