Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіўна, што за драпіну на калене даюць тры гады калёніі», — жонка асуджанага за супраціў міліцыі


Павал Пяскоў у судзе
Павал Пяскоў у судзе

У Маладэчне асудзілі двух гараджан, Уладзіслава Еўсьцігнеева і Паўла Пяскова.

Абодва асуджаныя ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 19 чэрвеня. Тады адзін з амапаўцаў дастаў пісталет. Хлопцаў пакаралі за тое, што яны супраціўляліся сілавікам, калі спрабавалі адбіць аднаго з затрыманых.

Уладзіслава Еўсьцігнеева, які прызнаў віну, пакаралі трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, а Паўлу Пяскову, які прызнаў віну часткова, прысудзілі 3 гады і 3 месяцы ў калёніі агульнага рэжыму.

Жонка Паўла Пяскова Вераніка расказала Свабодзе, што яе муж зьбіраецца абскардзіць прысуд.

«Не магло такога быць, каб Павал нанёс нейкія пашкоджаньні супрацоўніку, гэта не даказана. Супрацоўнік ужо ляжаў на зямлі, і ў яго толькі лёгкая абдзірына калена і парваныя нагавіцы. Але калі Паша падышоў, каб яго падняць і вырашыць гэты канфлікт, супрацоўнік зваліўся ўжо ад дзеяньняў другога чалавека, які цяпер у вышуку. Але ўсё роўна сказалі, што Павал вінаваты. І наогул дзіўна, што за драпіну на калене даюць тры гады калёніі. Яны б’юць людзей, гвалцяць, дык гэта добра. А тут за драпінкі тры гады».

Паводле Веранікі, на трэцім пасяджэньні 18 верасьня Паўла затрымалі ў залі суду на хадайніцтва пракурора, яму памянялі хатні арышт на ўзяцьце пад варту, нібыта ад таго, што Павал хацеў зьехаць з краіны, каб пазьбегнуць пакараньня.

«Павал прызнаў на судзе, што там прысутнічаў, але тое, што нанёс нейкія траўмы супрацоўніку, не прызнаваў. Ён адмовіўся ад апошняга слова, бо ня верыць суду, казаў, што суд у нашай краіне — гэта цырк».

У Паўла ёсьць 85-гадовая бабуля, якую ён даглядае, і 6-гадовае дзіця, але гэта не паўплывала на зьмякчэньне прысуду. Судзьдзя прызначыла столькі, колькі прасіў пракурор. У пятніцу Паўла перавязуць у Жодзіна.

Падчас сутычкі на «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня ў цэнтры Маладэчна ў руцэ ў аднаго зь сілавікоў заўважылі прадмет, падобны на пісталет. У МУС тады тлумачылі, што зброя, як мяркуецца, выпала з кабуры, пасьля чаго сілавік вярнуў яе на месца.

Праваабаронцы ўжо паведамілі, што гатовыя прызнаць Еўсьцігнеева і Палякова палітзьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG