Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандысцкая бітва за Карабах. Як дзяржаўныя СМІ Азэрбайджану і Армэніі асьвятляюць канфлікт


З абвастрэньнем сытуацыі ў Нагорным Карабаху тэлевізія Армэніі і Азэрбайджану пераходзіць на асаблівы прапагандысцкі рэжым. Армянскія журналісты наракаюць на падступны напад, азэрбайджанскія радуюцца перамогам, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».

  • «На брыфінгу паведамілі, што некаторыя нашы тэрыторыі былі вызваленыя. Віншую вас!» (ITV, Азэрбайджан).
  • «Азэрбайджан робіць чарговую спробу паставіць сябе па-над міжнародным правам» (ARMTV, Армэнія).

Кожны з бакоў узносіць свой баявы дух і абвінавачвае праціўніка ў баязьлівасьці, ганарыцца прычыненымі стратамі і абураецца зазнанымі.

  • «Узброеныя сілы Азэрбайджану працягваюць контратаку для вызваленьня нашых тэрыторый. Боегатоўнасьць і псыхалягічны стан войскаў на высокім узроўні» (Aznews TV, Азэрбайджан).
  • «Армянскія ўзброеныя сілы адбілі атаку Азэрбайджану, нанёсшы праціўніку значныя страты» (ARMTV, Армэнія).
  • «Пасьля некалькіх гадзін жорсткіх абстрэлаў нашымі войскамі вораг у разгубленасьці ўцякае з поля бою. Можна сказаць, ва ўсёй Армэніі пануе хаос» (Kanal 1, Азэрбайджан).
  • «Мужчыны ў чарзе ў ваенкамат не саступаюць адзін аднаму месцы. Ад самай раніцы нашы суайчыньнікі памчаліся па месцы сваёй прапіскі, не чакаючы, пакуль дзяржава абвесьціць мабілізацыю» (ArmNews TV, Армэнія).

Уключэньні і стэндапы рэпартэраў павінны паказваць гледачам, што менавіта адбываецца на месцы падзей, але падчас канфлікту яны толькі падкрэсьліваюць патрэбную яго трактоўку.

  • «Азэрбайджан разгарнуў шырокамаштабныя ваенныя апэрацыі супраць мірнага насельніцтва. Пад абстрэлам апынулася ня толькі сталіца Стэпанакерт, але і іншыя буйныя населеныя пункты. У выніку ёсьць пацярпелыя» (ARMTV, Армэнія).
  • «Тут адчуваецца сапраўдная атмасфэра сьвята. Тут часта можна ўбачыць машыны са сьцягамі. Людзі проста ў эўфарыі, і кожная навіна з фронту напаўняе іх радасьцю» (Xəzər TV, Азэрбайджан).
  • «Мясцовыя жыхары кажуць нам, што чакаюць загаду галоўнакамандуючага, гатовыя ісьці на вайну і адразу ж далучыцца да азэрбайджанскіх салдатаў» (Az Tv, Азэрбайджан).
  • «Дзякуючы высокаму баявому духу і здольнасьцям на гэты момант армянская моладзь выдатна спраўляецца са сваёй баявой задачай» (Armenia TV, Армэнія).

Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў прыцягненьні да канфлікту зьнешніх сіл.

  • «Арцах знаходзіцца ў стане вайны супраць турэцка-азэрбайджанскіх аб’яднаных сіл» (ARMTV, Армэнія).
  • «Ерэван зьвяртаецца да паслуг баевікоў з краін Блізкага Ўсходу» (CBC TV, Азэрбайджан).

Альтэрнатыўных поглядаў навінны рэжым ваеннага часу не прадугледжвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG