Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, калі беларусаў пачнуць прышчапляць ад каранавірусу расейскай вакцынай


Вакцынацыя добраахвотнікаў, Масква, 10 верасьня 2020
Вакцынацыя добраахвотнікаў, Масква, 10 верасьня 2020

Прышчапляць ад каранавіруснай інфэкцыі прэпаратам з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі пачнуць «літаральна празь месяц». Пра гэта паведаміў у аўторак тэлеканал «Беларусь-24» са спасылкай на выканаўцу абавязкаў міністра аховы здароўя краіны Дзьмітрыя Піневіча.

«Літаральна празь месяц беларусаў пачнуць прышчапляць расейскай вакцынай ад каранавірусу, пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч», — паведамляе тэлеканал.

Раней па выніках перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Пуцін даў даручэньні па падрыхтоўцы пастаўкі першай партыі расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» у Беларусь.

На перамовах у Сочы ў панядзелак Пуцін паведаміў, што Беларусь пачала ўдзел у апошняй стадыі выпрабаваньняў расейскай вакцыны ад каранавірусу. На думку расейскага лідэра, гэта дазволіць ня толькі наладзіць вытворчасьць, але і забясьпечыць патрэбны ўзровень вакцынацыі.

У Расеі сьцьвярджаюць, што «вакцына» нібыта прайшла належныя выпрабаваньні. Але правяралі яе толькі на дзьвюх групах па 38 чалавек — фазы выпрабаваньняў на некалькіх тысячах чалавек, як прынята ў мэдыцыне, не было.

Нядаўна група італьянскіх мэдыкаў-дасьледнікаў усумнілася ў зьвестках аб клінічных выпрабаваньнях расейскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі, апублікаваных нядаўна ў часопісе Lancet.

Мэдыкі падкрэсьліваюць, што пададзеных зьвестак занадта мала, каб зрабіць якія-небудзь адназначныя высновы, аднак і наяўныя зьвесткі выклікаюць занепакоенасьць сваёй ненатуральнасьцю.

Раней кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя перасьцерагаў, што, нягледзячы на ўсе надзеі на стварэньне вакцыны ад COVID-19, яна, магчыма, так ніколі і ня зьявіцца. Тэдрас Гебрэесус зьвярнуўся да ўсіх жыхароў плянэты з настойлівым заклікам выконваць усе неабходныя захады засьцярогі, такія, як сацыяльнае дыстанцыяваньне, рэгулярнае мыцьцё рук і нашэньне масак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG