Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь уступіла ў працяглы крызіс, сытуацыя як у канцы 80-х у СССР, — эканаміст Раманчук


Рабочыя заводу МАЗ, удзельнікі акцыі пратэсту супраць сфальсыфікавых выбараў і гвалту. Менск, 17 жніўня 2020 году.
Рабочыя заводу МАЗ, удзельнікі акцыі пратэсту супраць сфальсыфікавых выбараў і гвалту. Менск, 17 жніўня 2020 году.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук аналізуе маштабы і працягласьць эканамічнага крызісу, які напаткаў Беларусь, адказвае на пытаньне, якія катэгорыі насельніцтва найперш пацярпяць ад эканамічных праблемаў, і прадказвае, што на пачатку наступнага году ўлады могуць замяніць кіраўніка Нацбанку на «новага Пракаповіча» і пачаць друкаваць грошы.

  • Сьцісла:
  • Амаль на 12 мільярдаў рублёў беларускіх тавараў было адгружана, але грошы за іх не паступілі.
  • Бюджэтнікі стануць галоўным ахвярным казлом, іхнія даходы зьнізяцца першымі.
  • Паставяць новага Пракаповіча, які скажа, што трэба друкаваць грошы.
  • У такім палітычным клімаце толькі вар’яты могуць пачынаць у Беларусі нейкія інвэстыцыйныя праекты.
  • Актыўная фаза «распаду СССР» для Беларусі пачнецца ў 2021 годзе.

— «У Беларусі ў 2021 годзе чакаецца аднаўленчы рост эканомікі і запуск новага інвэстыцыйнага цыклю». Так заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка 20 кастрычніка на пасяджэньні Савету міністраў, дзе абмяркоўваліся праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі і бюджэту на 2021 год. Адкуль беларускі ўрад плянуе браць рэсурсы для інвэстыцыйнага рыўка, ці ёсьць такія магчымасьці?

— Урад працуе быццам незалежна ад эканомікі, ён у сваёй каляіне, яна ў сваёй. Калі я чую прагнозы ўраду і Міністэрства эканомікі, якія кажуць пра нейкі рост нават у гэтым годзе альбо пра рост даходаў у 7 працэнтаў у наступным годзе, — то, мне падаецца, яны ўяўляюць Беларусь нейкім тыграм, а дакладней, буслам, які гатовы ўзьляцець.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Але калі паглядзець на факты і лічбы, фінансы, стан бюджэту, то ніякага аптымізму не відаць. Галоўчанка проста выдае тое, што трэба сказаць. За 9 месяцаў мы маем падзеньне ВУП на 1,3 працэнта, сур’ёзныя праблемы з экспартам і інвэстыцыямі. Але падзеньне было б значна большае, каб не статыстычныя хітрыкі. Гэта можна пабачыць у такім паказчыку, як дэбіторскія даўгі. Замежная дэбіторская запазычанасьць павялічылася на траціну. Амаль на 12 мільярдаў рублёў беларускіх тавараў было адгружана, але грошы за іх не паступілі.

Так што беларускі «цуд» (вельмі нізкае падзеньне ВУП) — гэта цуд статыстыкі і мэтодыкі. То бок галачна-палачная сыстэма працуе, а эфэктыўнасьць і якасьць не цікавіць.

— Можа, Галоўчанка ў сваіх аптымістычных прагнозах мае нейкія таемныя веды пра патэнцыйныя крэдытныя і інвэстыцыйныя рэсурсы, пра якія мы з вамі ня ведаем?

— Калі гавораць пра аптымізм... Глядзіце, бюджэт за 2020 год будзе дэфіцытны, дзірка недзе 5 мільярдаў рублёў. У экспарце мы згубім недзе 7 мільярдаў даляраў за гэты год. Наконт інвэстыцыяў вельмі гратэскная сытуацыя, калі кітайцы адмовіліся нават прабачыць крэдыт на беларускі спадарожнік, які запусьцілі, але ніхто ня ведае навошта. Расейскія СМІ, дый урад, кажуць, што Беларусь не выконвае сваіх абавязаньняў, таму больш мы крэдытаў не дамо.

Беларусь атрымала найгоршы крэдытны рэйтынг. Унутраных рэсурсаў няма, бо Лукашэнка сваімі рукамі душыць ІТ-сэктар. У гэтым кантэксьце, у такім палітычным клімаце толькі шалёныя людзі могуць пачынаць у Беларусі нейкія інвэстыцыйныя праекты.

Выглядае на тое, што з усіх зол недзе ў канцы году Лукашэнка выбера інфляцыйны і дэвальвацыйны варыянт. На дэвальвацыі заробяць тыя людзі, якія сёньня разгружаюць тавары ў замежжа. А звычайныя людзі, навучаныя горкім досьведам, здымаюць даляры з банкаў. Таму я ня бачу аніводнай навукова акрэсьленай эканамічнай крыніцы росту ў 2021 годзе.

— Які ваш аналіз — на колькі ўпадзе беларуская эканоміка ў гэтым годзе?

— Замежная дэбіторская запазычанасьць — 12 мільярдаў. Разам з складзкімі запасамі гэта амаль 13 працэнтаў ВУП. Запазычанасьць прадпрыемстваў па крэдытах — больш чым гадавы ВУП. Калі скончацца рэсурсы, якія выкарыстоўвае ўрад, каб гэтая галачна-палачная сыстэма працавала, — гэта недзе пачатак наступнага, 2021 году.

І тады нас будзе чакаць адстаўка кіраўніцтва Нацбанку, паставяць новага Пракаповіча, які скажа, што трэба ратаваць нацыянальную эканоміку, таму трэба друкаваць грошы, як гэта кажа дарадца Лукашэнкі Бельскі. Падзеньне ВУП сёлета будзе звыш 3 працэнтаў, але ніякага росту ў наступным годзе таксама ня будзе.

І чым больш яны будуць арыентавацца на валавыя паказчыкі сёлета, тым горш будзе ў наступным годзе. Бо гэта таксычныя актывы, якія назапашаныя ў банкаўскай, фінансавай сыстэме, на ўзроўні прадпрыемстваў. Напрыклад, страты ў будаўнічай галіне вырасьлі сёлета больш як у 8 разоў. І адкуль возьмецца абаротка, калі попыту на беларускія тавары на замежных рынках няма, а ўнутраны рынак абмежаваны?

— Калі ўсяму грамадзтву давядзецца зацягваць паясы, то хто, якія галіны і слаі пацярпяць найбольш? А якія сьвятыя каровы заўсёды будуць мець сваё?

— Перш за ўсё пацярпяць бюджэтнікі, гэта заўсёдны «ахвярны казёл». Ім скажуць — глядзіце, прадукцыйнасьць працы падае, адкуль мы можам вам павялічыць даходы? Другое — гэта сярэднія і малыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія былі на мясцовых бюджэтах. Бо асноўныя грошы пойдуць буйным прадпрыемствам. І замест таго, каб гэтыя «пункты росту» нас кармілі — яны будуць атрымліваць грошы зь бюджэту. Маўляў, нам трэба скончыць інвэстыцыйныя пляны, дайце нам яшчэ пару мільярдаў даляраў.

Ня трэба спадзявацца на захаваньне пакупной вартасьці пэнсіяў, заробкаў. Бо Беларусь уступіла ў зацяжны сыстэмны крызіс эканомікі, сацыяльны, валютна-фінансавы крызіс. Ніхто ня будзе браць крэдыты па 30–35 працэнтаў у рублях, каб падтрымліваць сваю вытворчасьць.

Але той 1 працэнт людзей, якія разьмяркоўваюць бюджэт, здолее захаваць свае пазыцыі, больш за тое, яны ўжо гатовыя разьдзярбаніць дзяржаўныя актывы.

— Улада пасварылася з Захадам — і, адпаведна, пазбавілася фінансавай падтрымкі Эўразьвязу, шматлікіх грантаў, пазбавілася патэнцыйных крэдытаў і інвэстыцыяў. Наколькі гэта сур’ёзны ўдар па пэрспэктывах беларускай эканомікі — на той час, пакуль улада ў Беларусі ня зьменіцца?

— Днямі ЗША зноў пацьвердзілі, што Беларусь не зьяўляецца краінай з рынкавай эканомікай. Мяркую, такое ж рашэньне прыме і Эўразьвяз. Ва ўмовах грубага парушэньня правоў чалавека нават Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ня будзе працаваць у Беларусі, мы страцім у выніку сотні мільёнаў даляраў. МВФ ня даў крэдыт і ўжо ня дасьць, пакуль ня зьменіцца ўлада. Таксычна працаваць зь беларускімі ўладамі сёньня.

Лукашэнка шмат разоў казаў, што траціна экспарту тавараў павінна ісьці ў Эўразьвяз, што трэба дывэрсыфікацыя. Але за 8 месяцаў гэтага году экспарт у Эўразьвяз складае толькі 17 працэнтаў. У ранейшыя гады было 25–30, а цяпер 17.

Таму трэба задаць пытаньне: а што цікавіць эўрапейскіх пакупнікоў? І адказ расчаруе Лукашэнку — ніякія беларускія тавары сёньня не цікавяць эўрапейскіх пакупнікоў, бо Беларусь працуе ў рэжыме самаізаляцыі і не зьяўляецца рынкавай эканомікай. Гэта будзе стратэгічная задача для будучага дэмакратычнага ўраду.

— Вы сказалі, што Беларусь уступае ў працяглы эканамічны, структурны крызіс. Але з чым у беларускай гісторыі яго можна параўнаць? Ці гэта 90-я, ці гэта дэвальвацыя 2011-га, ці падзеньне ў 2016-м?

— Я б параўнаў гэта з канцом 80-х, калі стваралі ўмовы для распаду СССР. Буксавала эканоміка, старыя крыніцы росту перасыхалі. І тады, і цяпер быў спадзеў на нейкі цуд, што само неяк «рассмокчацца».

У Беларусі сёньня на нафце ўжо шмат не заробіш, улады задушылі творчы патэнцыял эканомікі, прадпрымальніцтва ўжо ня дыхае, альбо дыхае ў шэры сэктар эканомікі. Узровень таксычных актываў зашкальвае, Расея, якая больш рынкавая, канкуруе зь беларускімі таварамі — усё гэта ставіць нас на мяжу інстытуцыянальнага, структурнага крызісу, больш сур’ёзнага за крызісы 2011 і 2016 гадоў.

Так што актыўная фаза «распаду СССР» для Беларусі пачнецца ў 2021 годзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG