Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стралялі на паражэньне». Сьведка гібелі Тарайкоўскага зьехаў ва Ўкраіну і расказаў, як гэта было


Момант, калі ў Аляксандра Тарайкоўскага трапіла куля

Вячаслаў Смольскі, архітэктар-дызайнэр, вымушаны быў зьехаць ва Ўкраіну пасьля таго, як зьвярнуўся ў штаб Віктара Бабарыкі з прапановай выступіць сьведкай абвінавачаньня супраць сілавікоў у справе аб забойстве Аляксандра Тарайкоўскага.

Вячаслаў сам апынуўся ў небясьпецы, калі падчас ператрусу ў памяшканьні штабу Віктара Бабарыкі забралі кампутары, у якіх, хутчэй за ўсё, знаходзілася ягонае ліставаньне зь юрыстамі штабу. А неўзабаве пасьля гэтага нехта ўзламаў замок у ягонай кватэры, паведаміў Свабодзе Смольскі, ужо знаходзячыся ў Кіеве:

«Я ня ведаю, хто гэта быў — зладзеі звычайныя ці ліхадзеі ў пагонах. На той момант я ўжо хаваўся».

Вячаслаў Смольскі на акцыі салідарнасьці каля беларускай амбасады ў Кіеве
Вячаслаў Смольскі на акцыі салідарнасьці каля беларускай амбасады ў Кіеве

Ва Ўкраіну ён пераехаў 17 верасьня, калі ўкраінская ўлада закрыла межы ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Ён кажа, што пры перасячэньні беларускай мяжы памежнікі паўгадзіны вывучалі ягоны пашпарт, але ўсё ж дазволілі выехаць.

«Гэта быў дадатковы страх і стрэс», — прызнаецца ён.

У Менску ў Смольскага засталіся нявеста і хворыя бацькі. Бацька перанёс чатыры інсульты, а маці — анкалягічную апэрацыю.

Як загінуў Тарайкоўскі. Сьведчыць Вячаслаў Смольскі

Сёньня ў Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Кіеве Вячаслаў Смольскі расказаў, як застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага:

«9 жніўня ў раёне Кальварыйскай сілы спэцыяльнага рэагаваньня — АМАП, „Алмаз“ і іншыя — стралялі ў людзей траўматычнымі кулямі, а ў раёне стэлы былі выбухі сьвятлашумавых гранат. Але, нягледзячы на гэта, людзі выйшлі і 10 жніўня.

Наша калёна рухалася з боку мэтро «Пушкінская». У раёне моста на Кальварыйскай мы даведаліся, што па другі бок нас чакае „Алмаз“ — гэта войскі спэцыяльнага рэагаваньня. Тактычнай памылкай было б ісьці на мост, і мы разьвярнуліся і зноўку пайшлі на Пушкінскую. Там нас сабралася прыкладна тры тысячы чалавек. Людзі стаялі на скрыжаваньні праспэкта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, усярэдзіне кола, са сьцягамі, скандавалі. Кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў зрабілі затор, каб сілавікі не змаглі праехаць. Аднак „Алмаз“ і, як потым пісалі СМІ, спэцпрызначэнцы КДБ прыйшлі да нас па ходніку, з боку вуліцы Кальварыйскай.

У адзін момант я пабачыў, што побач са мной засталося 20 чалавек — людзі пабеглі, пачалася паніка, кіроўцы пачалі зьяжджаць. А пасьля лёзунгу „Міліцыя з народам“ сілавікі пачалі выкарыстоўваць сьвятлашумавыя гранаты.

У нейкі момант я пачаў здымаць відэа. Не разумею, чаму, але яно стала вельмі важным. Паперадзе мяне быў Тарайкоўскі, які ішоў у шортах, у майцы, з пустымі рукамі — і гэта добра відаць на відэа. Гэта пацьвярджае, што вэрсія МУС, быццам ён падарваўся на самаробнай выбуховай прыладзе, якую нёс у бок сілавікоў, — нахабная хлусьня і спроба ўтаіць злачынства супраць чалавечнасьці.

Сілавікі былі ў поўнай бясьпецы — яны былі ў бронекамізэльках, у форме, са зброяй. Супраць іх стаялі людзі, большасьць якіх былі ў шортах і майках; людзі, якія спрабавалі адстаяць свой голас.

Нягледзячы на гэта, сілавікі выконвалі загад і іхнай мэтай было страляць на паражэньне і любымі сродкамі задушыць пратэст. Аляксандар, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі ўгору, і ў гэты момант паўзь яго праляцела сьвятлашумавая граната, якая ляцела яму ў жывот, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два мэтры ўперад, у яго стрэлілі, пасьля чаго ён пачаў хіліцца і падаць, і, як ужо відаць зь іншага відэа, у яго быў яшчэ адзін стрэл, зь іншага боку.

У гэты ж момант хлопец, які стаяў перада мной, узьняў рукі ўгору, бо ў яго прыляцела сьвятлашумавая граната, якая сваім выбухам адарвала яму ступню. Людзі аднесьлі яго на прыпынак, пасадзілі ў „хуткую“, але цяпер ягоны лёс невядомы — ён ня трапіў ні ў якія зводкі праваабаронцаў, ні ў СМІ.

Другога хлопца мае сябры пасадзілі ў прыватную машыну. Пра яго потым былі навіны пра тое, што яму ампутавалі ступню ад сьвятлашумавой гранаты.

Кіроўца аўтобуса атрымаў раненьне ў сьпіну, і як сказалі потым мэдыкі, у яго былі відаць унутраныя органы.

У гэтую ноч я забраў з вуліцы каля 10 чалавек дадому. Мы сачылі за навінамі праз проксі, vpn, бо ў Беларусі быў заблякаваны інтэрнэт.

У Беларусі няма свабоды слова. У Беларусі, папраўдзе, ужо няма нічога, апроч народу, моцнага народу, які ўжо не запужаць, які перастаў баяцца. Беларусь ніколі не была настолькі адзінай, людзі выходзяць на вуліцы і спрабуюць адстаяць свой голас, хочуць стварыць сумленную дзяржаву: без прадажных судзьдзяў, пракурораў, бяз жорсткасьці, якую чыняць супраць іх. І я веру, што мы зможам гэта зрабіць», сказаў Вячаслаў Смольскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG