Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кармавая база Лукашэнкі». Пагутарылі з камандай Blacklist 2020, якая стварыла «чорны сьпіс» беларускіх брэндаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Больш за 200 беларускіх брэндаў трапілі ў «чорны сьпіс» каманды Blacklist 2020. Яго стваральнікі заклікаюць да эканамічнага супраціву рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі сумленнага бізнэсу.

У інтэрвію Свабодзе прадстаўнік групы Blacklist 2020 расказаў, хто і чаму трапіў у гэты сьпіс, а таксама — ці мае такая ініцыятыва за мэту каляпс беларускай эканомікі.

«Чорны сьпіс» працуе ў форме простага сайта ў інтэрнэце. Па катэгорыях бізнэсу пералічваюцца кампаніі і бізнэсоўцы, якія, паводле групы Blacklist 2020, зьяўляюцца «кармавой базай Лукашэнкі». Там жа прыводзіцца прычына ўнясеньня ў сьпіс.

«А што рабіць, калі ўлада нелегітымная?! Мы ня маем ніводнай сапраўды выбарнай пасады: ад прэзыдэнта да старшыні сельсавету. То бок рэжым у краіне інакш як акупацыйным назваць нельга. Найбольш эфэктыўны і бясьпечны шлях супраціву, на нашу думку, — грамадзкае непадпарадкаваньне. Байкот дзяржаўнай прадукцыі — адзін зь яго элемэнтаў», — расказвае Свабодзе Генадзь, удзельнік каманды Blacklist 2020.

Па якіх прыкметах брэнды трапляюць у сьпіс

  • Найперш па форме дзяржаўнай уласнасьці. Тое ж самае і ў выпадку, калі ўласьнік афіліяваны зь дзяржавай. Таму, напрыклад, у сьпіс трапілі бізнэсы набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцаў Аляксандра Машэнскага ці Аляксея Алексіна.
  • Blacklist 2020 зьвяртае таксама ўвагу на публічныя паводзіны ўласьнікаў — падтрымку ўлады.
  • У сьпіс трапляюць кампаніі, якія супрацоўнічаюць, ці супрацоўнічалі зь сілавымі структурамі.

На пытаньне, дзе гарантыя, што ў «чорны сьпіс» нехта ня трапіць праз памылку, Генадзь адказвае, што для гэтага прымаецца шэраг мераў.

«Самы галоўны пункт: мы фармуем сьпіс прынцыпова публічна. Мы не выдаляем камэнтары і пазначаем прычыны даданьня. Больш за тое, мы вядзем і асобны сьпіс кампаній, якія мы выдалілі са сьпісу з той ці іншай прычыны».

У каманды ёсьць невялікая група мадэратараў, якія адказваюць на запыты карыстальнікаў, у тым ліку і ўласьнікаў бізнэсу. У спрэчных сытуацыях сьпіс мадыфікуецца.

«Для нас камплімэнтам стала блякаваньне сайта дзяржавай. Гэта сапраўды натхняе»

— Чаму проста прыналежнасьць да дзяржаўнай формы ўласнасьці для вас прыкмета падтрымкі рэжыму? Чым правінілася, напрыклад, «Белфармацыя»? Як павінны лячыцца хворыя?

— Мы проста даем магчымасьць карыстальнікам падыходзіць да свайго спажываньня сьвядома з гледзішча супрацоўніцтва зь дзяржавай. Калі для кагосьці крытычна набываць лекі менавіта ў дзяржаўных фармацыях, ён вольны рабіць гэта. Наша мэта — даць максымум інфармацыі. Канчатковы выбар, вядома ж, за карыстальнікам.

— А чаму, на вашую думку, за пазыцыю кіраўніцтва павінны адказваць рабочыя, сярод якіх, магчыма, шмат апанэнтаў улады?

— Мы разумеем, што трэба надзвычайная сьмеласьць, каб пратэставаць, працуючы на дзяржпрадпрыемстве. Таму мы выдаляем усе ўстановы, супрацоўнікі якіх публічна выступілі супраць Лукашэнкі. Напрыклад, Менскі малочны завод № 1 ці ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод».

— Вы прапануеце дасылаць карыстальнікам назвы іншых кампаній. А дзе гарантыя, што гэта несумленныя бізнэсоўцы ня хочуць так зьнішчыць канкурэнтаў? Ці ў стане вы ўсё гэта праверыць?

— Мы маем валянтэра, у якога ёсьць доступ да базы, па якой можна адсачыць уласьнікаў. Мы дадаем новыя кампаніі толькі пасьля папярэдняй праверкі. Нам усё роўна, зь якой непасрэднай мэтай нам дасылаюць інфармацыю: калі ўстанова тым ці іншым шляхам падтрымлівае рэжым, мы дадамо яе.

— Ці ёсьць у вас зваротная сувязь ад кампаній з вашага сьпісу? Просьбы прыбраць нейкія назвы, напрыклад?

— Вельмі шмат, асабліва дробнага прыватнага бізнэсу. Мы нават зьдзівіліся ў першыя дні. Разглядаем кожную сытуацыю і заносім у асобны сьпіс выключаных кампаній. Вельмі часты выпадак — калі ўласьнік установы праўладны, а калектыў удзельнічае ў пратэстах. Калі ёсьць пацьверджаньне, мы часьцей за ўсё выдаляем іх.

Было вельмі эмацыйнае паведамленьне праз бот, дзе чалавек расказваў пра сытуацыю, калі ўласьнік прымушае сваіх супрацоўнікаў галасаваць датэрмінова. Калі мы папрасілі больш інфармацыі, ён удакладніў, што ён сын гэтага чалавека і што ў сям’і цэлая драма наконт жнівеньскіх падзей. Для нас гэта стала яскравым прыкладам глыбіні таго крызісу, які цяпер існуе ў краіне.

— Вы гатовыя прызнаць, што працуеце на карысьць эканамічнага каляпсу краіны?

— Мы лічым, што на карысьць каляпсу працуе рэжым. Для нас сытуацыя выглядае наступным чынам: ідзе неабвешчаная вайна паміж дзяржаўным сэктарам эканомікі і прыватным. Усе разумеюць, што менавіта дзяржаўная эканоміка ёсьць грунтам Лукашэнкі. Але ў апошнія гады яна ўсё болей фінансуецца за кошт прыватнага сэктару, які зьяўляецца драйвэрам эканамічнага росту ў краіне. Чым хутчэй сканаюць дзяржпрадпрыемствы, якія боўтаюцца на мяжы рэнтабэльнасьці, тым лепей будзе новай Беларусі. Для нас камплімэнтам стала блякаваньне сайта дзяржавай. Гэта сапраўды натхняе.

Паводле каманды Blacklist 2020, штодзённа сайт мае ад 1000 да 1500 наведнікаў. У бліжэйшы час плянуецца распрацаваць мабільны дадатак, каб больш ня мець праблем з блякаваньнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG