Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сацыяльна небясьпечнае становішча ў галовах чыноўнікаў». Ці могуць забраць дзяцей у пратэстоўцаў


Ілюстрацыйнае фота

За ўдзел у акцыях пратэсту жанчынам, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці, пачалі пагражаць, што паставяць на ўлік іхныя сем’і, бо яны нібыта ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Наколькі гэта законна і варта гэтага асьцерагацца?

Што такое сацыяльна небясьпечнае становішча?

Паводле закону, ёсьць тры асноўныя крытэры, калі становішча дзяцей можа быць прызнана сацыяльна небясьпечным. Тры ўмовы дакладна апісаныя ў пастанове Савету Міністраў ад 15 верасьня 2019 году № 22 «Аб прызнаньні дзяцей тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы».

  • Калі бацькі не задавальняюць асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (дзяцей ня кормяць, у сям’і дрэнныя жыльлёвыя ўмовы)
  • Калі бацькі не забясьпечваюць нагляду за паводзінамі дзяцей і яны ўчыняюць правапарушэньні ці злачынствы;
  • Калі бацькі вядуць амаральны лад жыцьця ці жорстка абыходзяцца зь дзецьмі.

Дзяржаўныя органы (упраўленьне адукацыі, камісія справаў непаўналетніх, выканкамы, школа, дзіцячы садок ды іншыя) выяўляюць такія сем’і, праводзяць сацыяльнае расьсьледаваньне, прымаюць пастанову, укладаюць плян захадаў, якія належыць правесьці зь сям’ёй, кантралююць іх выкананьне — працэдура падрабязна апісаная ў пастанове ўраду.

«У міліцыі мне тлумачылі, што праз такую „нядбайную маці“ будуць пакутаваць дзеці»

Алену першы раз затрымалі на «жаночым маршы» на пачатку верасьня, склалі пратакол паводле часткі 1 артыкулу 23.34. Увечары адпусьцілі, бо ў яе непаўналетнія дзеці. Празь некалькі дзён яшчэ раз забралі.

«У РУУС мне сказалі, што пасьля першага разу я не зразумела, што ня варта ходзіць на акцыі, таму адпраўляюць на Акрэсьціна. У міліцыі мне тлумачылі, што праз такую „нядбайную маці“ будуць пакутаваць дзеці. Там мяне пратрымалі да сярэдзіны наступнага дня. Быў суд, справу накіравалі на дапрацоўку, а мяне адпусьцілі. Фактычна суткі мяне не было дома.

Я параілася з адвакатам, мы абмеркавалі сытуацыю — законна мне нічога зрабіць ня могуць», — апавядае Алена.

Калі маці затрымалі на адны содні, двое дзяцей былі дома з бацькам і бабуляй, накормленыя, дагледжаныя. Сям’я жыве ў прыватным вялікім доме, абое бацькоў працуюць, займаюць высокія пасады, добра зарабляюць. Дзеці наведваюць спартовыя сэкцыі, гурткі — сям’я абсалютна нармальная, кажа жанчына.

Днямі ёй патэлефанавалі зь дзіцячага садку і запрасілі на размову. Папярэдзілі, што дзецям могуць надаць статус СНС — што яны знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

Загадчыца садку ведае нашу сям’ю, яна неяк усхвалявана апраўдвалася, маўляў, не разумее, якое дачыненьне СНС можа мець да нашай сям’і. Але яны мусяць рэагаваць і хацелі б адведаць нас. Абяцалі паказаць нейкія дакумэнты«, — апавяла Алена.

Свабода распытала пэдагога і псыхоляга Натальлю Пасьпелаву, як паводзіць сябе жанчынам у падобнай сытуацыі.

Натальля Пасьпелава — спэцыяліст у сямейных праблемах і ўладкаваньні сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. 28 гадоў працавала ў органах аховы дзяцінства Беларусі, зь іх 12 — дырэктарам Нацыянальнага цэнтру ўсынаўлення. Аўтарка больш як 150 мэтадычных і публіцыстычных тэкстаў.

«Заклікаю ўсіх бацькоў: перастаньце баяцца рэпутацыйных рызыкаў»

Натальля Пасьпелава кажа, што ў яе таксама разрываецца тэлефон: жанчыны вельмі напалоханыя, што ім пагражаюць статусам СНС.

Яна расказала сваю, «сьвежую» гісторыю. Дзень таму ёй патэлефанавала жанчына, якая працуе загадчыцай вытворчасьці ў вельмі прыстойнай рэстарацыі: ёй таксама пагражалі статусам СНС, намякалі, што ў яе будуць непрыемнасьці.

«Так, яна разьведзеная з мужам, але гэта не падстава для СНС. Дзеці дагледжаныя, разьвітыя, матываваныя да вучобы, займаюцца ў розных гуртках, сэкцыях, пераможцы алімпіядаў. У сям’і цудоўныя жыльлёвыя ўмовы. Але жанчына была вельмі ўсхваляваная, яе калаціла ад аднаго словазлучэньня «сацыяльна небясьпечнае становішча».

Я «вылечыла» гэту пасьпяховую бізнэс-лэдзі: «Ачуняй, перастань думаць, што ўсім да цябе ёсьць справа. Я як пэдагог і псыхоляг вельмі добра разумею, як цяжка, калі пляжаць тваю сям’ю, пагатоў беспадстаўна. Гэта агідна, крыўдна, балюча. Але заклікаю ўсіх бацькоў: перастаньце баяцца гэтых рэпутацыйных рызыкаў», — перакананая Натальля Пасьпелава.

Тое, што мама не начавала дома, некалькі дзён правяла на Акрэсьціна, нічога не азначае, лічыць Натальля Пасьпелава. Дзяцей маглі даглядаць бацька, старэйшая сястра, бабуля. Рызыкаў для дзіцяці няма. «Аргумэнт, што на час адсутнасьці маці ня быў прызначаны апякун, — таксама беспадстаўны. Апека прызначаецца пры адсутнасьці бацькоў цягам паўгода і больш.

Але нельга так глуміцца зь людзей. Разьбірайцеся вы з дарослымі. А як яшчэ ўкалоць дарослага чалавека? Толькі дзецьмі і бацькамі. Затрымалі жанчыну на акцыі, карайце, калі лічыце, што гэта законна. Але пры чым тут дзеці? Чаго вы чэпіцеся да іх? Яны што — былі адны дома, не накормленыя? Няма ніякіх падставаў для СНС. Сацыяльна небясьпечнае становішча ў галовах чыноўнікаў, якія спрабуюць заклікаць бацькоў да адказу. У чым пагроза дзецям? Што ў мамы ёсьць перакананьні і пазыцыя? Гэта палітызаванае СНС», — тлумачыць пэдагог і псыхоляг.

«Бацькі, пакажыце сваім дзецям, што вы з гонарам, годнасьцю, прыстойна, спакойна можаце вытрымаць усе гэтыя пагрозы»

Як сябе паводзіць, што рабіць, калі сям’і пагражаюць статусам СНС? Калі вас запрашаюць у дзіцячы сад ці школу — варта туды схадзіць, кажа Натальля Пасьпелава.

«Але адразу папярэдзьце, што размаўляць будзеце толькі пра дзяцей і ні пра што іншае: ні пра свой вольны час, ні пра спосабы свайго волевыяўленьня, ні пра свае палітычныя, рэлігійныя, сьвецкія, дызайнэрскія ды іншыя погляды. Вы прыйшлі ва ўстанову адукацыі і будзеце гаварыць толькі пра дзяцей. Вось пра іх і кажыце», — раіць пэдагог і псыхоляг.

Калі чыноўнікі прыходзяць у дом без запрашэньня ці з такой нагоды, гэта прынамсі непрыемна. «Да цябе дадому прыходзіць негуманная, рэпрэсіўная, карная пэдагогіка. І ты нават ня можаш свае фанэрныя дзьверы прыкрыць і застацца сам-насам са сваёй сям’ёй і парадкамі.

Я прапаную, па-першае, не злавацца. Бацькі, пакажыце сваім дзецям, што вы з гонарам, годнасьцю, прыстойна, спакойна, рацыянальна, лягічна, зь цьвярозым розумам можаце вытрымаць вось гэтыя нават не плескачы, а шчыпкі. Па-другое, бацькі яшчэ павінны думаць, як іхныя словы адаб’юцца на дзецях. Безь дзяцей, здаецца, і тое сказаў бы, і інакш павёў бы сябе. Але побач дзеці, таму давядзецца сябе стрымліваць», — кажа Натальля Пасьпелава.

«Людзі добрыя, ня так страшнае СНС, як яго малююць!»

Натальля Пасьпелава кажа, што ня варта моцна перажываць, калі сям’і пагражаюць СНС. Для чыноўнікаў, якія мусяць «адпрацаваць» зь сям’ёй, гэта таксама галаўны боль.

«Людзі добрыя, ня так страшнае СНС, як яго малююць! СНС. Няхай пакутуюць тыя, хто яго прыдумаў. Няхай яны турбуюцца, што з табой паўгода рабіць, якія для цябе прыдумаць мерапрыемствы.

Са мной раяцца былыя калегі-спэцыялісты, пытаюць мяне: „А што напісаць? Бацькі не бяруць чарку, яны прыстойныя, яны на акцыі толькі стаялі і пляскалі ў ладкі. Як мне напісаць?“

Сыстэма разумее: людзей палохаюць статусам СНС, а гэта ж трэба абгрунтаваць паводле пастановы, шматлікіх палажэньняў. Трэба прыдумаць „мерапрыемствы для выпраўленьня сытуацыі, у якой знаходзяцца дзеці“. Што напісаць пасьпяховай жанчыне, у якой дзеці гадуюцца ў цудоўных умовах? Што ёй трэба „дапрацаваць?“ Няхай яны выдумляюць, што з табой паўгода рабіць», — разважае Натальля Пасьпелава.

На думку Натальлі Пасьпелавай, сыстэма абараняецца — усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі. Скардзіцца, пісаць у пракуратуру — бессэнсоўна, гэта ж пракуратура і дала згоду.

«Я перакананая: у гэтым „ашчэры“ даказаць немагчыма нічога. Калі вы гуляеце на вуліцы і вас можна беспадстаўна затрымаць і асудзіць, чаму вы лічыце, што стасоўна вашых дзяцей будзе панаваць законнасьць і пастанова ўраду № 22? Абвесьціў жа новы генэральны пракурор, што „часам не да закону“.

Сыстэма будзе гэта рабіць, яна будзе пагражаць статусам СНС. Хачу сказаць бацькам: расслабцеся!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG