Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пайшоў да ўчастковага і не вярнуўся». Як затрымліваюць адміністратараў раённых тэлеграм-каналаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суседзі аднаго з затрыманых расказалі Свабодзе, як гэта адбываецца.

5 кастрычніка на сувязь перастаў выходзіць Павал Чаховіч, які стварыў чат вуліц Куйбышава, Харужай, Багдановіча, Кульман (на дадзены момант выдалены. — РС). Суседзі Паўла расказалі Свабодзе, як ён быў затрыманы. Вядома, што пасьля таго, як Чаховіч стварыў чат, ён перадаў правы адміністратара іншым людзям.

«Мы зь ім пазнаёміліся на адной з актыўнасьцяў, арганізаванай у двары, — кажуць суседзі Чаховіча. — Павал расказаў, што 2 і 3 кастрычніка ў яго доме і ў доме бацькоў прайшлі вобшукі. Пры гэтым самога Паўла там не было. Ён вырашыў даведацца падрабязнасці ва ўчастковага, папрасіць яго пакінуць бацькоў у спакоі. Прыйшоў да яго. Участковы адразу некуды пазваніў, і Паўлу прызначылі сустрэчу ў Фрунзенскім РУУС Менску. Ён паехаў туды. Пасьля паведаміў нам, што яго перавозяць у Савецкі РУУС, а празь некалькі гадзін сувязь зь ім прапала. Павал моцна хворы чалавек, ён нават на патрэбны паверх у РУУС ня мог сам падняцца. Пазьней ад бацькоў мы даведаліся, што Паўла адвезьлі на Акрэсьціна, перадачу можна будзе зрабіць толькі ў чацьвер. Паўлу неабходныя лекі, іх не прымаюць».

Пакуль невядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць Чаховіча, а таксама — ці будуць яго бліжэйшым часам судзіць.

Што вядома пра мясцовыя тэлеграм-чаты

Паводле інфармацыі сайта dze.chat, на якім аб’яднаныя лякальныя чаты беларускіх гарадоў, толькі ў Менску і ваколіцах ёсьць 787 мясцовых тэлеграм-каналаў. У абласных цэнтрах іх значна менш, аднак лік вядзецца на дзясяткі. У Берасьці — 33, Горадні — 31, Гомлі — 44, Магілёве — 27, Віцебску — 36. Ёсьць лякальныя чаты райцэнтраў. Іншыя тэлеграм-каналы аб’ядноўваюць беларусаў, якія жывуць за мяжой. У Лёндане, напрыклад, нават два асобныя беларускія чаты. У абодвух разам больш за тысячу чалавек.

Такія чаты аб’ядноўваюць ад некалькіх дзясяткаў чалавек да некалькіх тысяч. Паведамленьні там зьяўляюцца літаральна раз на некалькі хвілін. Менавіта ў лякальных чатах зьбіраліся ідэі па выбары сьцягоў раёнаў. Там жа абмяркоўваюцца лякальныя актыўнасьці жыхароў.

Затрыманьні адміністратараў беларускіх тэлеграм-каналаў пачаліся яшчэ ў чэрвені. Адным зь першых быў затрыманы аўтар каналу «Мая краіна Беларусь» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік. Яго абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Але праблемы з праваахоўнымі органамі ўзьнікаюць і ў адміністратараў зусім невялікіх тэлеграм-каналаў.

Затрыманьні адміністратараў мясцовых і тэматычных чатаў

1 кастрычніка стала вядома пра ператрус дома ў адміністратара лякальнага чату жыхароў Грушаўкі «Грушвіль». Сілавікі прыйшлі да Дзьмітрыя Сухенкі а 7 гадзіне раніцы і забралі яго самога, а таксама ўсю кампутарную тэхніку і мабільныя тэлефоны. Бліжэй да 13 гадзіны Дзьмітрыя адпусьцілі. Ён расказаў журналістам, што ў Маскоўскім РУУС яго апыталі і паведамілі, што ягоная кампутарная тэхніка праходзіць у межах крымінальнай справы па артыкуле 293 КК — масавыя беспарадкі. Статус самога Сухенкі пры гэтым застаецца незразумелы. У міліцыі паведамілі, што Дзьмітрый Сухенка быў дапытаны як «запрошаная асоба».

2 кастрычніка паведамілі пра затрыманьне адміністратара студэнцкага тэлеграм-каналу «Адлічана» Ігара Кабушкава. Да яго прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў, пасьля чаго Кабушкаў перастаў выходзіць на сувязь.

У той жа дзень у канале «Вадзіцелі 97» зьявілася паведамленьне аб затрыманьні аднаго з адміністратараў. Чат аб’ядноўвае больш за дзевяць тысяч чалавек. У асноўным гэта кіроўцы, якія праз канал арганізоўваюць свае акцыі пратэсту і іншыя актыўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG