Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш вызваленьня палітвязьняў у Менску, акцыя пратэсту 4 кастрычніка.
Марш вызваленьня палітвязьняў у Менску, акцыя пратэсту 4 кастрычніка.

На «Маршы вызваленьня палітвязьняў» у Менску сабраліся дзясяткі тысяч, супраць іх ужылі вадамёты. Што адбываецца на 57-ы дзень пратэстаў

На 57-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі заклікалі да правядзеньня «Маршаў вызваленьня палітвязьняў». З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі колькасьць палітычных зьняволеных у Беларусі вырасла з трох да 77.

21:48 4.10.2020

Акцыі салідарнасьці зь беларусамі за мяжой

21:44 4.10.2020

Як прайшоў 57-ы дзень пратэсту ў Беларусі. ВІДЭА, ФОТА

20:14 4.10.2020

Дадому да фатографкі Дар’і Сапранецкай прыяжджалі людзі ў балаклавах

Дадому да фатографкі Дар’і Сапранецкай прыяжджалі людзі ў балаклавах, але Дар’я не адчыніла дзьвярэй, паведамляе «Эўрарадыё». Да Дар’і прыехаў праваабаронца, але праваахоўнікі ўжо зьехалі — на пляцоўцы каля яе кватэры ўжо нікога няма. Сёньня ўдзень Дар’ю затрымлівалі побач з гатэлем «Юбілейны», калі яна асьвятляла пратэставы марш, але неўзабаве адпусьцілі.

19:06 4.10.2020

Менск: акцыя скончылася

Амаль усе пратэстоўцы на праспэкце Дзяржынскага разышліся. Але, піша Tut.by, ідуць затрыманьні на вуліцы Сямашкі, у раёне 9-й лякарні.

18:45 4.10.2020

Правааабаронцы паведамляюць ужо пра 103 затрыманых

Праваабаронцам вядомыя імёны ўжо 103 затрыманых падчас акцый пратэсту ў дзясятку гарадоў Беларусі, сьпіс дапаўняецца.

Тым часам у Менску адкрылі ўсе станцыі мэтро.

18:35 4.10.2020

Менск. Вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС журналістаў Дар’ю Сапранецкую і Аляксандра Ўладыку, піша БАЖ.

У Берасьці затрымалі журналіста Станіслава Коршунава.

18:19 4.10.2020

Гомельскую журналістку Надзею Пужынскую пакінулі да суду ў ізалятары

Затрыманую сёньня ў Гомлі журналістку «Сильных Новостей» Надзею Пужынскую завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Пра гэта Свабодзе паведаміў заснавальнік парталу, дырэктар установы «Гомельскі цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ» Пятро Кузьняцоў.

Журналістку затрымалі сёньня каля ІЧУ, калі яна несла перадачу затрыманым калегам — Ганьне і Дзянісу Якштасам. На яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аналягічныя пратаколы склалі і на Якштасаў. Усе яны асьвятлялі акцыі пратэсту ў Гомлі ў якасьці журналістаў.

18:16 4.10.2020

Менск: калёна падзяляецца

Калёна пратэстоўцаў у Менску падзяляецца, піша Tut.by: частка працягвае рух па праспэкце Дзяржынскага, частка ідзе ў бок Сухарава і Малінаўкі.

Пачалі затрымліваць людзей у раёне Міхалова.

18:14 4.10.2020

Менск: на Акрэсьціна пачаліся затрыманьні

Да ізалятара на Акрэсьціна пад'ехалі некалькі мікрааўтобусаў і пачалі затрымліваць людзей. Людзі пачалі разьбягацца і хавацца ў дварах, у пад'ездах.

Людзі, якія былі ля Акрэсьціна да пачатку затрыманьняў:

17:58 4.10.2020

Затрыманых у Бабруйску журналістаў пакідаюць да суду ў ізалятары

Чатырох затрыманых у Бабруйску журналістаў Марыну Маўчанаву, Алесю Лацінскую, Дзяніса Носава і Юрыя Камісарава, якія асьвятлялі акцыю, пакідаюць да заўтра ў ізалятары. Заўтра будзе суд. Пра гэта БАЖ праз тэлефон паведаміла адна з затрыманых — Марына Маўчанава, ёй дазволілі патэлефанаваць.

17:53 4.10.2020

Горадня: зь міліцыі выпусьцілі непаўналетнюю дзяўчынку і журналістку

Выпусьцілі зь міліцыі непаўналетнюю дзяўчыну, якую затрымалі каля Савецкай плошчы ў Горадні. Пры затрыманьні яе паклалі на зямлю, а потым цягнулі па асфальце. Па дзяўчынку прыехалі бацькі. Яна выйшла зь міліцыі, кульгаючы. Бацькі адмовіліся ад камэнтароў. Сказалі, што «дачцэ ўсё пячэ».

Таксама выпусьцілі журналістку Кацярыну Гардзееву, зь ёй правялі прафіляктычную гутарку.

Кацярына Гардзеева
Кацярына Гардзеева

17:50 4.10.2020

Менск: шмат людзей сабралася ў раёне «Міхалова»

На праспэкце Дзяржынскага каля станцыі мэтро «Міхалова» сабралася шмат людзей.

Тым часам, акрамя станцый менскага мэтро «Грушаўка» і «Міхалова», цалкам закрылі яшчэ і станцыю «Пятроўшчына», а «Малінаўку» закрылі толькі на ўваход.

17:47 4.10.2020

Менск: пратэстоўцы сышлі ад Акрэсьціна і пайшлі па праспэкце Машэрава

Дэманстранты адышлі ад ізалятара на Акрэсьціна. Узброеныя сілавікі пачалі зьдзіраць са сьценаў плякаты, што наляпілі пратэстоўцы, піша «Наша Ніва».

Як бачна з трансьляцыі «Белсату», пратэстоўцы цяпер ідуць па праспэкце Машэрава ў бок Ціміразева.

17:45 4.10.2020

Берасьце: сілавікі не даюць людзям сабрацца

17:33 4.10.2020

Менск: сілавікі пачалі разганяць другую калёну, якая ішла да Акрэсьціна

Сілавікі пачалі разганяць другую калёну, якая ішла да ізалятара на Акрэсьціна па вуліцы Кальварыйскай з боку «Пушкінскай», піша «Эўрарадыё». Людзей пачалі выхопліваць з хваста калёны ля кварталу «Каскад», пратэстоўцы пабеглі ў двары.

У ліку затрыманых на Кальварыйскай у Менску — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Вольга Шпарага, піша Каардынацыйная рада.

17:30 4.10.2020

Магілёў: вызвалілі затрыманага журналіста Асіпцова

Магілёўскага журналіста БелаПАН Алеся Асіпцова ў 17.20 адпусьцілі зь міліцыі, правёўшы прафіляктычную гутарку. Ён выказаў міліцыі пратэст з нагоды незаконнага затрыманьня.

17:28 4.10.2020

Горадня: выпусьцілі затрыманага блогера

У Горадні пасьля затрыманьня выпусьцілі блогера Андрэя Ірху, склалі пратакол апытаньня, забралі тэлефон. Яго затрымалі падчас стрыму, які ён вёў з Савецкай плошчы.

Пры затрыманьні Андрэя Ірху некалькі разоў ударылі ў твар, моцна сьцягнулі яму рукі плястыкавай сьцяжкай. Пыталіся, ці будзе ён яшчэ здымаць стрымы.

17:18 4.10.2020

Менск: паперадзе асноўнай калёны едуць раварысты

Паперадзе асноўнай калёны едуць каля 20 раварыстаў. Яны ад’яжджаюць уперад і падказваюць кіроўцам, куды збочыць, каб ня ўехаць у калёну, рэгулююць дарожны рух, паведамляе «Наша Ніва».

17:16 4.10.2020

Гомель сёньня: сілавікі не даюць пратэстоўцам сабрацца

17:12 4.10.2020

Менск: пратэстоўцы дайшлі да Акрэсьціна

Калёна пратэстоўцаў дайшла да ізалятара часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Іх сустрэлі валянтэры, якія прасілі не падыходзіць да будынку бліжэй, чым на 500 мэтраў. Яны спрабавалі растлумачыць дэманстрантам, што сваім дзеяньнямі людзі нашкодзяць тым, хто знаходзіцца ў ізалятарах. Пратэстоўцы іх не паслухаліся і пайшлі да брамы ІЧУ і ЦІП. Скандуюць «Давай!», паведамляе Tut.by.

Журналісты раней бачылі, як на тэрыторыю ізалятара заяжджалі машыны зь сілавікамі. Цяпер сілавікоў ня бачна, кажа карэспандэнт у эфіры «Белсату».

На дзьверы ізалятару на Акрэсьціна пачалі ляпіць плякаты, піша Tut.by.

Што за валянтэры спрабавалі не пусьціць пратэстоўцаў да ізалятару, незразумела: вялікая суполка валянтэраў піша, што пад Акрэсьціна іх прадстаўнікоў не было.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG