Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Лукашэнка выдатна разумеў усю пагрозу каранавірусу


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 14 верасьня 2020 г.

Прэзыдэнт Расеі выступіў у абарону палітыкі беларускіх уладаў у барацьбе з пандэміяй COVID-19. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Уладзімір Пуцін на пасяджэньні міжнароднага дыскусійнага клюбу «Валдай» заявіў, што сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі ня горшая, чым у шмат якіх іншых краінах.

«Прэзыдэнт Лукашэнка, я зь ім размаўляў шмат разоў, ён выдатна разумеў усю пагрозу каранавірусу. Але ў Беларусі няма такіх золатавалютных рэзэрваў, няма такой разнастайнасьці эканамічнага ляндшафту. І ён, як кажа, вымушаны быў проста захаваць дзеяздольнасьць эканомікі», — сказаў Пуцін.

Паводле Пуціна, у Расеі такі выбар не стаяў, і прыярытэтам былі абраныя людзі, іх здароўе і жыцьцё.

Пуцін выказаўся і пра досьвед Швэцыі, якая ня ўводзіла абмежаваньняў, якія ўводзілі шмат іншых краінаў, у тым ліку і Расея. Аднак і Швэцыя зазнала спад эканомікі.

«Вынік той самы, занадта ўсё ўзаемазьвязана ў сучасным сьвеце. Але ўжо калі спад эканомікі непазьбежны, тады трэба ў першую чаргу парупіцца пра людзей. Гэтая лёгіка бездакорная», — падкрэсьліў прэзыдэнт РФ.

У Беларусі зьніжэньне ВУП ў студзені–верасьні склала 1.3%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG