Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцу муралу на «плошчы Перамен» прызналі палітвязьнем


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Сьцяпана Латыпава палітычным зьняволеным, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна». Агулам у сьпісе праваабаронцаў ужо больш за 70 палітвязьняў.

Праваабаронцы ў заяве прыводзяць факты, якія сьведчаць пра палітычна матываваны характары крымінальнай справы супраць Сьцяпана Латыпава і патрабуюць неадкладна вызваліць яго з-пад варты і спыніць ягоны крымінальны перасьлед.

Жыхара менскай «плошчы Перамен» (двара па Сморгаўскім тракце, 1) Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля знакамітага муралу з «дыджэямі перамен». Яго схапілі, калі ён абараняў будку з выявай дыджэяў ад сілавікоў, якія чарговым разам сабраліся зьнішчыць малюнак. На просьбу назвацца невядомыя ў цывільным і ў масках яго затрымалі.

Пасьля дзьверы ў кватэру ўзламалі, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карты і наяўныя грошы. Калі Сьцяпана выводзілі з пад’езду, суседзі крычалі «Ганьба».

Адвакат Ільля Пярхальскі паведаміў, што на Латыпава завялі справу паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).

Пазьней дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што Сьцяпан Латыпаў, жыхар знакамітага менскага двара, дзе на трансфарматарнай будцы мурал з «дыджэямі перамен», меў намер выкарыстоўваць атрутныя рэчывы супраць міліцыі. Нібыта гэта вынікае з тэлефоннай размовы Латыпава зь сябрам, паведаміў зьмененым голасам апэратыўны супрацоўнік. У тэлеэфіры паказалі і карцінку: каністры з хімрэактывамі, бітоны зь нейкай вадкасьцю.

У тым, што на складзе прадпрыемства Латыпава знаходзяцца хімічныя рэактывы, няма нічога дзіўнага, бо ён мае рэдкую для Беларусі прафэсію арбарыста, а таксама займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку і шкодных вусеняў няпарнага шаўкапрада.

«Я некалькі разоў перагледзеў сюжэт на сайце БТ. Паказвалі каністры з рэактывамі, бітоны. Чамусьці некалькі разоў буйным плянам засяродзілі ўвагу на каністру з гіпахлярытам натрыю. Але гэта цалкам бясьпечны рэагент, які цяпер выкарыстоўваецца замест хлёркі для абеззаражваньня вады, прымяняецца для дэзынфэкцыі. Сінія каністры падобныя да гербіцыду руандапу, які выкарыстоўваецца для зьнішчэньня баршчэўніку» — сказаў Свабодзе калега Латыпава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG