Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: «У Беларусі склаўся вайсковы рэжым, які ўзначальвае дыктатар»


Павал Латушка.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка заявіў, што трэба прыпыніць удзел Беларусі ў Балёнскім працэсе з прычыны апошніх падзей у беларускіх ВНУ. Такую заяву ён зрабіў падчас Сусьветнага кангрэсу беларусаў, паведамляе Tut.by.

Сёньня ў 00.00 пачаўся Сусьветны кангрэс беларусаў. Упершыню за ўсю гісторыю краіны беларусы, якія жывуць на радзіме і за мяжой, вырашылі аб’яднацца і правесьці онлайн-форум. Сачыць за ім можна тут.

Арганізатары плянуюць скончыць у 02.00 1 лістапада па менскім часе. Кангрэс будзе доўжыцца 26 гадзін, цягам якіх беларусы ўсяго сьвету абмяркоўваюць выхад краіны з палітычнага крызісу, экспэрты абменьваюцца вопытам дэмакратычных краін і разважаюць над плянам адраджэньня свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

«Мы павінны канстатаваць, што сёньня ў Беларусі фактычна склалася сытуацыя вайсковы рэжыму, які ўзначальвае дыктатар, што самастойна абвесьціў сябе прэзыдэнтам Беларусі, — заявіў Латушка. — Нашы захады павінны мець абсалютна законны характар, у рамках беларускага заканадаўства і міжнароднага права.

«Прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў Балёнскім працэсе»

Што гэта можа быць? Для нас вельмі важна працаваць з замежнымі партнэрамі, урадамі, міністэрствамі замежных спраў, парлямэнтамі краін, у якіх вы пражываеце. Вельмі важна на сыстэмнай аснове рыхтаваць дайджэсты, лісты, інфармацыю аб тых падзеях, якія абываюцца ў краіне. У якасьці прыкладу магу прывесьці сытуацыю з нашымі студэнтамі: колькі за апошні час было выключана, арыштавана і атрымалі адміністратыўныя спагнаньні. Колькі было звольнена выкладчыкаў.

Мы павінны інфармаваць міністэрствы адукацыі краін, дзе пражываем, дзеля таго, каб ставіць у якасьці галоўнай мэты прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў Балёнскім працэсе. Гэта зьяўляецца прынцыпова важным і неабходным. Трэба накіроўваць адпаведныя звароты і лісты. Мы павінны актыўна працаваць над прыпыненьнем усіх [міжнародных] дамоваў з тымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, дзе былі зьдзейсьненыя акты гвалту ў адносінах да студэнтаў і выкладчыкаў з боку адміністрацыяй, рэктаратаў гэтых ВНУ. Каб прыпыніць дзеяньне іх дамоваў з замежнымі партнэрамі. Яшчэ раз падкрэсьліваю: прыпыніць [а не спыніць], бо гэта часовая зьява. Мы вернемся да таго, што адновім наш удзел як у Балёнскім працэсе, так і дамовы з замежнымі ВНУ».

«​Мы працуем, каб мір і згода запанавалі на беларускай зямлі»​

Латушка, паводле яго слоў, рады таму, што падчас апошніх падзей беларусы даказалі ўсяму сьвету, што яны вартыя быць свабоднымі, што яны, як ніколі раней у гісторыі беларускай нацыі, адзіныя.

«Нас сёньня аб’яднаў вельмі цяжкі момант у гісторыі беларускага народа: мы ўсе разам перажываем за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, і ўсе разам аб’яднаныя галоўнымі ідэаламі і прынцыпамі — свабода і незалежнасьць. Сёньня мы працуем на тое, каб мір і згода запанавалі на беларускай зямлі.

Але гэта магчыма ажыцьцявіць, выканаўшы тры базавыя патрабаваньні беларускага грамадзтва: вызваленьне, адказнасьць і выбары. Вызваленьне ўсіх палітычна зьняволеных, закрыцьцё ўсіх палітычна матываваных спраў у Беларусі. Другое — прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у зьдзяйсьненьні злачынстваў, гвалту, парушэньні правоў грамадзян. Трэцяе — правядзеньне новых, сумленных выбараў прэзыдэнта краіны. Гэта мэты, якія мы ставім на бліжэйшую пэрспэктыву».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG