Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі пра беларускі пратэст: «Выходзяць жа ня ўсе пэнсіянэры, ня ўсе студэнты»


Дзьмітры Мезенцаў, архіўнае фота
Дзьмітры Мезенцаў, архіўнае фота

Пасол Расеі Дзьмітры Мезенцаў выступіў 30 кастрычніка на канале АНТ. Ён сказаў, што старонка пратэстаў у Беларусі «будзе перагорнута», што трэба прыняць працягнутую ўладай руку, і зьдзівіўся, няўжо беларусы хочуць, як у Балтыі.

Масавыя пратэсты скіраваныя супраць «саюзнай дзяржавы»

«Падтрымка [Расеяй] Беларусі і 9,5-мільённага народу — у эканамічным пляне, у гуманітарным, у саюзьніцкім, гарантуючы бясьпеку зьнешніх межаў, а значыць і ўнутранага жыцьця… Таму што сёньня разгойдваньне — гэта ў тым ліку спроба ўзлому бясьпекі, у тым ліку антытэрарыстычнай бясьпекі, адзінай „саюзнай дзяржавы“», — цытуе выступ Мезенцава БелаПАН.

Пра пратэсты: «Гэтая старонка будзе перагорнута»

Што да пратэстаў, якія працягваюцца штодзень амаль тры месяцы, Мезенцаў заявіў, што «выходзяць жа ня ўсе пэнсіянэры, ня ўсе студэнты».

«Важна сёньня, каб гэты складаны пэрыяд, гэтая старонка найноўшай гісторыі была перагорнута. Кажу ня як чалавек на пасадзе ў Міністэрстве замежных спраў, а як чалавек, які суперажывае, шчыра хвалюецца за тое, каб у гэтай блізкай для нас, роднай для нас Беларусі было спакойнае мірнае жыцьцё. Вось гэтая старонка будзе перагорнута».

Пра канстытуцыйную рэформу

«Важна, каб людзі паглядзелі на тыя прапановы, якія дае сёньня ўлада, каб іх адказ на гэты запыт, на працягнутую руку быў шчыры і зацікаўлены, бо гістарычная фаза нагэтулькі важная і адказная, што два бакі, і нават тыя, хто хадзіў на мітынгі, могуць шмат чаго зрабіць для сваёй краіны».

Мезенцаў прыгадаў пра масавыя пратэсты і трагічныя падзеі 1991 году ў краінах Балтыі і штурм Вярхоўнага Савета Расеі ў 1993 годзе, назваў іх «вялізарнай платай за спакой і свабоду».

«Дык чаму ж сёньня некаторыя беларусы ставяць пад сумнеў тыя выдаткі дзеля спакою і свабоды цяперашняй і хочуць вярнуцца да тых вельмі нестабільных часоў, пэрспэктыва якіх абсалютна не відавочная?» — сказаў Мезенцаў.

«Танкі NATO нацэленыя на Беларусь»

«Сёньня танкі NATO нацэленыя на Беларусь, «саюзную дзяржаву», каля найбліжэйшай мяжы Беларусі. Сёньня ў балтыйскіх дзяржавах, — куды мы, ленінградзкія хлопцы, езьдзілі з задавальненьнем у выходныя, у канікулы, сустракаліся з нашымі аднагодкамі, хто з намі вучыўся з прыбалтыйскіх рэспублік, — мы бачым кантынгент войскаў NATO. Падступнае (мала прыкладаў такога бязбожнага грэбаваньня сваім словам) рашэньне высоўваць танкі NATO да межаў Расеі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG