Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я б усіх назіральнікаў пусьціў на ўчастак». Старшыня камісіі на ўчастку, дзе перамагла Ціханоўская, расказвае пра выбары


Ілюстрацыйнае фота. На адным з участкаў для галасаваньня ў Менску на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году

На прэзыдэнцкіх выбарах у сталічным мікрараёне Новая Баравая зь вялікай перавагай перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Там камісіі сумленна палічылі галасы. Працэнт людзей, якія прагаласавалі датэрмінова, быў невысокі — каля 4%, кажуць незалежныя назіральнікі.

Як цяпер справы ў старшыняў гэтых камісій?

Новая Баравая тэрытарыяльна адносіцца да вёскі Копішча Менскага раёну. На выбарчым участку № 26, які месьціўся ў дзіцячым садку № 3, паводле пратаколу камісіі, за Ціханоўскую прагаласаваў 2341 чалавек, за Аляксандра Лукашэнку аддадзена 132 галасы. Датэрмінова тут прагаласавалі 4,1% выбарцаў.

На суседнім 27-м участку (што ў дзіцячым садку № 2 «Жоўты жыраф») з 1457 выбарцаў за Ціханоўскую свой голас аддалі 1248 чалавек, за Лукашэнку — 83.

У камісіях былі «ўсе свае» — супрацоўнікі дзіцячых садкоў

Яшчэ да выбараў Свабода пісала, што выбарчыя камісіі на гэтых участках фармаваліся паводле прафэсійнай прыкметы — у асноўным з супрацоўнікаў дзіцячых садкоў.

На 26-м участку ў камісіі былі загадчыца дзіцячага садка, выхавацелі, музычныя і фізкультурныя кіраўнікі — усе супрацоўнікі дзіцячай дашкольнай установы. А вось старшынёй камісіі прызначылі настаўніцу гісторыі Бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Натальлю Галамаку, якая мела ўжо багаты досьвед працы на выбарах (была сябрам камісіі на парлямэнцкіх выбарах 2016 году, сакратаром камісіі на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе, а таксама сябрам камісіі на мясцовых выбарах 2018 году).

Натальля Галамака па-ранейшаму выкладае гісторыю ў Бараўлянскай школе № 2, а таксама вучыць дзетак, якія праходзяць лячэньне ў дзіцячым гематалягічным цэнтры.

На 27-м участку старшынём камісіі быў загадчык гаспадаркі дзіцячага садка № 2 Алег Казакоў. У складзе камісіі некалькі выхавацеляў, музычны кіраўнік, пэдагог-псыхоляг.

Алег Казакоў другі раз ачольвае выбарчую камісію — увосень 2019 году быў старшынём камісіі на парлямэнцкіх выбарах.

Алегу Іванавічу 65 гадоў, ён адстаўнік, былы супрацоўнік КДБ. Калі ў новым мікрараёне будаваўся гэты дзіцячы садок, працаваў у ахове, а потым перайшоў загадчыкам гаспадаркі ў дзіцячую ўстанову, хоць і жыве ў процілеглым канцы гораду. Новы сучасны мікрараён, атмасфэра Новай Баравой яму вельмі падабаюцца.

«Тут малады раён, у асноўным кантынгент жыхароў — 1984–1988 гады нараджэньня. У іх погляды на жыцьцё іншыя. У цэнтры, дзе фантан, людзі зьбіраюцца, зь дзецьмі выходзяць, атмасфэра сяброўская. Дзіцячы сад наагул цудоўны! Каб участак быў ня тут, не пагадзіўся б працаваць старшынём. Не хацелася некага пабочнага пускаць у такі прыгожы дзіцячы садок. Таму і сябры камісіі — усе свае», — жартуе Алег Іванавіч.

Ён кажа, што ніякага ціску на яго як старшыню камісіі не было. Былі звычайныя працоўныя нарады, рэкамэндацыі.

«Я не магу сказаць, што да мяне начальства па пытаньнях выбараў зьвярталася. Так, у Бараўлянскі сельскі выканкам на нарады выклікалі, але гэта былі нармальныя, спакойныя, працоўныя гутаркі», — запэўнівае старшыня камісіі.

Усе 20 назіральнікаў, якія зьвярнуліся ў камісію, былі зарэгістраваныя

Нікому з 20 ахвотных не адмовілі, кажа старшыня ўчастковай камісіі Алег Казакоў.

«Я зь імі крыху папрацаваў, бо некаторыя спачатку былі залішне ўзбуджаныя, скажам так. Але мы з усімі знайшлі паразуменьне. Я сказаў: «Хлопцы, самі складзіце графік дзяжурстваў. Хоць Бараўлянскі выканкам настойваў, каб камісія склала. Зрабілі графік з улікам пажаданьняў назіральнікаў. Ды я б іх усіх, назіральнікаў, пусьціў на ўчастак. Але паводле ўказаньня ЦВК прысутнічаць на ўчастку дазвалялася толькі па 5 чалавек.

Мне назіральнікі нават добрую ідэю падказалі — я сам не здагадаўся б. Былі ў нас чэргі, асабліва ў другой палове дня. Некаторыя выбарцы падоўгу, па 2–3 хвіліны знаходзіліся ў кабінцы. І назіральнікі кажуць: „А давайце паставім столік, і каму не патрэбная кабінка, няхай там запоўніць бюлетэнь“. І гэта істотна паскорыла працэс», — узгадвае мінулыя выбары Алег Казакоў.

«Няма ў нас праблем і не было»

Паводле старшыні камісіі, усе назіральнікі прысутнічалі і на падліку галасоў. І пратаколы адразу ж вывесілі.

«Мы закрыліся роўна а 20 гадзіне. Засталіся толькі сябры камісіі і назіральнікі. На парлямэнцкіх выбарах было яшчэ чэскае тэлебачаньне, а на прэзыдэнцкіх нікога пабочнага не было.

Ніякіх пытаньняў, эксцэсаў, праблем — толькі паразуменьне. Ніякага АМАПу. Так, ахова зь міліцыянтаў у нас была, але яны нікуды ня ўмешваліся, нічога не рэгулявалі. Усё рэгулявалі мы», — запэўнівае старшыня ўчастковай камісіі № 27 Алег Казакоў.

Старшыня камісіі пераконвае, што пасьля выбараў таксама ўсё ў парадку. 5 кастрычніка ён выйшаў на працу пасьля адпачынку.

«Няма ў нас праблем і не было. Наадварот, адразу пасьля выбараў усе казалі „дзякуй“. Я сёньня першы дзень на працы, але калі б штосьці было, дзяўчаты мне абавязкова паведамілі б. Так што ўсё ў нас нармальна», — сказаў Алег Казакоў, старшыня выбарчай камісіі на ўчастку, дзе амаль 94% выбарцаў прагаласавалі за Сьвятлану Ціханоўскую.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG