Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія СМІ паведамілі пра сотні сырыйскіх наймітаў, якія ваююць у Карабаху


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Некалькі сотняў наймітаў з падкантрольнай Турэччыне тэрыторыі Сырыі прыбылі ў Азэрбайджан і былі перапраўленыя да зоны сутыкненьня зь некантраляванымі Баку тэрыторыямі Нагорнага Карабаху.

Яны ўжо ўдзельнічалі ў баях з армянскай арміяй і панесьлі першыя страты. Пра гэта арабскай рэдакцыі брытанскай мэдыякарпарацыі BBC расказаў адзін зь іх.

Крыніца турэцкай рэдакцыі паведаміла аб прыкладна тысячах завербаваных. Раней аб прысутнасьці наймітаў у зоне канфлікту паведамлялі расейскія крыніцы. Баку гэта адмаўляе.

Паводле крыніцы арабскай рэдакцыі ВВС, для перакіданьня ў Азэрбайджан завэрбавалі некалькі сотняў мужчын ва ўзросьце ад 17 да 30 гадоў, якія жывуць на поўначы Сырыі. Гэтыя тэрыторыі кантралююцца памяркоўнай апазыцыяй Башару Асаду, пратурэцкімі фармаваньнямі і Турэччынай.

У мінулую сераду, за чатыры дні да пачатку баёў, яны былі перапраўленыя самалётамі ў Азэрбайджан і раскватараваныя блізу лініі супрацьстаяньня ля Карабаху. Паводле крыніцы, ужо 27 верасьня яго і яго калег вывезьлі да перадавой, дзе яны трапілі пад агонь і панесьлі страты. На базе, дзе яны разьмешчаныя, крыніца бачыла целы дзесяцёх землякоў і каля сямідзесяці параненых. Канал адзначае, што журналістам не ўдалося праверыць яго расказ.

Інтэрвію з сырыйскімі баевікамі, завэрбаванымі для ўдзелу ў канфлікце на баку Азэрбайджану, выпусьціла брытанская газэта Guardian. Інтэрвію з адным з завэрбаваных сырыйцаў выпусьціла Times. Аб удзеле туркамоўных наймітаў у канфлікце паведаміў расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў і францускі часопіс L’Express.

Баку адмаўляе ўдзел у зоне канфлікту наймітаў з боку Азэрбайджану. У камэнтары МЗС краіны гаворыцца, што замежнікі ваююць з армянскага боку. Незалежных пацьверджаньняў гэтых абвінавачаньняў няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG