Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі няма выказваньняў, што аспрэчваць?» Адвакаты пра абвінавачаньне Максіму Знаку


Максім Знак

Абарона адваката Максіма Знака абскардзіла ў Генпракуратуру абвінавачаньне, прад’яўленае яму 18 верасьня. Пра гэта Tut.by паведамілі адвакаты палітвязьня Дзьмітры Лаеўскі і Яўген Пыльчанка.

У скарзе ставіцца пытаньне аб незаконнасьці пастановы аб прыцягненьні Максіма Знака ў якасьці абвінавачанага паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.

«У абвінавачаньні павінна быць апісаньне часу, месца і іншых абставінаў пэўных дзеяньняў. Нічога гэтага няма. Самае галоўнае, не прыводзяцца канкрэтныя выказваньні, якія сьледчы лічыць заклікамі. А калі іх няма, то што аспрэчваць? Раз іх нават не напісалі, значыць, такія выказваньні ня выяўленыя ў прынцыпе; гэта значыць, адсутнічае такая прыкмета злачынства. Таксама не тлумачыцца, якім чынам некаторыя выказваньні Максіма Знака маглі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы», — заявіў Дзьмітры Лаеўскі.

Абаронцы настойваюць на незаконнасьці і неабгрунтаванасьці ўзяцьця Максіма Знака пад варту і будуць прасіць заслухаць адвакатаў, гатовых прыняць асабістае паручальніцтва за зьняволенага калегу.

18 верасьня Максім Знак быў абвінавачаны ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь». У адказ ён абвясьціў галадоўку, якую трымае да гэтага часу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG