Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хацеў разглядаць палітычныя справы». Судзьдзя зь Пінску звольніўся з працы 


Суд Пінскага раёну і гораду Пінску

32-гадовы судзьдзя Аляксей Пацко зь Пінску вырашыў пакінуць пасаду. Прычынай сталі жнівеньскія падзеі ў краіне.

«Я сапраўды напісаў заяву, — пацьвердзіў „Нашай Ніве“ Аляксей Пацко. — Прыняў такое рашэньне яшчэ да выбараў — 6 жніўня. Прычынай стала палітычная абстаноўка ў краіне, тое, што адбываецца цяпер. У тым ліку я не хацеў разглядаць справы паводле артыкула 23.34» (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Пацко тлумачыць, што суды падзеленыя на дзьве калегіі — грамадзянскія справы і адміністрацыйныя/крымінальныя. Ён быў у другой.

«Адміністрацыйныя справы разглядаюцца паводле графіку, па чарзе. Фармальна адмовіцца нельга. Але 6 жніўня я адмовіўся ад некалькіх палітычных спраў і, разумеючы наступствы, адразу прапанаваў сам, што напішу заяву на звальненьне. Пакуль дапрацоўваў, разглядаў усё — і крымінальныя, і адміністрацыйныя справы. Акрамя палітычных, мне іх проста ня ўпісвалі ў графік».

Як кажа Аляксей Пацко, паўнамоцтвы судзьдзі дзейнічаюць 5 гадоў. Пасьля дакумэнты на перапрызначэньне ідуць у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Каб ён ня вырашыў звольніцца, то працягваў бы працу — яго дакумэнты ўжо там ляжалі.

Яшчэ ўзімку ён спакойна вёў «палітычныя справы». Калі летась у сьнежні пінчукі выйшлі на вуліцу з плякатамі супраць інтэграцыі з Расеяй, судзьдзя Пацко прызнаў іх вінаватымі ў незаконным масавым мерапрыемстве і пакараў штрафамі. Што ж зьмянілася?

«Я згодны, што тыя палітычныя справы падобныя да сёньняшніх. Пытаньне больш ува мне. Можа, раней я быў гатовы неяк паступіцца часткай сваіх прынцыпаў, але пасьля зразумеў, што паступаючыся нават чымсьці малым, губляеш штосьці большае», — камэнтуе ён.

У Аляксея трое малых дзяцей. Жонка ягонае рашэньне аб звальненьні зразумела.

«Пытаньне працы пакуль адкрытае. На іншую дзяржслужбу наўрад ці пайду. Няма сэнсу, сыходзячы з высокай пасады, вяртацца ў сыстэму на нейкую ніжэйшую, мяняць кепскае на горшае. Адвакатура? Там высокі парог уваходу, і канчатковае рашэньне прымае Міністэрства юстыцыі. Пакуль што мая сытуацыя не катастрафічная, і я ня маю патрэбы ў нейкай фінансавай дапамозе».

Ці не баіцца былы судзьдзя, што пасьля сваіх прызнаньняў можа трапіць за краты?

«Прымаючы рашэньне аб звальненьні, я кіраваўся простым правілам — калі штосьці робіш, то будзь гатовы да любых наступстваў», — падсумаваў Аляксей Пацко.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG