Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Армэніі заявіў пра правал чарговага пагадненьня аб спыненьні агню ў Карабаху


Насілкі з плямамі крыві каля вайсковага шпіталю ў Нагорным Карабаху

Намаганьні міжнароднай супольнасьці, на гэты раз пры пасярэдніцтве ЗША, па ўсталяваньні рэжыму перамір'я ў Нагорным Карабаху, пацярпелі няўдачу, заявіў прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на сваё старонцы ў Twitter.

Пашыньян напісаў, адзначыўшы хэштэгам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, што 27 кастрычніка ў Карабаху «з прычыны бесьперапынных абстрэлаў з боку Азэрбайджану былі забітыя і параненыя мірныя жыхары». У сваю чаргу, прадстаўнікі Азэрбайджану абвінавачваюць армянскі бок у парушэньні перамір'я.

Раней Трамп заявіў, што рэжым спыненьня агню ў Нагорным Карабаху выконваецца.

Тым часам жонка Пашыньяна Ганна Акап'ян заявіла аб плянах адправіцца на фронт у зону канфлікту ў Нагорным Карабаху. Пра гэта яна напісала ў сваім фэйсбуку.

«З заўтрашняга дня атрад з 13 жанчын, у тым ліку і я, прыступае да вучэньняў. Празь некалькі дзён мы адправімся на дапамогу для абароны мяжы. Ні нашая радзіма, ні нашая годнасьць ня будуць аддадзеныя ворагу», – сказала Акапян.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў напярэдадні заявіў, што азэрбайджанская армія заняла тэрыторыі яшчэ 18 населеных пунктаў, піша Publika.az. Да гэтага Аліеў паведаміў, што з пачатку баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху пад іх кантроль перайшло больш за 100 населеных пунктаў.

Тым часам у Нагорным Карабаху прызначаны новы міністар абароны, Мікаэл Арзуманьян. Ранейшы міністар Джалал Аруцюньян быў паранены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG