Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нагорным Карабаху чацьвёртыя суткі працягваюцца інтэнсіўныя абстрэлы. Бакі не ідуць на кампраміс


Ракетная пускавая ўстаноўка Ўзброеных сіл Азэрбайджану

У Баку заявілі пра абстрэл армянскімі Ўзброенымі сіламі гораду Гарадыз у Фізулінскім раёне Азэрбайджану.

Інфармацыю распаўсюдзіла Генэральная пракуратура Азэрбайджану. Паводле яе дадзеных, выпушчаны снарад выбухнуў недалёка ад аўтазаправачнай станцыі ў горадзе Гарадыз. Адзін чалавек загінуў, яшчэ трое атрымалі асколачныя раненьні. Ведамства сьцьвярджае, што артылерыйскі абстрэл зазнаў у сераду таксама Тэртэрскі раён.

Прадстаўнікі кіраўніцтва Армэніі гэтую інфармацыю пакуль не пракамэнтавалі.

Зьвесткі пра абстрэлы паступаюць на фоне жорсткіх сутыкненьняў у Нагорным Карабаху, якія працягваюцца чацьвёртыя суткі. Гэта адно з самых сур’ёзных абвастрэньняў шматгадовага канфлікту ад першай паловы 1990-х гадоў.

Баку і Ерэван абвінавачваюць адзін аднаго ў пачатку абстрэлаў і далейшай эскаляцыі. У выніку баёў, распачатых раніцай 27 верасьня, дзясяткі чалавек загінулі, многія былі параненыя. Сярод забітых і пацярпелых — мірныя жыхары.

Абодва бакі канфлікту пацьвердзілі ў сераду, што абстрэлы вядуцца па некалькіх напрамках уздоўж лініі разьмежаваньня ў Карабаху.

Напярэдадні Ерэван і Баку абмяняліся абвінавачаньнямі ў абстрэлах сваіх тэрыторый — Вардэніскага раёну Армэніі і Дашкесанскага раёну Азэрбайджану. Армянскія ўлады таксама заявілі, што турэцкі зьнішчальнік F-16 зьбіў армянскі штурмавік Су-25. Яго пілёт загінуў.

Прэс-сакратар Мінабароны Армэніі Шушан Сьцепаньян заявіла ў сераду, што Азэрбайджан перадаў кіраваньне паветранай наступальнай апэрацыяй супраць Нагорнага Карабаху Вайскова-паветраным сілам Турэччыны.

Афіцыйная Анкара адпрэчыла абвінавачваньні ў тым, што Турэччына зьбіла армянскі самалёт. А Азэрбайджан сьцьвярджае, што «азэрбайджанскі бок ня мае зьнішчальнікаў F-16 і не выкарыстоўвае іх у баявых дзеяньнях».

Пры гэтым пасьля актывізацыі баявых дзеяньняў у Карабаху турэцкія ўлады заявілі пра поўную падтрымку Баку. Паводле словаў міністра замежных спраў Турэччыны Мэўлюта Чавушаглу, Анкара зробіць усё неабходнае, калі Азэрбайджан папросіць аб дапамозе ў канфлікце.

Эскаляцыя ў Карабаху выклікала занепакоенасьць з нагоды ўмяшаньня ў сытуацыю ня толькі Турэччыны, але і Расеі — саюзьніка Армэніі па АДКБ (Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы). Расейскія ўлады заклікалі Турэччыну ўстрымацца ад заяваў аб падтрымцы азэрбайджанскага боку.

Члены Рады Бясьпекі ААН па выніках абмеркаваньня сытуацыі на экстранай нарадзе ў аўторак асудзілі прымяненьне сілы ў Нагорным Карабаху і падтрымалі заклік Генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша неадкладна спыніць агонь і вярнуцца да перамоваў.

Аднак і Азэрбайджан, і Армэнія абвінавачваюць адзін аднаго ў перашкодзе мірнаму працэсу. «Армянскі прэм’ер-міністар публічна заявіў, што Карабах — гэта частка Армэніі. Кропка. У гэтым выпадку пра якія перамовы можна казаць?» — заявіў у эфіры тэлеканалу «Расея-1» прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

Кіраўнік армянскага ўраду Нікол Пашыньян сказаў на гэта, што Азэрбайджан павінен неадкладна спыніць «агрэсію ў дачыненьні да Нагорнага Карабаху і Армэніі», падкрэсьліўшы, што ў ягонай краіне падзеі ўспрымаюць як «экзыстэнцыяльную пагрозу для армянскага народу».

Канфлікт вакол Нагорнага Карабаху, населенага пераважна армянамі, які абвясьціў аб незалежнасьці ад Азэрбайджану ў 1991 годзе, працягваецца з савецкіх часоў. Да замірэньня ў 1994 годзе ахвярамі збройнага супрацьстаяньня сталі каля 30 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG