Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як з удзелам дачкі Пуціна стваралі вакцыну супраць COVID-19, якую пачалі выкарыстоўваць у Беларусі


Вырашальную ролю ў паскораным стварэньні і сэртыфікацыі першай расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» адыгралі асабістыя сувязі яе распрацоўшчыкаў, сьмелае пераразьмеркаваньне дзяржаўных сродкаў і піяр, а ўдзел у выпрабаваньнях дачкі Ўладзіміра Пуціна быў практычна прадвызначаны, высьветлілі «Открытые медиа».

Першае фінансаваньне на праект вакцыны ў цэнтры імя Гамалеі (100 млн расейскіх рублёў) было перанакіравана са сродкаў, перададзеных іпатэчным агенцтвам «Дом.РФ» на барацьбу з эпідэміяй, у тым ліку на сродкі абароны для лекараў. Пасьля гэтага галоўную ролю ў праекце адыгрывалі сувязі яго ўдзельнікаў. Вакцыну тэставала малодшая дачка Ўладзіміра Пуціна, кіраўнік фонду «Иннопрактики» Кацярына Ціханава. Яе сяброўка і намесьнік у фондзе Натальля Папова, якая вучылася зь Ціханавай у МДУ, — даўняя знаёмая кіраўніка цэнтру імя Гамалеі Аляксандра Гінцбура.

Нават калі вакцына ня будзе ўдалай, яна ўжо адбылася як піяр-праект: «Ці эфэктыўная гэтая вакцына, ці не, ужо ня так важна. Галоўнае — мы зноў наперадзе ўсёй плянэты. Нават калі акажацца, што „Спутник“ дрэнны, нічога страшнага. Да зімы зьявіцца яшчэ адна, а то і дзьве вакцыны, якая-небудзь зь іх спрацуе», — кажа крыніца выданьня «Открытые медиа».

  • 11 жніўня прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў аб рэгістрацыі да завяршэньня трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў першай у сьвеце расейскай вакцыны ад COVID-19. Прэпарат атрымаў назву «Спутник V». Больш за палову лекараў, апытаных сэрвісам «Справочник врача», заявілі пра недавер да яе.
  • 8 верасьня Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што першая партыя расейскай вакцыны выпушчаная ў публічны абарот. Старт масавай вакцынацыі ад каранавірусу ў Расеі вызначаны на кастрычнік 2020 году.
  • Паводле нядаўняга апытаньня «Левада-цэнтру», пра гатоўнасьць прышчапіцца расейскай вакцынай «Спутник V» заявілі 38 адсоткаў рэспандэнтаў, пры ўмове, што вакцынацыя будзе бясплатная і добраахвотная. Большасьць — 54 адсоткі — да вакцынацыі не гатовыя.
  • Фармацэўтычныя кампаніі заклікалі Міністэрства аховы здароўя «не фарсіраваць распрацоўку» вакцыны, бо ў сьвеце налічваецца 26 вакцын-кандыдатаў, прычым шэсьць зь іх тэстуюць з удзелам тысяч і дзясяткаў тысяч чалавек: «Паскораная рэгістрацыя ўжо ня зробіць Расею лідэрам у гэтай гонцы, яна толькі створыць непатрэбную небясьпеку для канчатковых спажыўцоў вакцыны, грамадзян РФ». Вакцына не прайшла трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў, пакуль яна была выпрабаваная толькі на дзясятках добраахвотнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG