Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парыж і Бэрлін унесьлі ў сьпіс санкцый 9 расейскіх чыноўнікаў, якіх лічаць датычнымі да атручэньня Навальнага

Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Пра гэта напісала француская газэта Le Monde. Паводле яе інфармацыі, у санкцыйных сьпіс уключаны 9 чалавек, якіх лічаць датычнымі да замаху на жыцьцё расейскага апазыцыянэра. Гэта людзі з адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і асобы, якія маюць дачыненьне да структураў бясьпекі.

Таксама, паводле Le Monde, у пераліку будзе згаданы расейскі Дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналёгіі (ГосНИИОХТ) — у сувязі са зьвесткамі пра распачатую там яшчэ ў савецкія часы распрацоўку нэрвова-паралітычных рэчываў групы «Новичок».

Сьпіс санкцый, якія прадугледжваюць замарожаньне фінансавых актываў і забарону на паездкі ў Эўропу, будзе абмяркоўвацца Эўразьвязам у Брусэлі 12 кастрычніка, на пасяджэньні Рады ў міжнародных пытаньнях.

Раней на гэтым тыдні Францыя і Нямеччына заявілі, што прапануюць партнэрам увесьці санкцыі супраць Масквы з прычыны меркаванага атручэньня Аляксея Навальнага. Ініцыятыву падтрымалі Вялікая Брытанія і Нідэрлянды.

Арганізацыя забароны хімічнай зброі на днях пацьвердзіла высновы экспэртаў у Нямеччыне, Францыі і Швэцыі, што Аляксей Навальны быў атручаны рэчывам сямейства «Новичок». Сам апазыцыйны палітык заяўляе аб датычнасьці да замаху на яго жыцьцё асабіста прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

XS
SM
MD
LG