Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна ілюзія народнай падтрымкі. Навошта Лукашэнка спрабуе рэанімаваць «дружыньнікаў»


Лукашэнка агучыў чарговую пагрозу ў адрас пратэстоўцаў — пра стварэньне «дружын», якія павінны дапамагаць міліцыі ўтаймоўваць тых, хто выйшлі на вуліцы. Многія ўспрынялі заяву як трывожную, бо дапускаюць, што Лукашэнка можа даць загад на масавыя рэпрэсіі не адміністрацыйнага характару, а на ўзроўні фізычнай расправы наймітамі. Іншыя заклікаюць не зьвяртаць на гэта ўвагі, бо пагрозаў было нямала і раней, але многія зь іх далёкія ад рэальнасьці.

Сьцісла

  • «Дружыньнікі» — адна з ідэалягічных саломінак, якія Лукашэнка прыдумляе сам для сябе.
  • Лукашэнку вельмі важна лічыцца «народным прэзыдэнтам» і цяпер, і пасьля свайго сыходу.
  • Лукашэнка так і ня здолеў стварыць уласную ўнікальную ідэалёгію.
  • Выказваньні Лукашэнкі прынцыпова не ўплываюць на хаду пратэсту.

«Дружыньнікі» як адна з ілюзій народнай падтрымкі

Слова «дружыньнікі» для пакаленьня тых людзей, якія памятаюць СССР, выклікаюць асацыяцыю з савецкімі ж дружыньнікамі — людзьмі з чырвонымі павязкамі на рукавах, якія пад ціскам парткамаў вымушаныя былі патруляваць вуліцы па вечарах. Прынцып фармаваньня «дружын» быў звыклы для таго часу — «добраахвотна-прымусовы». Ні правоў, ні спэцыяльнай падрыхтоўкі тыя дружыньнікі ня мелі, і адзінае, што маглі зрабіць, сутыкнуўшыся са злачынцам — гэта выклікаць міліцыю.

Некаторыя ў сацсетках параўналі ідэю новых «дружыньнікаў» з штурмавымі батальёнамі часоў Гітлера. Гэта яўнае перабольшаньне, бо гітлераўцы, як правіла, былі ідэйнымі фанатыкамі, а якая ідэя можа быць у фанатыка Лукашэнкі? За чарку і скварку рызыкаваць здароўем, а то і жыцьцём? Гэта наўрад ці.

Мне бліжэй за ўсё варыянт з ГУБАЗіКам: міліцыянты ў цывільным з балаклавамі на галовах і дубінкамі ў руках. Чым не дружыньнікі? Падкідаеш ахвочым «падхалтурыць» пасьля асноўнай працы — пабегаць па дварах, палавіць музыкантаў ці тых, хто вешае белыя і чырвоныя стужкі. Толькі, здаецца, у іх і так «звышурочных» хапае.

Таксама я сустракаў думку, што Лукашэнка хоча сутыкнуць людзей, штучна распаліць канфлікт унутры грамадзтва. Дык ёсьць жа вэтэраны спэцназу, цэлая грамадзкая арганізацыя. Толькі сьвісьні — хтосьці ды адгукнецца. Для гэтага ня трэба агучваць на ўсю краіну руцінную працу ў справе кіраваньня правакацыямі.

І тым больш малаімаверная вэрсія пра тое, што Лукашэнка не давярае МУСаўцам, таму вырашыў стварыць сваю паралельную структуру. А дзе гарантыя, што «дружыньнікі» не пачнуць адразу ж бараніць людзей ад міліцыі?

Мяркую, Лукашэнка агучыў ідэю з дружыньнікамі таму, што хоча і пасьля свайго сыходу з прэзыдэнцтва бачыць сябе народным лідэрам.

Для Лукашэнкі важная ілюзія сваёй народнасьці і адпаведнай падтрымкі шырокіх слаёў грамадзтва.

Лукашэнка змагаецца з хадой часу

Таму і фантазаваў Лукашэнка перад камэрамі тэлевізійнікаў пра ледзь не чаргу з просьбамі стварыць «народныя дружыны». Гэта ўжо не гульня на публіку, гэта гульня на самога сябе. Пасьля па тэлевізары перагледзець уласны выступ і паківаць галавой, падтакваючы: ага, менавіта, так і ёсьць.

У 1994-м Лукашэнка перажыў надзвычайную эўфарыю, ён і праўда быў народным прэзыдэнтам. Больш за 80% ад больш за 60% з тых, хто прышлі на выбары ў другім туры, — гэта звыш 55% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. Чыстая перамога.

Але за чвэрць стагодзьдзя зьмянілася генэрацыя. Многія з тых, хто галасаваў за Лукашэнку ў 1994-м, ужо пайшлі з жыцьця. А рэшта — такія самыя пэнсіянэры, як і Лукашэнка.

Фактычна Лукашэнка цяпер коштам пакутаў беларусаў спрабуе весьці барацьбу з часам, імітуючы сытуацыю, «як тады».

Чалавек з надзвычай разьдзьмутай ганарлівасьцю вельмі хоча застацца ў гісторыі пазытыўным (як ён сабе ўяўляе пазытыў) героем. Сьмелым, рашучым, строгім, але справядлівым — «бацькам».

«Дружыньнікі» — гэта адна з ідэалягічных саломінак, якія Лукашэнка сам прыдумляе і сам жа за іх хапаецца.

Псыхіка выкручваецца: шукае вонкавыя прычыны паразы

Лукашэнка ўвесь час прыдумляе прычыны, чаму народ ня зь ім. Тут і «заходнія лялькаводы», і «пагроза NATO адабраць Горадзеншчыну», а пасьля і «ўсю Беларусь». Тут і зламысны інтэрнэт ці то з тэлеграфамі, ці то з тэлеграмамі. Тут і завадатары, якіх, здавалася, проста арыштуй — і пратэст затухне.

А пратэст нарастае.

Днямі Лукашэнка агаварыўся, назваўшы беларускі пратэст рэвалюцыяй.

Усё ідзе ня так, як бачылася.

Баяўся рабочых, а тут нечакана для ўсіх студэнты выйшлі масава. І мэдыкі. Усіх мэдыкаў не пасадзіш, шпіталі не закрыеш. Тым больш каранавірус. І так кожны дзень — штосьці новае, нечаканае. І сярод сілавікоў нейкае браджэньне, пастаянна хтосьці адтуль звальняецца.

Псыхіка ачмурэлага ад неабмежаванай улады чалавека, перакананага ва ўласнай велічы, гістэрычна шукае апраўданьне сытуацыі, якая даўно выйшла з-пад кантролю.

Колькі пагрозаў пачулі беларусы ад Лукашэнкі толькі ад сярэдзіны лета, калі на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай прыйшлі больш за 50 тысяч чалавек! Не зьлічыць.

А караван беларускай рэвалюцыі ідзе.

Можа, і нясьпешна, затое няўхільна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG