Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сьвеце: карантын у Чэхіі і Ірляндыі, камэнданцкая гадзіна ў Францыі, Эўропу чакаюць «лічбавыя» Каляды


Колькасьць хворых на COVID-19 у сьвеце перавысіла 41,5 мільёна чалавек і надалей расьце ў сярэднім па 400 тысяч у содні, паводле зьвестак унівэрсытэту Джонза Гопкінза. Памерлі 1 мільён 138 тысячаў, амаль 75 тысячаў чалавек у цяжкім і крытычным стане.

Пра гэта піша ВВС.

Пяцёрка найбольш пацярпелых краін застаецца нязьменнай: ЗША, Індыя, Бразылія, Расея і Гішпанія. Колькасьць захварэлых перавышае 1 мільён таксама ў Аргентыне, блізкія да гэтай мяжы Калюмбія і Францыя. У Францыі ад сёньня камэнданцкая гадзіна ўводзіцца яшчэ ў 38 рэгіёнах.

Кітай, дзе пачалася пандэмія, паводле гэтага паказьніку знаходзіцца на 54-м месцы ў сьвеце.

Вяртаньне карантыну

Чэхія, якая адносна лёгка перанесла вясновую хвалю, выйшла на першае месца ў Эўропе колькасьцю новых інфікаваных на мільён чалавек. У Чэхіі зноў увялі карантын, з дому там дазволена выходзіць толькі на працу і па неабходныя закупы.

Узмацнілі карантынныя захады ў Ірляндыі і італьянскіх рэгіёнах Ляцыё, Лямбардыя і Кампаньня.

У сераду ў Нямеччыне выявілі 11 287 новых выпадкаў COVID-19 — больш чым калі-небудзь з пачатку пандэміі. Сярод захварэлых — міністар аховы здароўя Енс Шпан. Пакуль ён лечыцца дома.

Кіраўнік Інстытуту Робэрта Коха Лётар Вілер называў сытуацыю надзвычай сурʼёзнай і заклікаў суграмадзян строга выконваць меры засьцярогі.

Вілер усклаў адказнасьць за рэзкі рост захворваньня на моладзь, якая працягвае зьбірацца разам вялікімі кампаніямі.

На найбольш ажыўленых вуліцах Бэрліну ўвялі абавязковае нашэньне масак.

«Лічбавыя» Каляды

У шэрагу краінаў Эўропы скасоўваюць традыцыйныя калядныя кірмашы.

Ужо вырашана не праводзіць сёлета кірмашы ў Бэрліне і Страсбуры — летась іх наведалі адпаведна мільён і два мільёны чалавек.

Дарадца ў пытаньнях аховы здароўя ва ўрадзе Шатляндыі Джэйсан Літч заклікаў усіх рыхтавацца сёлета да «лічбавых» Калядаў.

Многія брытанскія семʼі сёлета могуць сустрэць Каляды без традыцыйнага смажанага індыка. Штогод брытанцы ў гэты пэрыяд зьядалі каля 9 мільёнаў індыкоў.

Прычына — пандэмія і, у выніку, недахоп замежных работнікаў, якія забівалі і апрацоўвалі птушку.

Брытанская рада вытворцаў птушкі папрасіла ўрад дазволіць у якасьці выключэньня прынамсі адной тысячы работнікаў з краін ЭЗ не праходзіць абавязковы для ўсіх тых, хто ўяжджае ў Злучанае Каралеўства, двухтыднёвы карантын.

Туга горшая за каранавірус?

Управа аховы здароўя Швэцыі скасавала рэкамэндацыю грамадзянам, старэйшым за 70 гадоў, не выходзіць з дому безь вялікай патрэбы.

Кіраўнік ведамства Юган Карлсан патлумачыў, што пандэмія зацягнулася і людзі сталага веку ня могуць далей трываць ізаляцыю бяз шкоды для іх душэўнага стану.

«Рызыка ёсьць. Магчыма, крыху больш людзей заразіцца, але мы мусім знайсьці нейкі балянс», — заявіў галоўны мэдык краіны.

Захворваньне ў Швэцыі расьце, але ня так імкліва, як у некаторых іншых краінах Эўропы.

Ад цяпер эпідэміялягічныя рэкамэндацыі ў Швэцыі адзіныя для ўсіх групаў насельніцтва: забарона на масавыя захады, частае мыцьцё рук, захаваньне дыстанцыі і, наколькі мага, праца з дому.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG