Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі Армэнію і Азэрбайджан спыніць баявыя дзеяньні

абноўлена

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выказаў занепакоенасьць буйнамаштабнымі баявымі дзеяньнямі ўздоўж лініі разьмежаваньня ў зоне канфлікту ў Нагорным Карабаху, якія прывялі да істотных страт, у тым ліку сярод мірных жыхароў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту.

У заяве паведамляецца, што намесьнік дзяржсакратара Стывэн Бігэн патэлефанаваў міністру замежных спраў Азэрбайджану Джэйхуну Байрамаву і міністру замежных спраў Армэніі Зарабу Мнацаканяну і заклікаў абодва бакі да неадкладнага спыненьня баявых дзеяньняў і выкарыстаньні дзейных каналаў сувязі паміж імі для прадухіленьня далейшай эскаляцыі.

27 верасьня азэрбайджанскае камандаваньне заявіла аб пачатку наступу па ўсёй лініі судакрананьня ў Нагорным Карабаху — як сьцьвярджаецца, у адказ на абстрэлы. Увесь дзень працягваліся актыўныя баявыя дзеяньні.

Ерэван і Баку ўвялі ваеннае становішча ў сваіх краінах. Армэнія абвясьціла ўсеагульную мабілізацыю, а Азэрбайджан – частковую.

Міністэрства абароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі апублікавала 28 верасьня імёны 15 загінулых вайскоўцаў у зоне канфлікту, у дадатак да 16, апублікаваных напярэдадні.

У Міністэрстве абароны Армэніі заявілі, што страты азэрбайджанскага боку склалі да 200 вайскоўцаў. Азэрбайджан пра свае страты пакуль не паведамляў, але заявіў, што ў Нагорным Карабаху загінулі больш чым 550 армянскіх вайскоўцаў. Прадстаўнік Міністэрства абароны Армэніі зьняпраўдзіў гэтую лічбу.

Азэрбайджан не кантралюе населены пераважна армянамі Нагорны Карабах, а таксама шэраг прылеглых да яго раёнаў, з пачатку 1990-х гадоў. З 1994 году канфлікт быў фактычна замарожаны, аднак апошнім часам рэжым спыненьня агню парушаўся даволі часта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG