Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве замест «Партызанскага маршу» гараджане правялі лякальныя акцыі


Акцыя ў Магілёве ў падтрымку арыштаванага мэдыка
Акцыя ў Магілёве ў падтрымку арыштаванага мэдыка

У Магілёве прыхільнікам пераменаў не далі сабрацца ў цэнтры гораду, які заблякавалі міліцыянты. Замест маршу адбыліся лякальныя пратэставыя «вылазкі».

Адна з такіх «вылазак» была ў падтрымку мэдыка Андрэя Вярбіцкага, якога ад 29 верасьня трымаюць у мясцовым ізалятары. Падчас затрыманьня яго паранілі, і тры дні ён правёў у лякарні. 38-гадовага рэнтген-лябаранта стаматалягічнай паліклінікі судзілі двойчы, агулам далі 26 дзён арышту.

Амапаўцы вышукваюць у жанчын «палітычныя букеты»
Амапаўцы вышукваюць у жанчын «палітычныя букеты»

Прыхільнікам пераменаў не ўдалося нагадаць пра лёс мэдыка ў цэнтры гораду. Як і ў мінулыя выходныя, цэнтар быў пад кантролем міліцыі. Пляцоўка перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», адкуль раней пачыналі свае шэсьці пратэстоўцы, патрулявалася АМАПам. Каля кінатэатру «Радзіма», нападалёк адгэтуль, быў карцінна прыпаркаваны аўтазак.

Патэнцыйныя ўдзельнікі «Партызанскага маршу» невялікімі групамі прагульваліся па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Жанчыны былі з кветкамі і ў бела-чырвонай «палітычнай адзежы». Інцыдэнтаў зь міліцыянтамі не было. Яны назіралі за абстаноўкай. Над вуліцай баражаваў дрон.

Больш за два дзясяткі прыхільнікі пераменаў сабраліся на ўзьбярэжнай ракі Дубравенкі на ўлюбёным месцы адпачынку гараджанаў. Разгарнулі расьцяжку зь імем зьняволенага мэдыка, бел-чырвона-белы сьцяг, а свае твары прыкрылі фатаздымкам Вярбіцкага.

Акцыя ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага
Акцыя ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага

Тым часам, як пішуць у тэлеграм-каналах, «партызанскія» акцыі пратэсту прайшлі ў мясьцінах з пазнавальнымі магілёўскімі краявідамі. Так, на фоне «Трыюмфальнай аркі» гараджане зладзілі пікет зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Акцыя пратэсту магілёўцаў каля «Трыюмфальнай аркі» на ўезьдзе ў горад
Акцыя пратэсту магілёўцаў каля «Трыюмфальнай аркі» на ўезьдзе ў горад

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчына паблізу аўтавакзалу зладзіў адзіночны пікет зь бел-чырвона-белым сьцягам. Пра яго затрыманьне праваабаронцам паведамілі мінакі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG