Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дых хто рыхтуе правакацыю, пра якую заяўляе старшыня КДБ


Практыка спэцслужбаў у праўных краінах — не паведамляць публічна пра нейкія вядомыя ім падрыхтаваныя тэракты і падобнае; заявы робяць ужо пасьля таго, як тэрарысты абясшкоджаныя.

Таму заяву старшыні КДБ аб «правакацыі, якая рыхтуецца ў нашай краіне» ў мэтах «дэстабілізацыі сытуацыі» можна было б аднесьці да чыста прапагандысцкіх крокаў — каб запалохаць удзельнікаў пратэставых акцыяў.

Падобнае рабілі КДБ і пракуратура яшчэ ў пачатку 90-х. Можна прыгадаць, як у лютым 1990-га, перад выбарамі ў Вярхоўны Савет, дзяржаўныя СМІ заклікалі людзей не выходзіць на агульнанацыянальны мітынг, бо рыхтуецца правакацыя з праліцьцём крыві. Людзі, аднак, выйшлі і пасьля 100-тысячнага мітынгу перад Домам ураду рушылі да тэлецэнтру, дзе патрабавалі эфіру для лідэраў БНФ (Пазьняк і яго паплечнікі атрымалі эфір). У лістападзе 1993-га, калі апазыцыя патрабавала адстаўкі Кебіча і стварэньня кааліцыйнага ўраду, таксама заяўлялася, што нібыта рыхтуецца праліцьцё крыві. У будынак Вярхоўнага Савету быў уведзены батальён спэцназу — натуральна, ніхто нідзе нікога і пальцам не крануў.

Вось ужо трэці месяц масавыя выступы носяць падкрэсьлена мірны характар.

Ні сярод лідэраў апазыцыі, ні сярод хоць колькі-небудзь прыкметных грамадзкіх дзеячоў няма ніводнага, хто выступаў бы за прымяненьне сілы да супрацоўнікаў праваахоўных органаў (пры тым што апошнія выкарыстоўваюць надзвычай жорсткія мэтады). Як слушна заўважыў публіцыст Аляксандар Старыкевіч, пераход да сілавых мэтадаў паставіў бы пратэстоўцаў у апрыёры пройгрышнае становішча, бо ў рэжыму арсэнал такіх мэтадаў непараўнальна большы.

Аднак нельга выключаць, што самі спэцслужбы рыхтуюць нешта, што дазволіць перавесьці сытуацыю ў зусім іншую плашчыню і заявіць, што прымяненьне баявой зброі (пра якое ўжо кажуць кіраўнікі МУС) было вымушаным крокам.

Калі так, гэтым самым рэжым пераступіць мяжу, якая аддзяляе палітычны крызіс ад грамадзянскай вайны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG