Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі, бо журналіст


Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч з 23 верасьня знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Яго падазраюць паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым па справе праходзіць намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў.

Хто такі Ягор Марціновіч

Ягор Марціновіч — галоўны рэдактар онлайн-выданьня «Наша ніва». Гэта пераемніца аднайменнай «першай беларускай газэты з рысункамі». З 1991-га па 2018 год «Наша ніва» выдавалася ў друкаваным выглядзе спачатку як штотыднёвік, пасьля як штомесячнік. Апошнія два гады рэдакцыя працуе выключна ў інтэрнэце. Гэта самы папулярны ў сьвеце беларускамоўны сайт.

Ягору Марціновічу 32 гады. «Гэта чалавек рэдкай сьмеласьці, выключнага прафэсіяналізму і ўзорнай сумленнасьці, напісаў шэф-рэдактар „Наша нівы“ Андрэй Дынько. — Менавіта таму ён у 30 гадоў узначаліў «Нашу ніву» і за пару гадоў вывеў наша выданьне на супэрвышыню».

Калі затрымалі рэдактара «Нашай нівы»

Раніцай 23 верасьня дадому да Ягора Марціновіча і яго жонкі Адар’і Гуштын, якая працуе журналісткай Tut.by, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС.

Вобшук праводзіўся ў рамках справы паводле артыкулу аб паклёпе. Пацярпелым праходзіць намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў. Пасьля завяршэньня вобшуку Марціновіча разам зь яго адвакатам павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт. З кватэры забралі ўсю лічбавую тэхніку, тэлефоны, флэшкі, пашпарты, сім-карты.

Гуштын паведамляла, што яе муж ужо даваў тлумачэньне аб сытуацыі з артыкулам пра Барсукова, 23 верасьня ён павінен быў паехаць на азнаямленьне з экспэртызай, але замест гэтага міліцыя прыехала да іх дадому.

У чым падазраюць Ягора Марціновіча

Ягор Марціновіча зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага паводле артыкула 188 КК (паклёп). Вінаватым у паклёпе можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі, сказаў Свабодзе адвакат Марціновіча Сяргей Іваноў.

17 жніўня «Наша ніва» апублікавала інтэрвію з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім сквэры Менску песьню Віктара Цоя «Перамен». Улад Сакалоўскі расказаў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго біў чалавек, падобны да намесьніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

У артыкуле адзначалася: на трэці дзень адбыцьця арышту ў карцар, дзе сядзеў Сакалоўскі, прыйшоў нейкі начальнік і ўдарыў яго два разы. «Пасьля выхаду Ўлад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесьніка Караева. Барсукоў прыяжджаў пад Акрэсьціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камэрах нікога ня б’юць і не катуюць», — пісала выданьне.

Аляксандар Барсукоў на Акрэсьціна, 14 жніўня
Аляксандар Барсукоў на Акрэсьціна, 14 жніўня

Улад Сакалоўскі зьехаў зь Беларусі, бо, паводле яго, атрымліваў пагрозы пасьля публікацыі таго інтэрвію.

Ці можна журналіста судзіць за паклёп?

Адвакат Сяргей Зікрацкі ўпэўнены, што справа супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спыненая, бо ў яго не было прамога намеру на паклёп.

«За паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказваньня думак і дзейнасьці мэдыя зыходзяць з таго, што адказнасьць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая. Калі былі распаўсюджаныя выказваньні, якія некага няславяць, то на мэдыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Але журналіст ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці», — напісаў Зікрацкі.

Аднак, адзначыў ён, у некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, яшчэ засталася крымінальная адказнасьць за паклёп. Паводле адваката, артыкул 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае, што адказнасьць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасьці прамога намеру. «Гэта азначае, што асоба ведае, што зьвесткі недакладныя, тым ня менш іх распаўсюджвае», — растлумачыў адвакат.

«Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, ня можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У сувязі з гэтым у журналіста ў абсалютнай большасьці выпадкаў ня можа быць прамога намеру на распаўсюд ілжывых выказваньняў», — заявіў Зікрацкі.

Супраць Марціновіча вядзецца і адміністрацыйны працэс? Яго ўжо затрымлівалі пасьля выбараў

25 верасьня Адар’я Гуштын паведаміла, што яе мужу прыйшла позва ў суд на 28 верасьня ў рамках адміністрацыйнага працэсу за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Адар’я Гуштын лічыць, што гэта можа быць справа па факце ягонага затрыманьня 11 жніўня, калі спэцназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, пабілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводзкага РУУС, а пасьля перавезьлі ў жодзінскую турму. Агулам ён быў у няволі 2 з паловай дні. Пасьля Ягора прывезьлі на машыне пад МУС на Гарадзкі вал, дзе ў прысутнасьці прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай перадалі жонцы і калегам.

Адарʼя нагадвае, што гэтая сытуацыя пасьля абмяркоўвалася на сустрэчы рэдактараў з прадстаўнікамі МУС і Міністэрства інфармацыі, Вольга Чамаданава публічна заяўляла, што яны разьбяруцца, хто і чаму выцягнуў журналіста з машыны, біў і трымаў на зямлі.

«Пра вынікі „разбору“ нічога невядома. Затрымаць Ягора ў адміністрацыйным парадку яшчэ раз у гэтай справе нельга, нагадаю, ён ужо адсядзеў 2,5 дня, і нават калі тады не аформілі пратакол затрыманьня, то ён быў зарэгістраваны ў Жодзіне, МУС давала шматлікія камэнтары пад запіс пра ягонае затрыманьне, зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было», — перакананая Адарʼя Гуштын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG