Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Кебіч уводзіць войскі ў Дом ураду


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кнігу можна атрымаць на прэзэнтацыі, якая пройдзе ў сераду 17 кастрычніка ў 18.30 у сядзібе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39).

Лявон Дзейка (Клецкая выбарчая акруга № 62): Я зачытаю вам заяву II зьезду Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. «…У праваднікоў бруднай прапаганды прамываньня мазгоў усіх часоў і народаў прыёмы тыя самыя. Падрыхтоўка інфармацыі згодна з гэтымі прыёмамі простая: спачатку распусьціць плётку, абвінавачаньні, а потым павесьці ўсіх на барацьбу з тым, пра каго плётка распушчана. Здольнымі нашчадкамі мастакоў бруднай прапаганды мінулага паказалі сябе аўтары ананімных заявак 7 верасьня і 5 лістапада, падпісаных “Совет Министров Республики Беларусь”. Яны абвінавацілі БЗВ і іншыя дэмакратычныя рухі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, стварэньні ўзброеных аддзелаў, ледзь не ў жаданьні зброяй скінуць урад… Гэткая хлусьня, што мела месца ў заяве Савету міністраў ад 7 верасьня, засталася беспакаранай, разьвілася і фактычна вырасла да спробы дзяржаўнага перавароту 9 лістапада. Заявай 5 лістапада найбольш артадаксальныя прадстаўнікі правячай намэнклятуры хацелі стварыць крызісную сытуацыю ў грамадзтве для ўвядзеньня надзвычайнага становішча, забароны дэмакратычных і патрыятычных арганізацый… Мы заўжды карысталіся законнымі мэтадамі, а тых, хто імкнецца пераступіць гэтую апошнюю рысу, БЗВ папярэджвае, што яны будуць несьці асабістую адказнасьць у адпаведнасьці з законам і шыльда “Савет міністраў” іх не ўратуе».

Выступ у "Розным"

У пачатку кастрычніка Вячаслаў Кебіч прадэманстраваў, што палітык ён ня толькі гнуткі, але і элястычны, здольны імгненна перакруціцца на 180 градусаў.

Адразу пасьля перамогі Ельцына над «чырвона-карычневымі», літаральна ў той самы дзень Кебіч выступіў з заявай, у якой падтрымаў «курс дэмакратычных рэформ і пераўтварэньняў, якія праводзяцца ўрадам Расеі» — нібыта не ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі яшчэ ўчора абдымаліся з тымі, хто абяцаў гэты расейскі ўрад павесіць на Краснай плошчы.

Кебіч прыгадаў і беларускія «дзяржаўнасьць» і «сувэрэнітэт». Але — пахваліўся, што «мы падышлі ўсутыч да стварэньня эканамічнага саюзу і цьвёрда перакананыя ў тым, што толькі коштам аб’яднаньня можна аднавіць абарваныя гаспадарчыя сувязі».

Так што — не зусім на 180 градусаў павярнуўся Кебіч, магчыма, толькі на 90. Але мы былі перакананыя, што не павярнуўся ні на градус, што заявы пра дэмакратыю і сувэрэнітэт — толькі словы напалоханага чалавека

І вось тут бы Шушкевічу — званок Ельцыну, заручыцца ягонай падтрымкай (інфармацыі пра пазыцыю Кебіча ў апошнія месяцы хапала) і запатрабаваць адстаўкі ўраду (ці хоць бы сваіх асабістых праціўнікаў — Данілава, Казлова). Але …

За некалькі дзён перад сэсіяй, якая была прызначаная на 9 лістапада, мы правялі антыкарупцыйны мітынг перад будынкам Вярхоўнага Савету на Карла Маркса. Прыйшло некалькі тысяч чалавек, і яны падтрымалі нашае рашэньне ісьці на сэсію з патрабаваньнем адстаўкі ўраду Кебіча.

5 лістапада Савет міністраў выступіў са зваротам, у якім абвінаваціў БНФ у закліку да стварэньня баявых дружын, узброеных выступаў ды распальваньня міжнацыянальнай варожасьці. Як нам адразу стала вядома, тэкст пісаўся ў кабінэце прэс-сакратара прэм’ера Ўладзімера Замяталіна.

6 лістапада прадстаўнікі дэмакратычных сілаў выступілі з заявай, у якой абверглі сьцьвярджэньні ўраду.

«Мы проціпастаўляем правакацыйным, гвалтоўным дзеяньням ураду цывілізаваныя крокі ў межах законнасьці. Мы патрабуем ад Вярхоўнага Савету прыняць канстытуцыйнае рашэньне — стварыць пераходны ўрад і правесьці датэрміновыя выбары паводле новага сапраўды дэмакратычнага выбарчага закону, за што падпісаліся 442 тысячы грамадзянаў Беларусі, патрабуючы рэфэрэндум», — гаварылася ў заяве, падпісанай лідэрамі трынаццаці партыяў і арганізацыяў, у тым ліку БНФ, БСДГ, ЗБС «Бацькаўшчына», БЗВ, ТБМ.

Шушкевіч дапускае ўвядзеньне расейскага рубля

8 лістапада ў 14 гадзінаў Станіслаў Шушкевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, якая нас моцна расчаравала. Шушкевіч сказаў, што падтрымае «ўсе пазыцыі гэтай Канстытуцыі» (а значыць, і прэзыдэнцтва), дапусьціў магчымасьць увядзеньня расейскага рубля («нават увядзеньне ўласнай валюты не супярэчыць адзінай рублёвай зоне, паколькі абапірацца будзе на расейскі рубель»).

На пытаньне журналіста Аляксандра Старыкевіча, як ён ацэньвае перавод спэцназу на казарменнае становішча (гэта значыць — прывядзеньне ў баявую гатовасьць), распаўсюд нібыта ад імя БНФ улётак з заклікам да пагромаў і ці ня бачыць ён у гэтым ініцыятывы Саўміну, Шушкевіч адказаў: «Я адрынаю такое падозраньне. Ня трэба правакатараў атаясамліваць з урадам. Надышоў час паважаць уладу».

Выглядала, што імпэт, які Шушкевіч меў у верасьні, сышоў. У кабінэтах апарату Вярхоўнага Савету казалі, што нібыта сьпікер і прэм’ер разам схадзілі ў лазьню, і «Стась замірыўся з Францавічам».

Мы ўсьведамлялі, што спадзяваньні Шушкевіча на «замірэньне» з Кебічам наіўнае: было вядома, што лідэр групы «Беларусь» Генадзь Казлоў сабраў 188 подпісаў дэпутатаў для адстаўкі Шушкевіча (пры тым, што дастаткова было 173 галасы). Між іншым, гэткая самая колькасьць — 188 дэпутатаў— прагаласавала 9 красавіка за далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі.

Але Шушкевіч усё яшчэ верыў Кебічу. Нам, як выглядала — не.

Генэрал-палкоўнік на пасяджэньні Апазыцыі БНФ

У 15 гадзінаў 8 лістапада мы сабраліся ў нашым 363-м пакоі ў правым крыле Дому ўраду. На пасяджэньне прыйшоў міністар унутраных спраў генэрал-палкоўнік Уладзімер Ягораў, што было надзвычайна.

Міністар сказаў, што яму вядома толькі пра «афіцыйныя» ўлёткі БНФ (тыя, дзе мы патрабавалі адстаўкі Кебіча і фармаваньня кааліцыйнага ўраду ды заклікалі людзей на Плошчу, у гэтым не было нічога антызаконнага), ні пра якія іншыя яму не дакладалі. Акрамя выпадку, калі ў корпусе Белдзяржунівэрсытэту зьнялі нешта напісанае ад рукі. Генэрал пацьвердзіў, што, паводле ягоных зьвестак, правакацыйныя ўлёткі ад нібыта ад імя БНФ рыхтаваліся ў апараце Саўміну. Ягораў сказаў, што сытуацыя вельмі напружаная. «Мае падначаленыя рыхтуюцца да любога разьвіцьця падзей», — зафіксаваў я словы міністра ў пратаколе пасяджэньня.

Мы вырашылі ісьці на сэсію з патрабаваньнем адстаўкі Кебіча. Заставалася яшчэ кволая надзея, што Шушкевіч усё ж, хоць бы з інстынкту самазахаваньня, нас падтрымае. Тым больш што ў яго і ў нас зьявіліся новыя і нечаканыя саюзьнікі — старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі і міністар унутраных спраў Уладзімер Ягораў (пра іх адкрыты ліст да Вярхоўнага Савету — асобная глава кнігі).

Пазьняк назваў «абракадабрай» пастаноўку пытаньня аб адстаўцы адначасна і Кебіча, і Шушкевіча, чаго дамагаўся Лукашэнка — Шушкевіч можа толькі выйсьці з прапановай адстаўкі ўраду, і гэта ён абавязаны зрабіць.

Лідэр БНФ прапанаваў першым пытаньнем сэсіі вынесьці адстаўку Кебіча, калі гэта ня пройдзе — паспрабаваць сарваць кворум. Яго падтрымаў Генадзь Карпенка, які ці не ўпершыню прыйшоў на пасяджэньне Апазыцыі БНФ, бо разьлічваў на пасаду кіраўніка кааліцыйнага ўраду. Уладзімер Заблоцкі выказаўся за тое, што пакідаць сэсію ня варта, трэба «рыхтаваць грамадзкую думку».

Было зразумела, што адкрыцьцё сэсіі будзе для нас няпростым.

Ліст Шушкевічу

Увечары таго дня, 8 лістапада, я атрымаў інфармацыю, што да Дому ўраду сьцягваюцца войскі; не выключалася, што Кебіч перад пачаткам сэсіі пойдзе на ўвядзеньне надзвычайнага становішча.

Я напісаў ліст да Шушкевіча, у якім падрабязна выклаў усю вядомую мне інфармацыю і яшчэ раз пацьвердзіў, што Апазыцыя БНФ яго падтрымае, калі ён у пачатку сэсіі пойдзе на рашучыя крокі (гэта значыць — запатрабуе адстаўкі Кебіча і запрапануе стварэньне кааліцыйнага ўраду).

Да мяне ва Ўручча, дзе я жыў, прыехаў адзін з ахоўнікаў Шушкевіча, узяў мой ліст і паабяцаў, што ён будзе перададзены адрасату неадкладна.

І сапраўды — назаўтра плошча перад Домам ураду была ачэпленая міліцыяй і амапаўцамі, у самім Доме ўраду была вялікая колькасьць людзей у форме.

Перад пачаткам сэсіі Вярхоўнага Савету, лістапад 1993. Фота Ул. Кармілкіна
Перад пачаткам сэсіі Вярхоўнага Савету, лістапад 1993. Фота Ул. Кармілкіна

Ужо ў першыя хвіліны працы сэсіі, у адказ на зачытаную ўлётку нібыта БНФ, Зянон Пазьняк назваў яе правакацыяй і запатрабаваў ад Генэральнага пракурора распачаць сьледзтва.

Натуральна, пракуратура ня высьветліла, хто аўтар паклёпу. Гэтак сама, як праз паўтара года не адшукае таго, хто ў часе галадоўкі дэпутатаў БНФ пазваніў у міліцыю і паведаміў пра нібыта закладзеную ў Авальнай залі бомбу. Аднак ужо тады з вартых даверу крыніцаў мы ведалі імя ініцыятара абедзьвюх правакацый. Хоць для мяне найбольш яскравай характарыстыкай палкоўніка Ўладзімера Замяталіна (прэс-сакратара пры Кебічу і начальніка ўпраўленьня інфармацыі адміністрацыі, а потым віцэ-прэм’ера пры Лукашэнку) зьяўляецца ягоная фраза, што доля беларускай мовы ў Беларусі ў дачыненьні да расейскай не павінна перавышаць адной дзясятай.

«Кансэрватыўная большасьць раптам палюбіла сьпікера»

Пазьней Станіслаў Шушкевіч абвінаваціць мяне ў тым, што ў для сваіх кніг я выбіраю толькі выгадныя для БНФ факты, выстаўляючы яго ў непрывабным сьвятле.

Таму працытую словы журналіста, які ў той дзень знаходзіўся ў Авальнай залі. І прайшоў туды ўсяго толькі пяць разоў паказаўшы пропуск — бо Аляксандра Старыкевіча на сэсію не пускалі ўвогуле, Ігару Герменчуку і Васілю Даўгалёву давялося падключаць міністра ўнутраных спраў Ягорава, а 38 дэпутатам па выніку інцыдэнту зьвяртацца да Генэральнага пракурора (канешне, ніхто ня быў пакараны).

Вось як апісваў пачатак сэсіі аглядальнік тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Міхась Замскі:

«Сьпікер парлямэнту прапанаваў ад імя Прэзыдыюму ВС пачаць працу з праекту новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая прапанова многімі дэпутатамі была расцэненая як спроба адсунуць на задні плян пытаньні вастрэйшага сацыяыльна-эканамічнага крызісу ў рэспубліцы, вывесьці з-пад крытыкі ўрад, які нясе найбольшую адказнасьць за эканамічны развал. Ля мікрафонаў адразу выстраіліся чэргі. З. Пазьняк, які атрымаў слова адзін зь першых, патрабаваў у катэгарычнай форме паставіць пытаньне аб адстаўцы ўраду В. Кебіча. Яго падтрымалі калегі па Апазыцыі народныя дэпутаты А. Трусаў, М. Крыжаноўскі, С. Навумчык, У. Заблоцкі і іншыя. Хоць і не ў такой катэгарычнай форме, але патрабавалі пачаць працу сэсіі з абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з пераадоленьнем заняпаду эканомікі, многія іншыя парлямэнтарыі. Яны прывялі шматлікія факты заняпаду прамысловасьці, сельскай гаспадаркі рэспублікі. Дзясяткі прадпрыемстваў апынуліся на мяжы спыненьня — вычарпаныя ўсе фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы, рабочыя па некалькі месяцаў не атрымліваюць зарплату. Ня лепшыя справы і ў аграрным сэктары — фактычна засталіся няўбранымі на значных плошчах многія сельскагаспадарчыя культуры, рэзка зьнізілася вытворчасьць жывёлагадоўчай прадукцыі. І яшчэ адзін характэрны штрых: за апошні год экспарт нашай прадукцыі зьнізіўся на 44 працэнты…

Прызнацца, мне падумалася, што бурная дыскусія, у часе якой прагучала пераканаўчая крытыка ўраду, прымусіць пераважную большасьць цьвяроза паставіцца да прапаноў апазыцыі. Дарэмныя спадзяваньні: ніводная зь іх не прайшла. Гэтым разам кансэрватыўная большасьць парлямэнту раптам палюбіла сьпікера і ахвотна падтрымала ягоную прапанову пачаць працу сэсіі з паартыкульнага прыняцьця Канстытуцыі» («Літаратура і мастацтва», 12 лістапада 1993).

Што прыкметна, апантаныя прыхільнікі ўступленьня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі ўжо не казалі пра яе як пра спосаб забясьпечыць прадпрыемствы заказамі — было відавочна, што, як мы і прагназавалі, ніякага станоўчага эфэкту на эканоміку красавіцкае рашэньне Вярхоўнага Савету аб падпісаньні дамовы ня мела. Але і адмаўляцца ад таго рашэньня парлямэнцкая большасьць не зьбіралася: усё, што прывязвала Беларусь да Масквы, успрымалася гэтымі дэпутатамі як перамога.

Шушкевіч вырашыў «не абвастраць» сытуацыю і, як варта было чакаць, знайшоў у гэтым падтрымку парлямэнцкай большасьці.

На нейкі час верныя Кебічу дэпутаты пакінулі Шушкевіча ў спакоі — і старшыню Вярхоўнага Савета, напэўна, падалося, што небясьпека зьнікла. Але тое толькі быў тактычны ход намэнклятуры: яны вырашылі зрабіць сумнеўную справу рукамі Лукашэнкі.

Лукашэнка на сэсіі трос нашай заявай, у якой мы патрабавалі пазбавіць яго паўнамоцтваў, зь ягоных вуснаў ізноў гучаў звыклы набор абвінавачаньняў у бок Шушкевіча, і нарэшце — «з настойлівасьцю, што набывае маніякальны характар» (Міхась Замскі) Лукашэнка вынес прапанову адправіць у адстаўку і Шушкевіча, і Кебіча. Гэта быў хітра разьлічаны ход: было зразумела, што парлямэнцкая большасьць за адстаўку Кебіча не прагаласуе, а вось Шушкевіча зьняць з пасады могуць.

Нам было ясна, што дзеяньні Лукашэнкі цалкам скаардынаваныя з атачэньнем Кебіча.

Лукашэнка паводзіў сябе нагэтулькі агрэсіўна, што ў адзін момант захапіў трыбуну, і Шушкевіч вымушаны быў спыніць пасяджэньне.

Але гэта не спыніла пагрозу адстаўкі сьпікера.

Хоць менавіта тады ў Шушкевіча нечакана зьявіліся вельмі ўплывовыя саюзьнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG