Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уявіце сабе — лазьня пад канвоем!» — жонка адваката Максіма Знака расказвае пра яго зьняволеньне


Максім Знак, архіўнае фота

Жонка Максіма Знака Надзея расказала Свабодзе, як лазьня, дазволеная Лукашэнкам палітвязьням, натхніла яе мужа на верш, навошта яна перадае мужу на Валадарку бярушы і чаму перамовы ў турме ня могуць быць «мэдыяцыяй».

«Тое, што Ільля Салей дома, а не ў СІЗА, — гэта добрая навіна»

Ільлю Салея, аднаго з адвакатаў Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай, вызвалілі зь СІЗА. За кратамі застаюцца яшчэ два юрысты — адвакат Максім Знак і сябра Каардынацыйнай рады юрыстка Лілія Ўласава.

«Тое, што Ільля Салей дома, а не ў СІЗА — гэта добрая навіна. І гэта вынік нашага з вамі мірнага ціску на рэжым», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Умовы, на якіх вызвалілі Ільлю Салея, пакуль невядомыя. Юрысты мяркуюць, што гэта можа быць хатні арышт.

«Што тычыцца ўмоваў, усё залежыць ад сьледчага, які вядзе справу. Усе абмежаваньні павінны быць прапісаныя ў пастанове аб зьмяненьні меры стрыманьня. Сапраўды, бываюць умовы, калі міліцыянты знаходзяцца круглыя суткі ў кватэры пазьменна. Ёсьць выпадкі, калі чалавеку проста забаронена пакідаць кватэру. Гэта вызначае сьледчы», — патлумачыў Свабодзе юрыст, які пажадаў застацца ананімным.

«Асноўны і першы прынцып мэдыяцыі — роўнасьць двух бакоў. Якая ў СІЗА можа быць роўнасьць?»

Надзея Знак — жонка Максіма Знака, другога адваката Бабарыкі і Калесьнікавай, і сама адвакатка. Вызваленьне Ільлі Салея для яе — добрая навіна і добрая прыкмета.

«Дачакаемся камэнтароў ад Ільлі ці ягоных адвакатаў. Гэта добрая навіна. Вельмі хацелася, каб і Максіма, і Лілію Ўладзімераўну Ўласаву выпусьцілі як мага хутчэй. Ёй цяжэй, чым усім астатнім. Хлопцы, ды яшчэ маладыя, вытрымаюць усе ўмовы, гэта толькі пытаньне часу. А жанчыне такія выпрабаваньні цяжка вытрымаць. Такая недарэчная мера ўжытая!

Зусім незразумела, якую небясьпеку ўяўляе для грамадзтва выдатная юрыстка, мэдыятарка, якая стварала мэдыяцыю для Рэспублікі Беларусь, пісала закон», — кажа Надзея Знак.

Архіўнае фота. Максім Знак, Марыя Калесьнікава і і Ільля Салей
Архіўнае фота. Максім Знак, Марыя Калесьнікава і і Ільля Салей

З рэплікай, што Аляксандар Лукашэнка, які спрабаваў тыдзень таму наладзіць дыялёг у СІЗА, магчыма, і меў на ўвазе мэдыяцыю, адвакатка Надзея Знак не пагадзілася.

«Што ёсьць мэдыяцыя? Гэта мірныя перамовы і выйсьце зь нейкага канфлікту. Дапамагчы і зрабіць усё, каб сытуацыя вырашылася.

Я вам як мэдыятар магу сказаць, што гэта не была мэдыяцыя. Бо асноўны і першы прынцып мэдыяцыі — гэта роўнасьць двух бакоў. Якая тут можа быць роўнасьць?» — кажа Надзея Знак.

Бярушы супраць «Русского радио»

Максім у СІЗА ня траціць аптымізму, кажа Надзея. Дзень таму ў яе прынялі чарговую перадачу для Максіма — рэчы, ежу

«Камэра ў яго тая самая — 62-я, нічога не зьмянілася, там знаходзяцца 3 чалавекі. Максім ужо звыкся са сваімі новымі „апартамэнтамі“, як ён называе камэру. Гэтыя „апартамэнты“ крыху горшыя за папярэднія, бо яны ніжэй за першы паверх, брудныя сьцены. Мы перадалі розныя рэчы, каб зрабіць парадак і прывесьці камэру ў добры стан.

І людзей там менш, менш крычыць „Русское радио“, якое было катаваньнем. Але ў папярэдніх „апартамэнтах“ было яшчэ і БТ. Максім прасіў перадаць бярушы, а яны не дапамагалі. Бярушы можна было перадаць адзін раз у мэдычную перадачу. Што ні тыдзень — у яго новыя прыгоды», — расказвае жонка.

Цяпер Максім у творчым, узьнятым настроі, піша шмат вершаў, песень. Надзея жартуе, што гэта такі творчы адпачынак, бо ў тым графіку, які быў у Максіма апошнія некалькі гадоў, хапала часу толькі на працу і спорт.

«А за кратамі, пасьля таго як ён адаспаўся пару тыдняў, пайшоў творчы ўздым. Разумныя і творчыя заўсёды знойдуць варыянты, як выжыць у складаных абставінах. Спадзяёмся, што такія прыгоды, якія цяпер перажывае Максім, будуць пачаткам нечага новага» — кажа жонка Максіма Знака.

«Уявіце сабе — лазьня пад канвоем!»

Надзея Знак пацьвердзіла, што лазьня ў мінулую нядзелю ў дзясятка сядзельцаў «амэрыканкі» сапраўды была.

«Гэта было вельмі сьмешна. Уявіце сабе — лазьня пад канвоем! Калі ў цябе за сьпінай стаіць канваір, неяк ня тое што няёмка, а дзіка. Пасьля лазьні ў Максіма нарадзіўся верш «Злачынства», я яго нават у фэйсбуку разьмясьціла. Галоўны вынік лазьні — можна было пабачыць жоўтае лісьце, зялёную траву ды лес.

Злачынства

Калі трэба сазнацца ў злачынстве —
Прызнаю, вінаваты, я скраў:
Я пабачыў жоўтае лісьце,
Хоць такога ўжо не чакаў.
Звыкся з думкай, што восень-гарэза
Сыдзе прэч, не спаткаюся зь ёй,
Але дыхаў я водарам лесу
І скраў восень, восень са мной

Адвакатаў Ільлю Салея і Максіма Знака затрымалі 9 верасьня, у кватэрах правялі ператрус, юрыстаў зьмясьцілі ў СІЗА. 10 кастрычніка яны былі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у «амэрыканцы». 16 кастрычніка Ільлю Салея вызвалілі.

Ільля Салей, Максім Знак і Марыя Калесьнікава — падазраваныя ў крымінальнай справе за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG