Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: «Урад Беларусі павінен неадкладна пакласьці канец міліцэйскаму гвалту»


Затрыманьне ў Менску на акцыі ў падтрымку страйкоўцаў, 26 кастрычніка 2020

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой крытыкуе дзеяньні ўладаў Беларусі ў супраць мірных пратэстоўцаў і рабочых, якія страйкуюць.

У адказ на новыя акты гвалту з боку міліцыі ў Беларусі і затрыманьне соцень чалавек падчас мірных пратэстаў 25 кастрычніка і з пачаткам агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка Дзяніс Крывашэеў, выканаўца абавязкаў дырэктара Amnesty International ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіў:

«У адказ на задушэньне ўрадам Лукашэнка мірных пратэстаў лідэры апазыцыі заклікалі да пачатку агульнанацыянальнага страйку. Мы з шокам і трывогай бачым, як гэты рэжым, які цягам некалькіх тыдняў ужываў гвалт над дэманстрантамі на вуліцах і ў месцах утрыманьня пад вартай, сёньня накіраваў АМАП у масках для зьбіваньня і арышту рабочых-страйкоўцаў проста на іх працоўных месцах. Улады адкрыта грэбуюць самымі асноўнымі правамі чалавека, і права на страйк стала яшчэ адным, якое было бязьлітасна патаптанае пры дапамозе міліцэйскіх чаравікаў і дубінак».

Таксама ён заявіў:

«Толькі ўчора [25 кастрычніка] сьвятлашумавыя гранаты і гумавыя кулі зноў былі выпушчаныя проста па мірных пратэстоўцах з блізкай адлегласьці. Пратэстоўцаў, якія ўцякалі, перасьледавалі, па іх стралялі і іх білі. Ёсьць шакавальныя кадры, як АМАП урываецца ў прыватную кватэру і б'е людзей, які схаваліся ў ёй. Супрацоўнікі праваахоўных органаў цалкам адмовіліся ад сваёй клятвы абараняць суграмадзянаў і атрымалі поўную свабоду дзеяньняў ва ўжываньні да іх невыбіральнага гвалту і масавых адвольных арыштаў».

«Урад Беларусі павінен неадкладна пакласьці канец міліцэйскаму гвалту над мірнымі дэманстрантамі. Улады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх арыштаваных і прыцягнутых да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці толькі за спробу рэалізаваць свае правы на свабоду выказваньня думак і мірных сходаў, а таксама іх права на стварэньне незалежных асацыяцый і на страйк», – дадаў Крывашэеў.

26 кастрычніка рабочыя «Гродна Азота», аднаго зь вядучых хімічных прадпрыемстваў Беларусі, былі затрыманыя, калі зьбіраліся далучыцца да страйку. Міліцыя пачала іх арыштоўваць яшчэ а 7-й гадзіне раніцы. Паводле дадзеных Праваабарончага цэнтру «Вясна», у сувязі з забастоўкай арыштавалі больш за 100 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG