Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі апусьціліся да парогавага ўзроўню


Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 кастрычніка склалі 7.321,4 мільёна даляраў ЗША і зьнізіліся да мінімальнага значэньня з красавіка 2019 году.

«За верасень 2020 году золатавалютныя рэзэрвы зьнізіліся на 136,4 млн даляраў ЗША (на 1,8%) пасьля зьніжэньня ў жніўні на 1.399,6 млн даляраў (на 15,8%)», — паведамляе Нацыянальны банк Беларусі.

Паводле Нацбанку, зьніжэньне па выніках верасьня ў асноўным абумоўлена плянавым пагашэньнем урадам зьнешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце на суму 299,7 мільёнаў даляраў ЗША, а таксама зьмяншэньнем кошту манэтарнага золата. Падтрыманьню ўзроўню золатавалютных рэзэрваў у верасьні спрыялі купля банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку і паступленьне замежнай валюты ў бюджэт.

Замежныя аналітыкі мяркуюць, што да канца 2020 году золатавалютныя рэзэрвы Беларусі могуць апусьціцца ніжэй за мэтавы паказьнік (7,3 мільярда даляраў), які ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі вызначыў Нацбанк Беларусі, піша БелаПАН.

«Па нашых разьліках, да канца бягучага году аб’ём золатавалютных рэзэрваў краіны можа апуслціцца ніжэй за 7 мільяраў даляраў ЗША, у тым ліку з прычыны неабходнасьці пагашэньня і абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу», — гаворыцца ў верасьнёўскім аглядзе, які падрыхтавалі аналітыкі Эўразійскага банку разьвіцьця.

На 1 студзеня 2020 году золатавалютныя рэзэрвы Беларусі складалі 9 мільярдаў 393,5 мільёна даляраў. З пачатку году яны зьнізіліся больш чым на 2 мільярды даляраў.

У гэтым годзе рэзэрвы двойчы істотна зьніжаліся: у сакавіку — на 1.018,4 млн даляраў, у жніўні — на 1.399,8 мільёна. Зьніжэньне было абумоўлена ростам дэвальвацыйных чаканьняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам у Беларусі. Істотнае павелічэньне рэзэрваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу эўрабондаў рэзэрвы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG