Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку ў СІЗА


Максім Знак

Адвакат і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку на знак нязгоды з выстаўленымі яму абвінавачаньнямі, паведаміў Tut.by абаронца Знака Дзьмітры Лаеўскі.

18 верасьня Максіму Знаку выставілі абвінавачаньне паводле ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

«Абвінавачваньне ўсё так жа, як і падазрэньні, ня канкрэтызавана, зь яго ня ясна, якія менавіта выказваньні Максіма расцэньваюцца ў якасьці накіраваных супраць нацыянальнай бясьпекі, і яно ўсё так жа заключаецца ў перасьледзе за выказваньне меркаваньня. У сувязі зь незаконнасьцю крымінальнага перасьледу і адвольнага заключэньня пад варту адвакат Максім Знак 18 верасьня, з моманту прад’яўленьня абвінавачваньня, афіцыйна абвясьціў адмову ад прыняцьця ежы. Пра гэта ён апавясьціў пісьмова адміністрацыю СІЗА», — распавёў Дзьмітры Лаеўскі.

Паводле Лаеўскага, Максім Знак прыйшоў да высновы, што ў Беларусі не працуюць праўныя мэханізмы абароны правоў і свабодаў асобы, і ва ўмовах СІЗА ён ня бачыць іншых спосабаў барацьбы, «улічваючы відавочнасьць абсурднасьці таго, што адбываецца ў частцы абвінавачваньня ў злачынстве за свабоднае выказваньне грамадзянамі сваёй думкі».

Такое ж абвінавачаньне Сьледчы камітэт выставіў сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і адвакату Віктара Бабарыкі Ільлю Салею.

Зь сямёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады шэсьць альбо затрыманыя, альбо гвалтоўна вывезеныя за мяжу. На волі застаецца толькі нобэлеўская ляўрэатка пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, але і да яе сёньня прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы.

Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў краіне створана з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер у Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генэральная пракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG