Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пайшлі 1,4 млрд даляраў золатавалютных рэзэрваў Беларусі і ці дапамогуць расейскія грошы


Пункт абмену валюты. Ілюстрацыйнае фота

Скарачэньне золатавалютных рэзэрваў зьвязана з падвышаным попытам на замежную валюту, а таксама з адтокам валютных дэпазытаў, мяркуюць экспэрты.

Мінус 1,4 мільярда даляраў толькі за жнівень — так скараціліся золатавалютныя рэзэрвы.

Дзьмітры Крук
Дзьмітры Крук

На думку эканаміста цэнтру эканамічных дасьледаваньняў Beroc Дзьмітрыя Крука, гэта зьвязана з тым, што людзі пайшлі ў абменьнікі па замежную валюту, а таксама пачалі забіраць свае дэпазыты з банкаў.

«Гэты падвышаны попыт часткова быў формай грамадзянскага пратэсту. Больш важная тэндэнцыя — адток валютных дэпазытаў, бо не ва ўсіх банкаў было дастаткова валютнай ліквіднасьці, таму яны самі выходзілі на валютны рынак і выступалі пакупнікамі валюты. Гэта істотны выклік фінансавай стабільнасьці. Улады ў гэты ж час заціснулі рублёвую ліквіднасьць, каб рублёў было як мага меней, каб запаволіць дынаміку курсу даляра. Калі курс даляра будзе далей расьці, то гэта адаб’ецца на якасьці банкаўскіх актываў», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Чым гэта небясьпечна

Нацбанк прыклаў усе намаганьні, каб стабілізаваць валютны рынак: прадаваў ЗВР, каб стабілізаваць курс рубля, а таксама скарачаў прапанову рублёў. Але, на думку эканаміста, гэта адаб’ецца на рэальным сэктары.

«Крэдытная падтрымка дзейнасьці прадпрыемстваў будзе аслабляцца ў бліжэйшыя месяц-тры, гэта адаб’ецца і на заробках супрацоўнікаў. Зь фінансавай сфэры праблема пяройдзе ў рэальны сэктар», — кажа Дзьмітры Крук.

Пры гэтым адток дэпазытаў з банкаў не спыняецца, таму ў працяглым пэрыядзе такая палітыка Нацбанку не ўратуе ад праблем, лічыць Дзьмітры Крук.

Ці ўратуюць 1,5 мільярда даляраў ад Расеі

Падчас сустрэчы ў Сочы 14 верасьня Ўладзімір Пуцін паабяцаў Лукашэнку падтрымку ў 1,5 мільярда даляраў. Паводле Дзьмітрыя Крука, «гэта толькі адтэрміноўка і зьмякчэньне праблемы».

«Гэта падтрымка золатавалютных рэзэрваў, але праблемы будуць праяўляцца, калі не ў фінансавай, то ў рэальнай сфэры. Гэтыя праблемы адаб’юцца на заробках, на прадпрыемствах. Невядома, будуць гэтыя грошы рэальнымі ці гэта проста рэфінансаваньне існых даўгоў. Для беларускага боку важна атрымаць жывыя грошы, але ўсё адно частка пойдзе на выплату даўгоў Расеі», — гаворыць Дзьмітры Крук.

Вонкавы доўг Беларусі зь ліпеня павялічыўся на 3,7% і на 1 жніўня склаў 17,8 мільярда даляраў. Беларусь павінна сёлета выплаціць па валютным дзяржаўным доўгу каля $3,6 млрд , зь іх $2 млрд ужо выплацілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG